ДАІ — абаронцам Курапатаў: «Праводзіўся маніторынг з радарамі, парушэнняў не выяўлена»

Фактычна штодня цягам месяца пратэстаў абаронцы мемарыяла  Курапаты падыходзілі да супрацоўнікаў ДАІ з просьбамі спыніць парушэнні хуткаснага рэжыму наведвальнікамі рэстарацыі «Поедем поедим».
Яны звярталі ўвагу супрацоўнікаў, што аматары адпачыць у рэстарацыі едуць вельмі хутка, не зважаючы на знак абмежавання хуткаснага рэжыму 5 км. Пратэстоўцы даводзілі, што гэтыя людзі выкарыстоўваюць свае машыны як зброю, дзейнічаюць як тэрарысты, наўмысна таранячы машынай натоўп абаронцаў мемарыяла. Абаронцы казалі, што бяздзейнасць ДАІ і мілцыі прывядзе да бяды, што і здарылася: адбыўся чарговы наезд на пратэстоўцаў, у выніку якога грамадскаму актывісту Леаніду Кулакову зламалі руку.

На ўдзельнікаў пратэсту супрацоўнікі ДАІ ўвесь час мэтанакіравана складалі пратаколы, а тых, хто парушае хуткасны рэжым, адпускалі, тлумачачы гэта адсутнасцю прыбора вымярэння хуткаснага рэжыму.
Каардынатар ініцыятывы «За ўратаванне мемарыяла Курапаты» Ганна Шапуцька звярнулася да УДАІ УУС Мінскага аблвыканкама з просьбай правесці маніторынг хуткаснага рэжыму і выдаць супрацоўнікам ДАІ прыборы вымярэння хуткасці, спыніць аматараў наезду на людзей. І вось учора, 3 ліпеня, прыйшоў адказ за подпісам кіраўніка УДАІ УУС Мінскага аблвыканкама М.М. Караткевіча, з якога выінкае, што «ў перыяд з 15 па 28 чэрвеня ажыццяўляўся кантроль за ўдельнікамі дарожнага руху з прыборамі вымярэння». І што «ў сувязі з нізкай інтэнсіўнасцю руху выявіць парушэнні не прадставілася магчымым і далейшае правядзенне такога віду мерапрыемстваў не актульна».
То бок на абаронцаў мемарыяла наязджалі машыны, пратэстоўцы прасілі супрацоўнікаў ДАІ замераць хуткасць і спыніць відавочнае злачынства, але ж супрацоўнікі адказвалі ім, што няма прыбораў вымярэння хуткасці і ў той жа час, аказваецца, яны праводзілі маніторынг. Ну што тут скажаш. Гэты цынічны адказ падкрэслівае тое, што мы ўсе і так ведаем: уся сістэма ўлады пабудавана на хлусні, безадказнасці і страху за сваю скуру. Які давер такой ДАІ?


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: