Дэпутатка і бацькі адкрылі рахунак, каб адрамантаваць школу ў Каплічах

Міністэрства адукацыі адмаўляецца рамантаваць школу ў аграгарадку Каплічы Калінкавіцкага раёна. Замест гэтага дзяцей возяць вучыцца ў іншую вёску за 30 кіламетраў. Трэці год жыхарка Каплічаў і мясцовая дэпутатка Роза Стрэльчанка змагаецца за тое, каб адрамантаваць школу ў роднай вёсцы.
Жанчына піша адпаведныя звароты ў розныя інстанцыі з 2016 года, калі ў капліцкай школе абрынуўся кавалак столі. Аднак атрымлівае адмовы, у тым ліку з Міністэрства адукацыі: маўляў, рамонт школы пацягне за сабой вялікія выдаткі.

Пры гэтым сама Роза Стрэльчанка неаднаразова атрымлівала пагрозы па тэлефоне, а таксама некалькі разоў (апошні — сёлета 2 верасня) нехта ад яе імя паведамляў пра мінаванне дзеючай школы ў Шыічах. Нягледзячы на гэта дэпутатка працягвае змагацца за рамонт школы ў Каплічах, і нават напісала ліст у Сусветны банк рэканструкцыі і развіцця, які разам з Міністэрствам адукацыі рэалізуе праект па адраджэнні вясковых школ. Капліцкую школу ў праект не ўключылі, але ў яе ўсё яшчэ ёсць шанец атрымаць фінансаванне, для гэтага неабходны толькі запыт ад Мінадукацыі.

Пакуль чыноўнікі пішуць адмовы, Роза Стрэльчанка і бацькі капліцкіх дзяцей адкрылі рахунак у «Беларусбанку», каб сабраць грошы на рамонт даху ў беларускай школе ў Каплічах. «Бюджэтных грошай на падвоз дзяцей у суседнюю школу патрачана ў разы больш, чым патрабуе рамонт, а ў дзяцей забіраюць іх час», — каментуе сітуацыю на сваёй старонцы ў Facebook палітык Павел Севярынец і просіць усіх неабыякавых падтрымаць ініцыятыву.

Пералічыць грошы на рамонт школы ў Каплічах можна на рахунак:

BY95 AKBB 3134 0000 1587 9332 0313 BYN

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!