Дармаедскія камісіі: вяртанне ў Сярэднявечча?

У рэгіёнах заканчваецца фарміраванне ўчастковых камісій па вызначэнні «дармаедскага» статусу грамадзян. Яны будуць вырашаць, хто знаходзіцца ў «цяжкіх асабістых абставінах» і можа быць вызвалены ад аплаты паслуг па поўным кошце.
фота tut.by

фота tut.by

Гэтае знакамітае фота можа разам з карцінамі вясновых пратэстаў стаць сапраўдным сімвалам дармаедскага дэкрэту. На ім адлюстраваны патэрн узаемаадносінаў між уладай і насельніцтвам: усёмагутныя начальнікі vs маўклівыя падначаленыя. І патэрн гэты яшчэ больш замацоўваецца са стварэннем дармаедскіх камісій, якія ўжо складзеныя ў шэрагу рэгіёнаў Беларусі.

Хто будзе ў іх уваходзіць: старшыні адміністрацый рознага ўзроўню, ідэолагі, міліцыянты, падаткавікі, галоўныя ўрачы, кіраўнікі дзяржаўных прадпрыемстваў. Карацей, прыкладна ўсе тыя ж «байцы дзяржаўнага фронта», якія працуюць у выбарчых камісіях, напаўняюць сабой шэрагі «Белай Русі» і звыкла галасуюць за Лукашэнку.

Ва ўсім гэтым больш за ўсё абурае сам ход мыслення ўлады і яе прынцыповыя дапушчэнні: адных грамадзян, фармальна роўных па Канстытуцыі, надзяляюць правам вырашаць лёс іншых, і не проста ў нейкай асобнай прававой сітуацыі (як з судом ці міліцыяй), а надзяляюць іх правам перасунуць чалавека ў іншую сацыяльную касту — «дармаедаў», што азначае аўтаматычную сацыяльную стыгму і фінансавы цяжар. Пытанне: гэтым людзям, хай і надзеленым уладай у межах сваіх паўнамоцтваў, на падставе чаго ім надаюцца паўнамоцтвы вызначаць сацыяльны статус чалавека?

Гэты сацыяльны статус, акрамя іншага, з'яўляецца, як ужо сказана, сапраўднай стыгмай. Паняцце «дармаеда» ўжо на сёння моцна крыміналізаванае дзяржавай (аб чым, дарэчы, ужо даўно кажуць праваабаронцы). На гэта працуюць перадачы па тэлебачанню, дзе людзей без працы выстаўляюць у выключна негатыўным выглядзе, абавязковыя згадкі «нигде не работающий» у выпадках, калі трэба сапсаваць уражанне пра чалавека, і псеўдамудрыя сентэнцыі прапагандыстаў аб тым, што той, хто не плаціць падаткі са сваёй працы, — паразіт на целе грамадства.

Гэты дыскурс працуе на ўстойлівую крыміналізацыю цэлага пласту насельніцтва, і нават больш за тое: складае нейкае падабенства саслоўнага грамадства накшталт сярэднявечнага, дзе знаходжанне ў пэўнай сацыяльнай страце (слаі) амаль цалкам вырашала твой далейшы лёс у грамадстве.

Улада вырашаць, хто да якога саслоўя належыць, дадзеная вузкай групе людзей — мякка кажучы, не спецыялістаў у сацыяльных пытаннях, якія будуць выслухоўваць запэўніванні, просьбы і мальбы працоўных і ўчорашніх студэнтаў. А выслухаўшы, вырашаць, чыё жыццёвае становішча сапраўды цяжкае, а хто можа і пацярпець. Гэта, акрамя іншага, азначае і тое, што людзям прыйдзецца без сваёй волі вывальваць перад незнаёмымі дзядзькамі і цёткамі падрабязнасці свайго асабістага жыцця. А галоўны ўрач Таццяна Філіпаўна разам са старшым участковым Ігарам Пятровічам будуць вырашаць: ёсць трэцяе пазашлюбнае дзіця маладой маці «цяжкімі жыццёвымі абставінамі» ці не.

Не варта і казаць, што грамадзяне, западозраныя ў нелаяльнасці мясцовым уладам, вясковыя і пасялковыя «бузацёры», якія мелі неасцярожнасць калісьці перайсці дарогу начальству і, канешне, палітычныя актывісты будуць пазбаўленыя нават найдрабнейшага права на царскую ласку.

Да чаго прывядзе практыка гэтых камісій? Ідэя надзяляць вышэйшых у іерархіі людзей вызначаць сацыяльны статус ніжэйшых — увогуле мала стасуецца не толькі з прынцыпам роўнасці ўсіх перад законам, але і з дэклараванымі (але даўно занядбанымі) пракламацыямі «сацыяльнай дзяржавы».

Саслоўнасць беларускага грамадства ад дзейнасці такіх апрыёры несправядлівых інстытуцый, адразу паглыбіцца. Беднасць, наадварот, узрасце, бо можна не сумнявацца, што камісіям будзе дадзены загад эканоміць бюджэтныя грошы і не надта лаяльнічаць з дармаедамі.

І, канешне, такія сітуацыі толькі павялічаць узровень азлобленасці ў грамадстве і нянавісць адных грамадзян Беларусі да другіх.

Ды і цяжка ўстрымацца ад злосці, гледзячы на тое, як сыты судзіць галоднага.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Абмеркаванне:

  • Люстэрка
  • 2018-08-18 01:44:38
Дзякуй за артыкул. Усё так.
Сёння ў адной вёсцы, дзе жыве 20 чалавек, мужчына забіў са стрэльбы двух міліцыянтаў, якія прыйшлі да яго ў хату.
Уразілі каментары да гэтай навіны на папулярных сайтах. Людзі масава падтрымліваюць забойцу, 57-гадовага беспрацоўнага. Чалавек ня п’е, жыве з таго, што ў лесе назбіраў. Карацей, як стагоддзі таму. З чаго Бог даслаў. Мае зарэгістраваную стрэльбу. Жыве адасоблена, ні з кім не кантактуе. Пенсіі ў яго хутчэй за ўсё ня будзе, бо працы, з якой можна было б заплаціць падаткі ў фонд сацабароны, каб ішоў афіцыйны стаж, у вёсцы няма. Жыве чалавек сам па сабе, нічога ў дзяржавы не просіць. Мой дом - мая крэпасць. Сам у сабе. Нікому жыць не перашкаджае. А тут прыходзіць дзяржава ў асобах міліцыянтаў і парушае яго спакой. Ён бярэ стрэльбу і страляе. Жанчыне, што апынулася побач, крычыць, каб ушла і не трапіла пад кулі. То бок не маньяк ніякі, не псіх. Простых людзей не чапае. Яго агрэсія накіравана толькі на прадстаўнікоў улады, якая лезе да яго ў хату.
  • Люстэрка
  • 2018-08-18 02:21:21
І вось у гэтым звычайным, адзінокім, непітушчым чалавеке, што жыве натуральнай гаспадаркай, ахотай, збіральніцтвам, многія беларусы пазналі сябе. Бо многія намагаюцца жыць нейкім паралельным жыццём, самі па сабе, каб іх проста не чапалі. А дзяржава лезе са сваімі падаткамі, паборамі, прымусовымі суботнікамі і падпіскамі, лезе, каб забраць апошняе.
Людзі сталі на бок галоднага, нават не дачакаўшыся падрабязнасцяў справы.
Многія напісалі, што калі дармаедскія камісіі пачнуць хадзіць па хатах, пра такія здарэнні мы будзем чытаць усё часцей.
Рэдкія рэплікі пра тое, што міліцыянт чалавек і трэба яму паспачуваць, тонуць у хоры тых, хто прыпамінае ўсе беззаконныя дзеянні сілавых структур. Градус нянавісці да тых, хто мае ўладу, расце.
І гэта на тутбае, сайце, які большай часткай чытаюць звычайныя, зусім не радыкальна настроеныя жыхары Беларусі.
Гэта сведчыць аб тым, что калі лезуць прама ў хату, то самы ціхі, мірны і памяркоўны беларус пачынае шукаць пад рукой стрэльбу.

Каментаваць