«Дэкрэт аб дармаедах» могуць замяніць «ільготнымі карткамі»

Міністр працы і сацыяльнай абароны Марыяна Шчоткіна заяўляе на АНТ пра альтэрнатыву Дэкрэту прэзідэнта аб дармаедах — электронная картка накшталт банкаўскай, дзе будзе інфармацыя аб дзейных ільготах кожнага чалавека.



«Уся інфармацыя аб ільготах, якія прадугледжаныя для канкрэтнага чалавека, будзе на электронным носьбіце», — паведаміла яна.

Як даведалася Еўрарадыё, пакуль толькі распрацоўваецца канцэпцыя, картка можа з’явіцца толькі ў 2019 годзе. Паводле нашай інфармацыі, займаецца гэтым Міністэрства сувязі.

«Гэта будзе і электронны пашпарт, і дадаткі: страхавое, пенсійнае, ахова здароўя. Можа, транспарт, можа, і банкаўскае прыстасаванне, — гавораць у Мінсувязі. — Адна картка, якая будзе мець лічбавы подпіс. Але гэта пакуль канцэпцыя».

Такую ж картку збіраліся звесці ў Расіі, але там праект не пайшоў. Пра абслугоўванне ў паліклініках па гэтай картцы згодна з выплачанымі падаткамі пакуль не кажуць.

Цікава, што першым тэму дармаедаў і «сацыяльнай карткі» ўздымаў былы віцэ-прэм’ер Анатоль Тозік падчас круглага стала ў газеце «СБ-Беларусь сёння»: «Вось прыходзіш ты, да прыкладу, у паліклініку, уводзіш картку ў тэрмінал — і на экране адразу ж відаць, што ў апошні год ні ты, ні за цябе ніхто не плаціў у Фонд сацыяльнай абароны. Атрымаеш, вядома, медыцынскую дапамогу, але за асобную плату».

А як па законе?

«Калі чалавек не заплаціў падаткі, з яго могуць іх спагнаць ці апісаць маёмасць, але не могуць адмовіць у медыцынскай дапамозе, — тлумачыць юрыст Асамблеі незалежных прафсаюзаў Алена Язькова. — Канстытуцыя змяшчае гарантыі для ўсіх грамадзян, ім мусяць аказваць медыцынскую дапамогу».

Дэкрэт «аб дармаедах», нагадаем, абавязвае плаціць збор у 3,6 мільёна (20 базавых) тых, хто сядзіць без працы паўгода. Калі міністр працы і сацыяльнай абароны Марыяна Шчоткіна называе гэты дэкрэт часовым, а карткі збіраюцца ўвесці ў 2019-м, значыць, дэкрэт можа пратрымацца яшчэ 4 гады.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: