«Дэкрыміналайз» як сродак папоўніць казну?

Міністр унутраных спраў заявіў, што ягонае ведамства ніколі не было ініцыятарам змягчэння пакарання за нарказлачынствы. Але лібералізацыя ў гэтай сферы насамрэч можа быць выгадна дзяржаве. Магчыма, дэкрыміналізацыю лабіруюць пэўныя колы сілавікоў. Але ці стане лягчэй тым маладзёнам, якія сядзяць у зонах за пыл у кішэні ці паўтаблеткі?

Фота thecostaricanews.com

Як вядома, напрыканцы лютага на брыфінгу з нагоды наркатычнай тэматыкі намеснік начальніка «наркаміліцыі» Андрэй Саладоўнікаў адзначыў, што дзяржавай абмяркоўваецца магчымасць дэкрыміналізацыі злачынстваў па самых лёгкіх пунктах артыкула 328 КК РБ.

Нехта застыў у чаканні дэкрыміналізацыі марыхуаны і дазволу на яе ўжыванне, нехта чакае шырокай амністыі тых, хто ўжо сядзіць. Няўжо ўслед за легалізацыяй паўлегальных крыптавалют Лукашэнка вырашыў зрабіць Беларусь усходнееўрапейскімі Нідэрландамі?

Папрацавалі?

Літаральна перад самым выказваннем Саладоўнікава пра магчымую дэкрыміналізацыю, на гэтую тэму выказаўся сам Лукашэнка. Маўляў, «органы» змагаюцца са спажыўцамі і «драбязой», а не з буйнымі наркагандлярамі. Той факт, што Лукашэнка выказаўся на гэтую тэму, ужо кажа, што тэма абмяркоўвалася «наверсе» даволі сур’ёзна. Хутчэй за ўсё, Лукашэнку перыядычна клалі на стол нейкія матэрыялы пра тое, як выконваецца дэкрэт №6, і ён прыйшоў да высноваў, што саджаюць «не тых».

Больш верагодным, аднак, выглядае варыянт, што такая заява кіраўніка краіны і магчымая хуткая дэкрыміналізацыя — вынік доўгай «працы» над меркаваннем Лукашэнкі з боку зацікаўленых асоб. Як і ў выпадку з крыптавалютамі, верагодней за ўсё, папросту нехта больш дасведчаны і абазнаны ў праблеме змог давесці свой пункт гледжання да галоўнага полісімейкера краіны.

Што ж гэта за чалавек? Альбо група людзей? Чые інтарэсы яны лабіруюць? Свае асабістыя? Службовыя і карпаратыўныя? Ці, магчыма, дзяржаўныя? 

МУС? Наўрад ці

Адна з папулярных версій: перапаўненне турмаў. Паводле дадзеных МУС, зараз каля чатырох тысяч чалавек сядзяць у Беларусі па артыкуле 328. Група «Легалайз Беларусь» называе іншую лічбу — 15 тысяч. І яна значна бліжэйшая да ісціны.

Увогуле, пакуль не разгарнулася барацьба са спайсамі, у беларускіх калоніях быў вельмі моцны трэнд на зніжэнне колькасці зняволеных. Напрыклад, восем гадоў таму тых, хто адбываў пакаранне ў месцах пазбаўлення волі, было 48 000 чалавек, у 2011-м — 30 000 чалавек, у 2013-м — 24 000 (паводле афіцыйных дадзеных). Пасля абвешчанай вайны «спайсам» лічбы пайшлі рэзка ўгару — і ўжо ў 2016-м склалі 36 000.

У такім выпадку закон аб дэкрыміналізацыі часткі артыкулу 328 могуць лабіраваць прадстаўнікі Дэпартаменту выканання пакаранняў МУС. Бо ў адсутнасці належнай інфраструктуры перапаўненне турмаў — гэта і пагаршэнне ўсіх магчымых параметраў забеспячэння «кантынгенту», і пагаршэнне кантролю за аператыўнай абстаноўкай, і шматлікія скаргі ад вязняў і іх родных…

Але, улічваючы дадзеныя ад зэкаў, што вызваляюцца, а таксама той факт, што ў Беларусі ў 2014 годзе, ужо ў разгар «барацьбы», закрылі дзве калоніі (№10 у Наваполацку і №19 у Магілёве), а новых не будуюць, робіцца зразумела, што ложка-месцаў для новых зэкаў у Беларусі пакуль хапае. Аднак ДВП — структурная частка МУС, кіраўніком якой з’яўляецца Шуневіч.

А ён літаральна днямі прамым тэкстам заявіў: «Мы дапускаем магчымасць разгляду гэтага пытання заканадаўцамі. Але мая цвёрдая перакананасць, што мы дасягнулі пэўных — няхай не звышсур’ёзных — вынікаў (у барацьбе з наркотыкамі. — НЧ). І рабіць крок назад сёння, на нашу думку, нельга». 

Сілавікі? Міма

Магчыма, дэкрыміналізацыю лабіруюць пэўныя колы сілавікоў? Але — з якога боку ні паглядзі — ім яна не выгадная. Буйныя пасадкі і вялікая колькасць злачынцаў даюць немалы профіт для «праваахоўнай» сістэмы ў агульным. Гэта адразу дае прапарцыянальнае падвышэнне выкрывальнасці, што дазваляе прадставіць сваю дзейнасць больш важнай для кіраўніка краіны і грамадства.

Гэта і павелічэнне штату (альбо добрая магчымасць пазбегнуць ягонага скарачэння), і павелічэнне фінансавання. Калі мы разумеем пад дэкрыміналізацыяй прыбранне крымінальнай адказнасці за захоўванне невялікай колькасці не вельмі моцных псіхаактыўных рэчываў (той жа марыхуаны), то і гэта моцна зніжае аператыўнікам прастору для дзеяння. На буйных пастаўшчыкоў звычайна выходзяць праз шантаж і запужванне менавіта наркаманаў, у якіх знаходзяць маленькія дозы, за якія пагражаюць пасадзіць на доўгі тэрмін.

Тая ж рэзкая заява Шуневіча ўскосна пацвярджае, што ўжо каму-каму, а МУС дэкрыміналізацыя артыкулу 328 патрэбная менш за ўсё. 

Дзяржэліта? Можа быць

Трэба ўлічваць, што наркотыкі ўжываюць людзі самых разных сацыяльных слаёў. І багатыя, і бедныя, і працоўныя, і людзі пры ўладзе. Ужывае іх і гэтак званая «залатая моладзь» — дзеці буйных і не вельмі дзяржслужбоўцаў, бізнесоўцаў. Нават пры беларускім узроўні карупцыі «адмазацца» ад такіх артыкулаў у судзе даволі цяжка. Асабіста мне ў калоніях сустракаліся пасаджаныя паводле артыкулу 328 дзеці з вельмі забяспечаных сем'яў.

У 2016 годзе за незаконны абарот наркотыкаў было асуджана 3 608 чалавек, і апраўдана толькі... трое, што складае 0,083% ад агульнай лічбы. Як бачым, нават добрыя адвакаты і сувязі тут не надта дапамагаюць.

І калі звычайных зэкаў па наркатычным артыкуле лік ідзе на тысячы, то з багатых і ўплывовых — на дзясяткі і сотні. Не выключана, што менавіта яны ўключылі свой лабісцкі рэсурс у Адміністрацыі прэзідэнта і паўплывалі тым самым на рух шасцерняў у дзяржаўнай машыне. 

Бізнес? Верагодна

А можа, уся справа ў чыстай камерцыі? Прымаючы «крыптавалютны» дэкрэт, Лукашэнка разлічваў, што ў Беларусь пацягнуцца майнеры, крыптавалютчыкі і ценявыя капіталы з усяго свету. Магчыма, за будучай дэкрыміналізацыяй стаіць аналагічнае спадзяванне? У Беларусь пацягнуцца аматары паліць марыхуану, як мінімум, з Расіі, дзе антынаркатычныя законы ў нечым больш жорсткія, чым у Беларусі.

Гэта — часцяком забяспечаныя грамадзяне, кожны з якіх пры такім ліберальным рэжыме з радасцю пакіне за адзін візіт у Сінявокую некалькі тысяч долараў. З гульнявым бізнесам, які забаранілі ў Расіі, гэта спрацавала — багатыя расейцы лётаюць у Мінск і пераносяць туды свае казіно. А калі замест дэкрыміналізацыі замуціць легалізацыю і зрабіць з продажу марыхуаны дзяржманаполію...

Падаецца фантастыкай? Але эканаміст Яраслаў Раманчук — дарэчы, цалкам сабе прызнаны Лукашэнкам і «канструктыўны» апазіцыянер — у сваім посце ў сацыяльных сетках падлічыў, што легалізацыя марыхуаны дасць беларускаму бюджэту 1 мільярд долараў на працягу 7 гадоў, што дазволіць усім настаўнікам Беларусі павысіць заробак да 700 долараў у месяц, павялічыць штогадовыя тэмпы эканамічнага росту на працягу 10 гадоў на 1,5–2%, і гэтак далей. А ўжо колькі спецтэхнікі для разгону дэманстрацый можна было б накупіць — нават страшна ўявіць!

 

Будзе плён?

Усё гэта, канешне, толькі разважанні. І варта памятаць, што пакуль ніякіх законаў не прынята, і мы нават не ведаем, што нас чакае: дазвол на захоўванне малых доз любога наркотыка ці толькі таго, што не падпадае ў спіс небяспечных? І будзе тое сапраўдны дазвол ці перавод пакарання ў шэраг адміністратыўных? Якія рэчывы трапяць пад яго, якія — не?

Абнадзейвацца не варта. Занадта шмат прыкладаў, калі добрыя і дрэнныя (асабліва добрыя) змены ў заканадаўстве стопарыліся на паўшляху з-за асабістых інтарэсаў, калі анансаванае дзярждзеячамі — забывалася, а абяцанае — не выконвалася. А нават калі і прымаецца нешта з першага погляду пазітыўнае, як паказвае практыка, заканадаўцы заўсёды пакідаюць прававую лазейку для сваявольства дзяржавы і вольнай трактоўкі літары закону — узгадайце хаця б нядаўні закон аб масавых мерапрыемствах.

Ва ўмовах, калі канчатковыя рашэнні прымаюцца адным чалавекам, разлічваць на ўзважанасць, аб'ектыўнасць і прадуманасць немагчыма. У такіх умовах перамагае пункт погляду тых, хто на дадзены момант мае «доступ да цела» і можа пераканаць кіраўніка дзяржавы ў карыснасці і неабходнасці таго ці іншага закона. Вынікі гэтага змагання мы, калі верыць Саладоўнікаву, пабачым да канца года. Тады, відаць, і будзе бачна, навошта і ў чыіх інтарэсах прымаліся папраўкі. Пачакаць засталося зусім нядоўга.

Шкада толькі, што для тысяч маладзёнаў, якія сядзяць у зонах за пыл у кішэні ці паўтаблеткі, гэтае чаканне занадта цяжкае...


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Абмеркаванне:

  • suntama
  • 2018-03-07 11:29:27
У Беларусь пацягнуцца аматары паліць марыхуану, як мінімум, з Расіі, дзе антынаркатычныя законы ў нечым больш жорсткія, чым у Беларусі.

Дэкрыміналізацыя гэта не лэгалайз. У Расіі навогул каноплі дэкрыміналізованы як і у многіх другіх краінах сьвету. У некаторых краінах наўпрост не звяртаюць ўвагу на марыхуану. Вось спіс дзе больш-менш адлюстравана становішча у свеце да каноплей https://en.wikipedia.org/wiki/Legality_of_cannabis_by_country
p.s. больш дзікага стану чым у Беларусі па каноплям я ня бачыў ва ў ні воднай краіне дзе бываў

Больш цікавага на «Новым Часе»: