Даследаванне: кожнае другое дзіця ў Беларусі сутыкалася з кіберпагрозамі

Амаль палова дзяцей у Беларусі сутыкаліся з рознымі кіберпагрозамі ў інтэрнэце. Гэта высветліла «Лабараторыя Касперскага» ў выніку свайго даследавання, піша 42.tut.by.



Даследаванне доўжылася 12 месяцаў, кампанія апытала больш за 12 тысяч чалавек у 21 краіне, у тым ліку ў Беларусі. Высветлілася, што за год  з рознымі кіберпагрозамі сутыкнулася 49% дзяцей беларусаў. Юныя карыстальнікі станавіліся ахвярамі кібербуллінга (cyber-bullying — падлеткавы віртуальны тэрор, атрымаў сваю назву ад ангельскага слова bull — бык, з роднаснымі значэннямі: агрэсіўна нападаць, верадзіць, задзіраць, прыдзірацца, правакаваць, даймаць, тэрарызаваць, цкаваць — НЧ), мелі зносіны з небяспечнымі незнаёмцамі і сутыкаліся з непажаданым кантэнтам.

Апытанне паказала, што бацькі ведаюць пра небяспекі, з якімі могуць сутыкнуцца іх дзеці ў інтэрнэце. Так, 48% непакояцца, што дзіця можа ўбачыць нешта не адпаведнае яго ўзросту і ўзроўню псіхалагічнага развіцця. 43% перажывае, што ў Сетцы дзеці могуць выйсці на кантакт з небяспечнымі людзьмі. А 36% бацькоў хвалююцца з-за магчымага інтэрнэт-цкавання і яго наступстваў для дзіцяці.

Бацькі таксама прадпрымаюць шэраг мер, для таго каб абараніць сваіх дзяцей ад анлайн-пагроз. Часцей за ўсё гэтыя меры зводзяцца да таго, каб абмежаваць час выкарыстання інтэрнэту і лічбавых прылад (36% бацькоў), а таксама пагутарыць з дзіцем пра небяспекі Сеткі (32%). Цікава, што кожны пяты рэспандэнт лічыць, што вырашыць праблему дапаможа сяброўства з дзецьмі ў сацыяльных сетках.

«Бацькі павінны ўсведамляць, што анлайн-пагрозы ўяўляюць для сённяшніх дзяцей не меншую небяспеку, чым пагрозы фізічнага свету, — распавядае Андрэй Махоля, кіраўнік спажывецкага бізнэсу «Лабараторыі Касперскага». — Бо ніводны бацька не дапусціць таго, каб яго дзіця пераходзіла дарогу або мела зносіны з незнаёмымі людзьмі без нагляду. Дык чаму ж у Сетцы справы ідуць па-іншаму, і чвэрць бацькоў пакідаюць сваіх дзяцей сам-насам з браўзэрам і ўсім незлічоным кантэнтам інтэрнэту?

Дзецям абавязкова трэба распавядаць пра небяспекі Сеткі, вучыць іх быць пільнымі і асцярожнымі. Гэта вельмі карысна, але, на жаль, не можа гарантаваць таго, што дзіця не сустрэнецца з якой-небудзь пагрозай. Таму разам з адукацыйнымі мерамі бацькам варта выкарыстоўваць спецыялізаваныя ахоўныя рашэнні, якія адсякуць інтэрнэт-небяспекі на тэхналагічным узроўні».

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: