Дашкевіча выклікаюць у ДАІ

Лідар «Маладога фронту» Зміцер Дашкевіч атрымаў позву ў ДАІ Першамайскага раёну Мінску, дзе 30 студзеня а 19.00 адбудзецца разгляд здарэння з удзелам ягонай машыны і супрацоўніцы сектару прымусовага выканання Першамайскага раёну Мінску Людмілы Клыгі.

25 студзеня судовыя выканаўцы канфіскавалі аўтамабіль Змітра Дашкевіча з прычыны нявыплачаных штрафаў за палітычныя акцыі.

Зміцера вінавацяць, што ён, спрабуючы выехаць з двара свайго дома, выпадкова наехаў на нагу Людмілы Клыгі, якая перашкаджала руху машыны. Выкліканы супрацоўнік ДАІ склаў пратакол.

28 студзеня стала вядома, што Зміцер Дашкевіч вярнуў сваю машыну, сплаціў штрафы. Большую частку грошай на аплату ахвяравалі ананімныя добразычліўцы.

«Вялікую частку грошай — дзве тысячы долараў — ахвяравалі праз сядзібу Партыі БНФ. Чалавек проста пакінуў там грошы для мяне. Ёсць, вядома, магчымасць даведацца, хто гэта быў. Але я не ведаю, ці захоча чалавек раскрывацца. Таму называем гэта ананімным ахвяраваннем. Вялікі дзякуй гэтаму чалавеку», — сказаў Дашкевіч “Радыё Свабода”.

Ён таксама паведаміў, што 30 студзеня а 19.00 ён ідзе ў ДАІ, дзе адбудзецца разгляд інцыдэнту, у выніку якога машына Дашкевіча наехала на нагу супрацоўніцы сектару прымусовага выканання Людмілы Клыгі.

«Сітуацыя будзе вядомая ўвечары. У мяне позва на 19 гадзін», — сказаў Дашкевіч.

Супрацоўніца сектару прымусовага выкананеня Першамайскага раёну Людміла Клыга адмовілася гаварыць з журналістам пра гэты інцыдэнт.

«Я ніякіх каментароў без дазволу галоўнага ўпраўлення юстыцыі не даю», — сказала яна “Радыё Свабода”.


Паводле www.svaboda.org



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: