Дачка загінулага Генадзя Шутава абскардзіла прысуд Брэсцкага аблсуда

Дачка загінулага Генадзя Шутава абскардзіла прысуд Брэсцкага абласнога суда, які прызнаў яе бацьку вінаватым у супраціве ваеннаслужачаму, паведамляе TUT.BY са спасылкай на БелаПАН.
Нагадаем, увечары 11 жніўня 2020 года ў Брэсце падчас разгону акцыі пратэсту Шутаў атрымаў агнястрэльнае раненне ў галаву. 13 жніўня ён у цяжкім стане быў пераведзены з Брэсцкай абласной бальніцы ў шпіталь Міністэрства абароны ў Мінску, дзе 19 жніўня памёр. Следчы камітэт і пракуратура адмовілі сваякам Шутава ва ўзбуджэнні крымінальнай справы па факце яго смерці.

Шутаў, а таксама яго знаёмы Аляксандр Кардзюкоў сталі фігурантамі справы, распачатай па ч. 2 арт. 363 КК («Супраціў супрацоўніку органаў унутраных спраў або іншай асобе, якая ахоўвае грамадскі парадак»). Акрамя таго, Кардзюкоў быў абвінавачаны па ч. 1 арт. 14 і п. 10 ч. 2 арт. 139 КК («Замах на забойства»).

Сваякі Шутава не пагадзіліся з прапановай спыніць у дачыненні да яго крымінальную справу ў сувязі са смерцю, бо хацелі, каб суд вынес яму апраўдальны прысуд.

Абласны суд прызнаў Шутава вінаватым і вынес яму прысуд без прызначэння пакарання. Кардзюкоў атрымаў 10 гадоў пазбаўлення волі.

Паводле версіі абвінавачвання, вечарам 11 жніўня ў Брэсце Шутаў і Кардзюкоў у гаражы выпілі спіртное, пасля чаго пайшлі на вуліцу Маскоўскую. У Кардзюкова пры сабе быў кавалак металічнай трубы. На пляцоўцы каля дома на вуліцы Маскоўскай у іх адбыўся канфлікт з двума вайскоўцамі, якія ахоўвалі грамадскі парадак.

Кардзюкоў ударыў аднаго з іх металічнай трубой па галаве, прычыніўшы лёгкія цялесныя пашкоджанні. Затым у гэтага вайскоўца адбылася бойка з Шутавым, падчас якой вайсковец, імкнучыся абясшкодзіць апанента, стрэліў яму ў вобласць левага перадплечча, але патрапіў у патыліцу.

Гэтыя двое вайскоўцаў былі прызнаныя пацярпелымі і на судовым пасяджэнні падтрымалі прад'яўленае фігурантам справы абвінавачанне.

Кардзюкоў віны не прызнаў. У судзе ён заявіў, што разам з Шутавым падышоў да ваеннаслужачых, якіх яны прынялі за звычайных мінакоў, бо тыя былі ў цывільным адзенні, і пацікавіўся тым, што адбываецца. Вайскоўцы не назваліся, службовыя пасведчанні не паказалі. Пасля таго, як адзін з гэтых людзей штурхнуў Кардзюкова, той, падаючы, ударыў яго трубой па назе. На гэта мужчыны дасталі пісталеты, і адзін закрычаў: «Пысай у падлогу! Уроды, завалю!» Кардюкоў уцёк, бо баяўся за сваё жыццё.

Аляксандр Кардзюкоў. Фота Рамана Кісляка

Аляксандр Кардзюкоў. Фота Рамана Кісляка


Як паведаміў БелаПАН праваабаронца Раман Кісляк, дачка Шутава Анастасія Баранчук, якая прадстаўляла ў абласным судзе інтарэсы бацькі, не пагадзілася з прысудам і накіравала апеляцыйную скаргу ў Вярхоўны суд.

У скарзе Баранчук піша, што лічыць прысуд абласнога суда незаконным і неабгрунтаваным: на судовым пасяджэнні не было прадстаўлена доказаў для прызнання вінаватым яе бацькі. Дачка Шутава сцвярджае, што яе бацька не здзяйсняў злачынства, за якое асуджаны, высновы суда ў прысудзе не адпавядаюць абставінам крымінальнай справы.

«Дачка Шутава заяўляе, што, на яе думку, вайскоўцы злоўжылі службовымі паўнамоцтвамі, паводзілі сябе неапраўдана агрэсіўна і неправамерна ўжылі зброю, — сказаў Кісляк. — Відэазапіс з камеры назірання двара, у якім адбыўся канфлікт, не пацвярджае нападу Кардзюкова і Шутава на гэтых ваеннаслужачых і наогул якой-небудзь барацьбы з імі».

Баранчук упэўненая, што на лаве абвінавачаных павінны быць вайскоўцы, і просіць Вярхоўны суд адмяніць прысуд Брэсцкага аблсуда ў дачыненні да яе бацькі і Аляксандра Кардзюкова і накіраваць крымінальную справу на новы судовы разгляд.

«Наколькі мне вядома, абарона Кардзюкова таксама абскардзіла прысуд аблсуда ў апеляцыйным парадку», — адзначыў праваабаронца.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: