Давераных асоб Святланы Ціханоўскай з Гомеля пакаралі пазбаўленнем волі

Суд Чыгуначнага раёна Гомеля 4 траўня вынес рашэнне ў крымінальнай справе давераных асоб Святланы Ціханоўскай. Іх абвінавацілі ў «масавых беспарадках» і планах «захопу адміністрацыйных будынкаў».

Гомельскія паплечнікі Сяргея Ціханоўскага. Юры Уласаў — трэці злева ў верхнім шэрагу, побач з ім, чацвёрты злева, — Аляксандар Шабалін. У ніжнім шэрагу першы злева — Дзмітрый Івашкоў, першая справа — Таццяна Канеўская


Суддзя Аляксей Хлышчанкоў пакараў:

  • Юрыя Уласава — 6 з паловай гадамі пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму;
  • Таццяну Канеўскую — 6 гадамі пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму;
  • Дзмітрыя Івашкова — 6 гадамі пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму;
  • Аляксандра Шабаліна — 6 гадамі пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму.

Юры Уласаў таксама мусіць сплаціць маральную кампенсацыю — па 2500 рублёў кожнаму з шасці пацярпелых міліцыянтаў, і яшчэ 550 рублёў пошліны. Суддзя даў менавіта такія тэрміны, якія патрабаваў пракурор Дзяніс Мікушаў 27 красавіка ў судовых спрэчках, адзначае «Радыё Свабода».

Адвакаты ў сваіх выступах зазначалі, што няма канкрэтных доказаў віны іх падабаронных, абвінавачанне грунтуецца на домыслах, агульных фразах і на відэа, з якога вынікае толькі тое, што 5 жніўня давераныя асобы былі на сустрэчы са Святланай Ціханоўскай і абмяркоўвалі розныя варыянты развіцця падзей 9 жніўня і пасля выбараў.

Відэа доўжыцца ўсяго 3 хвіліны і 16 секунд і складаецца з абрэзаных рэплік яго ўдзельнікаў.

Адвакаты звярталі ўвагу, што няма доказаў абвінавачання ў частцы таго, што абвінавачаныя «спрабавалі вербаваць былых сілавікоў», «планавалі захапіць адміністрацыйныя будынкі».

Таццяна Канеўская ў апошнім слове дзякавала ўсім людзям, якія пісалі ёй лісты, у тым ліку з-за мяжы. Яна атрымала каля тысячы лістоў. Яна сказала, што ў яе дзеяннях няма складу злачынства, ніхто не планаваў захопу будынкаў, а справа палітычна матываваная і не абгрунтаваная доказамі.

Юры Уласаў у апошнім слове казаў, што ўсе яго дзеянні не былі злачынствам, а былі накіраваныя толькі на карысць народу.

3 траўня ў судзе выступіў з апошнім словам Дзмітрый Івашкоў. Ён падзякаваў усім людзям за падтрымку, зазначыў, што суд цяпер — рэпрэсіўны орган, а прадстаўнікі ўлады забыліся, што такое закон. Івашкоў сказаў, што не прызнае прэзідэнтам «Сашу 3 працэнты», дадаў, што яго прэзідэнт — Святлана Георгіеўна Ціханоўская. «Жыве Беларусь!» — скончыў сваю прамову абвінавачаны.

3 траўня на суд не пусцілі сяброў абвінавачаных і групу падтрымкі. Калі сваякі выйшлі з судовай залы і размаўлялі з людзьмі ў фае, міліцыя загадала ім пакінуць будынак суду. На ганку суду да людзей падышоў АМАП і пачаў пагражаць, што размова можа быць расцэнена як несанкцыянаванае масавае мерапрыемства.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: