«Дайце ім апошні шанец усвядоміць здзейсненае». Ганна Косцева просіць захаваць жыццё братам

Сястра асуджаных да смяротнага пакарання Іллі і Станіслава Косцевых просіць падпісаць петыцыю да кіраўніка Рэспублікі Беларусь аб памілаванні асуджаных і замене ім прысуду на пазбаўленне волі або пажыццёвае зняволенне.
Ганна, сястра асуджаных да смяротнага пакарання братоў Косцевых

Ганна, сястра асуджаных да смяротнага пакарання братоў Косцевых

Нагадаем, 10 студзеня Магілёўскі абласны суд вынес смяротныя прысуды ў дачыненні да двух братоў — 19-гадовага Станіслава і 21-гадовага Іллі Косцевых.

Еўрасаюз і Савет Еўропы асудзілі вынесеныя смяротныя прысуды і ў чарговы раз заклікалі ўлады Беларусі ўвесці мараторый на смяротнае пакаранне як першы крок да поўнай адмены такога віду пакарання.

У петыцыі Ганна Косцева піша, што разумее, што яе браты здзейснілі непапраўнае злачынства, але просіць прэзідэнта праявіць міласэрнасць да іх і захаваць жыццё, паколькі ў яго ёсць на гэта ўлада і права.

«Злітуйцеся над маімі братамі, не пазбаўляйце іх жыцця, дайце ім адзіны і апошні шанец усвядоміць здзейсненае імі, пакаяцца ў зробленым, а мне магчымасць хоць бы зрэдку бачыцца з імі, з жывымі», — звяртаецца Ганна Косцева да прэзідэнта.

Прадстаўнікі грамадскасці і праваабаронцы далучаюцца да петыцыі і просяць праявіць гуманізм і замяніць вынесеныя смяротныя прысуды на доўгія тэрміны пазбаўлення волі або пажыццёвае зняволенне.

«Мы, прадстаўнікі Праваабарончага центра „Вясна“ безумоўна далучаемся да петыцыі ў падтрымку просьбы Ганны аб памілаванні прыгавораных да смерці двух яе братоў — Іллі і Станіслава Косцевых.

Мы звяртаемся да ўсіх неабыякавых грамадзянаў нашай краіны, да ўсіх, хто лічыць жыццё чалавека найвышэйшай каштоўнасцю, хто выступае супраць забойства чалавека, у тым ліку ад імя дзяржавы, далучыцца да падтрымкі гэтай петыцыі. Падпісаўшы яе мы прадэманструем, што далёка не ўсе ў Беларусі гатовыя пляскаць у далоні чарговаму вынесенаму смяротнаму прысуду.

Мы не просім аб дараванні, бо дараваць учыненае братамі забойства нельга, але аб літасці. Давайце разам паспрабуем уратаваць хаця б гэтыя, яшчэ зусім маладыя чалавечыя жыцці».

Паводле Вясны

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: