Дэльфіны ў мінскім дэльфінарыі не былі зарэгістраваныя ў Мінпрыроды

Гэта стала вядома па выніках праверкі, якую правёў у дэльфінарыі, што знаходзіцца на тэрыторыі мінскага заапарка, Мінскі гарадскі камітэт прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя сумесна з прадстаўніком дзяржаўнага навуковага аб'яднання «Навукова-практычны цэнтр НАН Беларусі па біярэсурсах».

Як гаворыцца ў адказе Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, у ходзе праверкі высветлілася, што ў дэльфінарыі «Нэма» змяшчаюцца тры ціхаакіянскіх бутылканосых дэльфіна, якія падлягаюць абавязковай рэгістрацыі на тэрыторыі краіны іх знаходжання. Таго патрабуе канвенцыя СІТЕС.

За адсутнасць такой рэгістрацыі ведамства прыцягнула да адміністрацыйнай адказнасці службовую асобу з ТАА «ТоЧтоНадо», якому належыць дэльфінарыі.

ТАА таксама атрымала рэкамендацыі ад Нацыянальнай акадэміі навук па выкарыстанні для дэзінфекцыі ў дэльфінарыі сродкаў, якія не ўтрымліваюць хлор.

Праверка ў дэльфінарыі прайшла пасля таго, як беларусы накіравалі ў Мінпрыроды петыцыю з патрабаваннем абмежаваць дзейнасць дэльфінарыя ў краіне.

«Наяўнасць у краіне дэльфінарыяў — не прыкмета цывілізаванасці, а прыкмета рэшткаў сярэднявечнай свядомасці. У свеце разуменне гэтага ўжо ёсць. У многіх краінах даўно ўведзены заканадаўчыя абмежаванні. Існуюць краіны, якія цалкам забаранілі ўтрыманне ў няволі дэльфінаў і кітоў», — гаварылася ў петыцыі, якую падпісалі 1655 чалавек.

Нагадаем, што акрамя стацыянарнага дэльфінарыя «Нэма», па нашай краіне часта гастралююць перасоўныя «турмы для дэльфінаў».

Пэтыцыю супраць такога кшталту дэльфінарыяў падпісала больш за 2700 чалавек. У адказе Мінпрыроды гаварылася, што міністэрства накіравала свае прапановы распрацоўніку Закона «Аб абыходжанні з жывёламі» — міністэрства ЖКГ — аб забароне відовішчных мерапрыемстваў з выкарыстаннем дзікіх жывёл. На момант праверкі дэльфінарый ужо з'ехаў.

Паводле greenbelarus.info

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!