Дасье ў карыкатурах. Чорныя майданы ў гісторыі Амерыкі

Амерыка выбухнула. За акіянам бушуюць беспрэцэдэнтныя пратэсты пасля таго, як у Мінесоце паліцэйскі забіў афраамерыканца Джорджа Флойда, устаўшы яму каленам на шыю. Усё гэта адбывалася на ажыўленай гарадской вуліцы, пры святле дня і шматлікіх сведках. Людзі патрабавалі, каб паліцэйскія перасталі здзекавацца над Флойдам, і здымалі сцэну на відэа, якое і стала бомбай.


Сёння пратэстамі ахоплены 30 гарадоў у сямі штатах, а іх геаграфія імкліва пашыраецца. З іншага боку такое за акіянам адбываецца не ў першы раз.

ЗША модна параўноўваць з плавільным катлом нацый і рас, якія на самай справе не заўсёды жылі ў згодзе. Таму расавыя і міжнацыянальныя канфлікты сталі часткай амерыканскай гісторыі. Прычым ахвярамі пагромаў былі не толькі афраамерыканцы. Напрыклад, падчас каланізацыі кантынента індзейцы ў рамках паўстанняў неаднаразова намагаліся знішчыць усіх белых каланістаў. Пасля модна было пераследваць этнічных ірландцаў, кітайцаў або італьянцаў.

Самым буйным расавым пагромам у 19-м стагоддзі быў бунт у Нью-Ёрку з 11 па 16 ліпеня 1863 года. Ён стаў вынікам незадаволенасці законамі аб мабілізацыі ў войска, якое на той час змагалася супраць паўднёвых рабаўладальнікаў. Ахвярамі пагромшчыкаў, як правіла, станавіліся чарнаскурыя. Натоўпы грамілі іх дамы, уключаючы прытулак для чарнаскурых сірот. Прэзідэнт Лінкальн накіраваў для аднаўлення парадку войскі, а для разгону пратэстоўцаў давялося выкарыстоўваць артылерыю. Аб градусе гвалту падчас тых тых падзей можна меркаваць па ілюстрацыях у прэсе.


Нягледзячы на ліквідацыю рабства, практыка расавых беспарадкаў у Штатах працягнулася. На думку гісторыкаў, гэта быў адзін з інструментаў падтрымання перавагі белых. Усё змянілася ў 60-я. Рух за грамадзянскія правы чарнаскурага насельніцтва нарадзіў практыку калектыўных вулічных пратэстаў супраць расавай несправядлівасці і паліцэйскага гвалту. Першы буйны бунт меў месца ў ліпені 1967-га ў Дэтройце. Нагодай для беспарадкаў паслужыў рэйд паліцыі на нелегальны бар. Сутыкненне паліцыі з яго наведвальнікамі і вулічнымі разявакамі перарасло ў пагромы, якія доўжыліся пяць дзён. Былі забіта 43 чалавека і каля 460 паранена. Натуральна, бунт у Дэтройце, які падаўляла войска, выклікала інтарэс у савецкіх карыкатурыстаў. Малюнак з часопісу «Крокодил» за ліпень 1967-га.


Аднак Дэтройт быў толькі ўверцюрай да больш маштабных выступаў у красавіку 68-га праз забойства Марціна Лютэра Кінга — лідара афраамерыканцаў. Хваляванні на расавай глебе ахапілі 125 гарадоў, іх падаўлялі нават фармаванні паветраных дэсантнікаў. А вось ідэі Кінга сілавікам падавіць не атрымалася. Гэта ілюструе карыкатура мастка Майка Луковіча, намаляваная ў гонар 50-й гадавіны бунтаў 1968-га.


На пачатку эпохі Рэйгана Амерыка ўступіла ў фазу адноснай стабілізацыі. Здавалася, папулярная тады стратэгія нулявой талерантнасці адносна дробных злачынствах з'яўляецца эфектыўнай прафілактыкай буйных беспарадкаў. Аднак на справе паліцэйскі гвалт у быту стаў дэтанатарам яшчэ большых пратэсных выбухаў.
Гэта даказалі беспарадкі ў Лос-Анджэлесе ў красавіку 92-га, якія па памерах пераплюнулі ўсе папярэднія (толькі страты ад іх ацэньваюцца ў мільярд долараў). Усё пачалося, калі суд прысяжных вынес апраўдальны прысуд чацвярым белым паліцыянтам, якія збілі чарнаскурага Родні Кінга за тое, што той аказаў супраціў пры арышце за перавышэнне хуткасці. Тысячы цемнаскурых амерыканцаў адразу выйшлі на вуліцы. Дэманстрацыі неўзабаве перараслі ў беспарадкі і пагромы. Пакуль амаль тыдзень паліцыя падаўляла бунты, грамадскасць крытыкавала суддзяў, якія прынялі відавочна несправядлівае рашэнне. А мастак Стыў Грынберг арыгінальна выявіў сцэну збіцця Родні Кінга.


Фергюсон 2014, Балтымор 2015 і Шарлота 2016 — гэта геаграфія самых буйных расавых пратэстаў за мінулае дзесяцігоддзе ў Штатах. Парадаксальна, але ўсе яны прайшлі па адным сцэнары. Белыя паліцыянты па памылцы забівалі або збівалі да смерці нейкага чарнаскурага падлетка, што ў выніку правакавала эскалацыю гвалту. У фінале прыходзілася выклікаць узмоцненыя атрады паліцыі, спецназу ці нават Нацыянальнай гвардыі, якія ў рэшце рэшт душылі паўстанне. Пры гэтым ніхто не ведае як спыніць гэты трэнд, паколькі яго карані ў сацыяльнай праблемах. У чорных кварталах паліцыянты часта пускаюць у ход зброю, паколькі шмат мясцовых жыхароў праз беспрацоўе звязаныя з крыміналам. Гэтую сітуацыю графічна паказаў мастак выдання Federal Papers.


І вось новы бунт. Ёсць жарт, што гэта не што іншае, як вяртанне ў дакаранцінную рэальнасць, калі такія бунты былі рэгулярна. Аднак на гэты раз сітуацыя дзесьці не стандартная. Бунты адбываюцца на фоне эканамічнага калапсу, які выклікаў каранцін і феномен масавага беспрацоўя (колькасць беспрацоўных амерыканцаў набліжаецца да 20 мільёнаў). У гэтым плане бунт можа выйсці за рамкі чорных кварталаў і паўплываць на палітычны працэс. Напрыклад, антытрампаўская апазіцыя ўжо актыўна нагадвае пра тое, што паліцэйскі, які забіў Флойда, быў сімпатыкам Трампа. Атрымліваецца, што да забойства датычны прэзідэнт? Малюнак карыкатурыста Барта ван Леена.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: