Якімі б мы былі, калі б не Плошча-2010

Дзесяць гадоў таму, 19 снежня 2010 года, была разагнаная Плошча. Не ведаючы абставін і наступстваў таго хапуна, нельга як след зразумець тое, што адбываецца ў краіне цяпер.


Кампанія 2010-га запомнілася шматлікімі незвычайнымі тэмамі. Гэта і імклівае з'яўленне на палітычнай сцэне арганізацыі «Гавары праўду» з незразумелым для шмат каго бэкграўндам. І незвычайна вялікая колькасць кандыдатаў, якіх ЦВК рэгістраваў пачкамі. І кансультацыі з Захадам адносна зыходу Лукашэнкі на ганаровую пенсію. І, безумоўна, тыя выбары ўзбагацілі наш лексікон. З'явілася абрэвіятура «ШОС» і лозунг «Пора менять лысую резину», якая таксама знайшла адлюстраванне ў тагачасных карыкатурах. Малюнак мастака «Радыё Свабоды».


Адным з галоўных сюрпрызаў кампаніі 2010-га была дзіўная пазіцыя Крамля. Напэўна, упершыню за ўвесь час беларускай незалежнасці Расія паспрабавала ўмяшацца ў наш палітычны працэс. Увосень на канале НТВ выйшаў фільм «Хросны бацька», у якім АГЛ выявілі вельмі негатыўна. Можна дапусціць, што ад Мінска хацелі нешта атрымаць у абмен на медыйны нейтралітэт. У Драздах вельмі нервова рэагавалі на праект НТВ, ілюстрацыяй чаго з'яўляецца карыкатура з Саўбелкі


19 снежня бліжэй да вечара па даных апытанняў, якія праводзілі выключна праўладныя сацыёлагі, СМІ паведамілі, што Лукашэнка перамог з вялікім адрывам ад астатніх кандыдатаў, набраўшы 79,65% галасоў. Андрэй Санікаў атрымаў 2,43%, Яраслаў Раманчук — 1,98%, а Уладзімір Някляеў — 1,78% галасоў. Давер да гэтых лічбаў быў вельмі слабы. Нават далёкія ад беларускіх рэалій замежныя карыкатурысты малявалі выбары як нейкі фарс. Так, на малюнку мастака Олівера Шопфа кіраўнік краіны гуляе выбарчай скрыняй у стылі таго як чаплінаўскі персанаж Вялікі дыктатар гуляўся з глобусам.


Недавер да вынікаў ЦВК узмацняў інцыдэнт з Уладзімірам Някляевым (кандыдат «Гавары праўду), які адбыўся прыкладна ў абед дня галасавання. Пры спробе прывезці ў цэнтр гукавую тэхніку паэта збілі так, што той страціў прытомнасць і быў шпіталізаваны з дыягназам ЧМТ. Інцыдэнт здарыўся яшчэ да закрыцця ўчасткаў у 20.00, а гэта значыць, што Някляеў яшчэ знаходзіўся ў статусе кандыдата і меў па законе прававы імунітэт. У любым выпадку, увечары некалькі дзясяткаў тысяч чалавек выйшлі на праспект Незалежнасці. Падобнага шматлюднага дэфіле праціўнікаў рэжыму краіна не бачыла, напэўна, з канца 90-х. Нядзіўна, што пасля тое шэсце па зімовым горадзе было зафіксавана ў тым ліку і ў малюнках.


Дайшоўшы да пл. Незалежнасці, грамада ўзяла ў аблогу Дом ураду, за разбітае шкло дзвярэй якога паспрабавала прабіцца дэлегацыя ўдзельнікаў перамоў. На разгон пратэстуючых былі кінутыя сотні спецназаўцаў у поўным баявым уборы. Пазней да іх падключылі нават войскі. У выніку супрацьстаяння людзей з плошчы выціснулі, некалькі соцень затрымалі. Па меншай меры пяцярых кандыдатаў у прэзідэнты ў тую ж ноч арыштавалі. Многія эпізоды разгону, якія трапілі ў кадр журналістаў, неўзабаве сталі мэмамі.


Разгон і арышт усіх апанентаў Лукашэнкі выклікаў сапраўдны шок. МЗС Польшчы прама заявіў аб тым, што Аляксандр Лукашэнка не выйграў у першым туры і набраў толькі 40% галасоў. А кіраўнікі МЗС Чэхіі, Швецыі і Германіі яшчэ і назвалі гаранта «лузерам». Многія палічылі гэта пралогам сур'ёзных санкцый. «Зрэшты, грамадства куды больш цікавіў стан арыштаваных. У краіне прайшла маштабная акцыя салідарнасці з тымі, каму давялося сустракаць Новы год за кратамі.


Зачыстка працягвалася яшчэ нейкі час, пакуль сітуацыя не ўвайшла ў фармат традыцыйных геапалітычных арэляў Мінска паміж Захадам і Усходам. Рэжым утрымаўся, аднак доўгатэрміновы эфект разгону 19 снежня відавочна не ўлічыў. Адмова ад грамадскага дыялогу скараціла магчымасці яго манеўру, пашыраючы пратэставую базу. Стаўка на сілавікоў не дазволіла ацаніць значэнне і ролю інтэрнэту ў мабілізацыі апазіцыі. Нарэшце, градус гвалту ў снежні 2010-га паўплываў на тонус апазіцыі, што ў тым ліку выявілася ў вельмі млявай кампаніі 2015-га.

Затое да 2020-га з'явілася маладое пакаленне, якія не ведала траўмы Плошчы 2010-га і было гатовае на больш рашучыя выступы. Відавочна, што гэта не ўвесь спіс наступстваў снежаньскага хапуна, а многія яшчэ абавязкова выявяцца.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: