«Датычна побыту ў СІЗА ўсё досыць цяжка. Але чалавек да ўсяго вельмі хутка адаптуецца»

Палітвязень Андрэй Пазняк, якому далі тры гады «хіміі», распавёў пра 6 месяцаў у СІЗА.
На пачатку лютага суд Кастрычніцкага раёна прысудзіў айцішніку Андрэю Пазняку 3 гады «хіміі». Яго абвінавацілі ў арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушылі грамадскі парадак у жніўні мінулага года. Да вынясення прысуду Андрэй паўгода правёў у СІЗА на Валадарцы. Зараз ён на свабодзе. Чакае суда па пададзенай апеляцыі. Пра асаблівасці знаходжання ў СІЗА Андрэй напісаў пост у Фэйсбуку і распавёў некаторыя падрабязнасці dev.by.

Андрэя Пазняка затрымалі 11 жніўня на выхадзе з цырульні і даставілі ў Галоўнае ўпраўленне па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй. Праз два дні на дзяржаўным тэлебачанні быў паказаны сюжэт, у якім сцвярджалася аб затрыманні некалькіх каардынатараў акцый пратэсту. Нібыта яны арганізавалі штаб на 17 паверсе гасцініцы «Беларусь» і адтуль кіравалі сотнямі пратэстоўцаў. У сюжэце паказалі і Андрэя Пазняка.

Яго адвакат Павел Піваварчык настойваў, што відэа было запісана пасля збіцця і пад пагрозамі.

— Пасля затрымання яго даставілі ў будынак ГУБАЗіКа, дзе некалькі чалавек збілі. Потым уключылі відэакамеру і запатрабавалі, каб ён прызнаўся ў арганізацыі і ўдзеле ў масавых беспарадках. Здымалі чатыры разы, кожны раз удакладнялі, што ён павінен гаварыць. У выніку запісалі нейкія ролікі і больш ніякіх дзеянняў з ім не праводзілі.

Андрэя Пазняка прызналі палітвязнем.

Побыт

Пад'ём быў у 6, адбой у 22. Спаць днём нельга, але калі на змене адэкватны прадольны (супрацоўніка аховы на паверсе), ён закрывае на гэта вочы. Але некаторыя нават ляжаць не дазваляюць.

Сняданак у 6, абед у 13, вячэра ў 18. На гэты час выдаюць алюмініевыя талеркі і лыжкі. Посуду, паліц і прыстасаванняў няма — даводзіцца выкручвацца. Ежа дрэнная: у асноўным высокаўгляводныя кашы, вадзяністыя пюрэ і супы. Мяса і рыбы амаль няма. Гародніны і садавіны няма ў прынцыпе (могуць перадаваць родныя і знаёмыя). Усім выдаюцца алюмініевыя кубкі без ручак — з-за высокай цеплаправоднасці піць з іх вельмі цяжка. Посуд і прыборы забароненыя.

Паліц няма, рэчы трэба захоўваць у торбах пад нарамі. Вяровак, на якіх можна сушыць памытыя рэчы, таксама няма. Зняволеныя іх плятуць з нітак ад распушчаннага адзення, але падчас «шмону» звычайна ўсё гэта зразаецца.

Вада халодная. Туалет у камеры. У нейкіх камерах горача (з-за вялікай колькасці людзей на квадратны метр), у нейкіх холадна (паколькі батарэі слаба грэюць і вокны тонкія).

Свежага паветра не хапае ўсюды. У большасці камер няма дзённага святла. У многіх камерах ёсць тэлевізар, па якім ідзе 8 дзяржканалаў.

Кожны дзень можна выходзіць на «шпацыр» — панадворкі з рашоткамі зверху і высокімі сценамі памерам ад 2×2 да 4×9 метра. У цэлым датычна побыту ўсё досыць цяжка. Але чалавек да ўсяго вельмі хутка адаптуецца, і з часам гэта перастае быць праблемай.

Ежа

Перадачы абмежаваныя: 30 кг у месяц на чалавека. Па пасылках абмежаванняў няма — кожная можа быць да 50 кг, іх колькасць у месяц — любая. Таму тое, што не вельмі хутка псуецца, лепш пасылкай адпраўляць. З Мінска яны даходзяць прыкладна за два дні.

Абмежаванняў па ежы досыць шмат, большасць з іх смешныя, і здаровага глузду, як і ва ўсёй гэтай сістэме, шукаць не варта. Напрыклад, можна апельсіны, але нельга грэйпфруты, забароненыя авакада, лаймы, базілік, шпінат і г. д. Рыбу і мяса можна салёныя (не смажаныя і г. д.).

Грашовыя пераводы

Грашовыя пераводы проста робяцца на імя зняволенага. Квітанцыя яму прыходзіць на працягу тыдня (з імем таго, хто ажыццявіў перавод). Гэтыя грошы можна выкарыстоўваць раз на 2 тыдні на «атаварцы» — там можна купіць цыгарэты, туалетную паперу, запалкі, розныя прысмакі, дэзадарант, мыйныя сродкі, шампунь, ваду, соус, анучы і цырату. Выбар вельмі маленькі.

На імя зняволенага можна выпісваць газеты і часопісы. Улічваючы інфармацыйны блок, гэта досыць карысна.

Лісты

Выразнага паняцця, па якім алгарытме прапускаюць лісты, на жаль, няма. Бывае, следчы або аператыўны супрацоўнік можа паставіць усе лісты (ці толькі ад родных) канкрэтнаму зняволенаму «на паўзу» — у мэтах ціску ці проста ў мэтах выхаваўчых работ. Таксама не прапускаюць лісты з палітычнымі навінамі, з якой-небудзь інфармацыяй, якая тычыцца крымінальнай справы, са сканвордамі, мастацкімі творамі і напісаныя на замежнай мове.

Усё астатняе — зусім незразумела. Паўплываць можа бягучы цэнзар, яго настрой і проста шанцаванне. Мне, напрыклад, не дайшло вельмі шмат паштовак, дзе напісана літаральна па пары радкоў тэксту, палова лістоў ад адных і тых жа людзей, наогул ні аднаго ліста ад канкрэтнага чалавека і г. д. У мяне адчуванне, што, калі назапасіцца занадта шмат неправераных лістоў, яны іх тупа выкідалі — спадзяюся, памыляюся. Дарэчы, заўважыў, што цэнзары падкрэсліваюць мацюкі ў лістах. Але не ўпэўнены, што гэта ўплывае на што-небудзь. Па краінах карэляцыі таксама няма.

У Новы год працаваў толькі адзін цэнзар — не думаю, што яны разгрэблі хоць бы 30% завалаў за той час.

Бібліятэка і кнігі

Ніякія кнігі наогул нельга перадаць ужо ў СІЗА — ні мастацкія, ні навучальную літаратуру, ні нават КК РБ з нядаўніх часоў.

У СІЗА ёсць бібліятэка, супрацоўнікі кажуць, што нядрэнная. Мабыць, яны раней амаль не сутыкаліся з публікай, якая чытае. Трэндавай і сучаснай non-fiction літаратуры там, вядома, няма. Але ёсць шмат класікі (Рэмарк, Дастаеўскі і г. д.). Самая папулярная кніга там — «Шантар». Ёсць, дарэчы, кнігі на англійскай, але мала. Мы чыталі Стывена Кінга, трохі амерыканскай «класікі» і невядомыя дэтэктывы.

Начальнік бібліятэкі (былы начальнік СІЗА) кажа, што ў бібліятэцы каля 10 тысяч кніг. Але галоўная праблема ў тым, што ў іх няма каталога. Гэта значыць, сапраўды ніхто не ведае, якія кнігі там ёсць, і даводзіцца пастаянна адгадваць.

Мы запытвалі каля 30-40 кніг (гэта адбываецца раз на 2-3 тыдні) — прыносілі 5-6. Упэўнены, што яны «шукаюць» не асабліва ўважліва і па СІЗА ходзяць прыкладна адны і тыя ж кнігі.

Наогул, цяпер там шмат добрых людзей знаходзіцца. Ёсць, вядома, шмат звычайных «крымінальнікаў», для якіх гэта ўсё — лад жыцця. Але за кошт выразных турэмных правілаў канфліктаў там практычна не бывае. Самі зняволеныя імкнуцца не пагаршаць незайздроснае становішча ні сабе, ні тым, хто побач.

На волі

Мы падалі апеляцыю. Яе павінны разгледзець праз месяц-два. Я пад падпіскай аб нявыездзе. А больш ніякіх абмежаванняў няма. Працую, займаюся спортам, хаджу па крамах і рэстаранах. Пакуль што.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: