ДАІ спыніла вясельны картэж з бел-чырвона-белымі сцягамі ў Мінску

У Мінску 1 жніўня супрацоўнікі ДАІ спынілі «вясельны картэж». Кожнаму з кіроўцаў выпісалі штрафы, у аднаго забралі машыну, бо нібыта той падрабіў VIN-код, паведамляе Свабода.
Як расказаў адзін з удзельнікаў картэжу Дзяніс Гуцін, усяго было чатыры машыны, а маладых у строях ажно дзве. Вяселле было пастаноўкай — людзі ладзілі аўтапрабег салідарнасці з палітзняволенымі і хацелі выказаць сваю незадаволенасць уладай і сітуацыяй у краіне.

Аўтамабілі ўпрыгожылі бел-чырвона-белымі стужкамі і кветкамі каля ЗАГСаў Мінску, потым ездзілі па горадзе і Мінскай вобласці некалькі гадзінаў. Удзельнікі аўтапрабегу заўважылі, што за імі сочаць супрацоўнікі ДАІ, на іхнім шляху стаяла шмат экіпажаў або паставых. На думку Дзяніса, пра акцыю ведалі загадзя і адсочвалі ўдзельнікаў.

Па словах Дзяніса, калі аўтамабілі з праспекту Незалежнасці павярнулі на вуліцу Леніна, да іх пад’ехалі тры экіпажы ДАІ і спынілі. Ва ўсіх кіроўцаў правяралі дакумэнты, усім выпісалі штрафы: камусці за налепку «Я/Мы 97» на шкле, камусці за фіранкі, хаця ўласнік меў дакумэнт, што фіранкі ўсталявалі на заводзе. Ва ўсіх правяралі VIN-коды.

Дзянісу сказалі, што яго спынілі праз налепку, якой нельга быць побач з нумарным знакам (артыкул 18.12 Кодэксу аб адміністрацыйных парушэннях «Парушэнне эксплуатацыі транспартнага сродку»). На налепцы быў заклік прыходзіць на выбары толькі 9 жніўня, насіць белы бранзалет і сфатаграфаваць свой выбарчы бюлетэнь.

Падчас агляду машыны хлопца западозрылі ў тым, што ён падрабіў VIN-код на сваім аўтамабілі Lada Vesta 2018 году выпуску. Яго завезлі ў Цэнтральны РАЎС і апыталі ў межах крымінальнай справы 381 «Падробка або знішчэнне ідэнтыфікацыйнага нумару транспартнага сродку». Санкцыі артыкулу прадугледжваюць да 5 гадоў пазбаўлення волі. Машыну забралі. Дзяніс віны не прызнае.

«У мяне машына ні разу не бітая, ні разу лакафарбавае пакрыццё не змянялася. Я не ведаю, з якім зрокам трэба глядзець на гэта. Акурат учора машына была памытая на аўтамыйцы, там ні пылінкі, нічога няма», — кажа суразмоўца.

Ён таксама звярнуў увагу на тое, што ягоны аўтамабіль фатаграфавалі на несертыфікаваны асабісты тэлефон, а ў пратаколе запісалі нібыта здымалі на фотаапарат Canon.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: