Даследаванне Белстата: 70% людзей з інваліднасцю ў Беларусі не мае працу

Менш за траціну людзей з інваліднасцю ў працаздольным узросце маюць у Беларусі аплачваную працу.
Пра гэта сведчаць вынікі праведзенага Белстатам пры падтрымцы ЮНІСЕФ аднаразовай выбарачнага абследавання хатніх гаспадарак, прысвечанага становішчу людзей з інваліднасцю. Яго вынікі былі прэзентаваныя ў Нацыянальным прэс-цэнтры.

Больш працуюць жанчыны і адукаваныя

Як паказала абследаванне, агулам мае аплачваную працу 30% людзей з інваліднасцю. Занятыя працоўнай дзейнасцю ў працаздольным узросце 36% жанчын і 27% — мужчын. Прычым адукацыя — адзін з найважнейшых фактараў, якія ўплываюць на занятасьць. Так сярод людзей з інваліднасцю 2-й і 3-й групы з вышэйшай адукацыяй працуюць 53% апытаных, тады як людзі з агульнай базавай адукацыяй — толькі 18%.

Жыццё на пенсію

Разам з тым, асноўная крыніца даходаў хатніх гаспадарак, якія маюць у сваім складзе асоб з інваліднасцю — гэта пенсія. Ва ўсякім выпадку так адказала 95% прадстаўнікоў падобных сем’яў. Яшчэ 42% атрымліваюць грошы дзякуючы працы па найме. 9% жывуць за кошт вытворчасці тавараў для ўласнага спажывання, 6% — за кошт дапамогі, а яшчэ 4% — дзякуючы аліментам, дапамозе сваякоў і знаёмых.

Адукацыя даступная, але...

Характэрна, што 88% беларускіх дзяцей-інвалідаў ва ўзросце 3-17 гадоў наведваюць установы адукацыі. Гэта значыць 12% дзяцей такія ўстановы не наведвалі ці не наведваюць.

Асноўная прычына ненаведвання дзецьмі-інвалідамі школьнага ўзросту устаноў адукацыі — наяўнасць медыцынскіх супрацьпаказанняў. Так адказала 74% апытаных адпаведнай катэгорыі. Яшчэ 16% не наведвае падобныя ўстановы, паколькі мае патрэбу ў суправаджэнні, а 10% паскардзілася на адсутнасць неабходнай школы або інтэрната па месцы жыхарства.

Пры гэтым 94% людзей з інваліднасцю паведаміла аб даступнасці ў Беларусі паслуг дзяржаўнай сістэмы аховы здароўя, а 73% распавялі, што задаволены якасцю прадастаўленых ёю паслуг.

Паміж разуменнем і неразуменнем

Абследаванне выявіла адрозненне ў разуменні праблем людзей з інваліднасцю ў беларускім грамадстве. Так 51% апытаных людзей з інваліднасцю лічыць, што грамадства не разумее і ставіцца абыякава да праблем інвалідаў. У той жа час 51% людзей без інваліднасці лічыць, што грамадства падзяляе праблемы інвалідаў. Супрацьлеглага пункту гледжання ў кожнай з груп прытрымліваецца 44%. 5% у кожнай з груп перакананыя, што грамадства мае шмат стэрэатыпаў пра інвалідаў і праяўляе дыскрымінацыю.

У абследаванні прынялі ўдзел 12,6 тысяч хатніх гаспадарак, 28 тысяч чалавек, у тым ліку 6,9 тысяч асоб з інваліднасцю.

Паводле thinktanks.by

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!