Дэпутаты прагаласавалі за амністыю: на волю выйдзе 6 тысяч чалавек

У пятніцу, 28 чэрвеня, Палата прадстаўнікоў прыняла адразу ў двух чытаннях законапраект аб амністыі з нагоды 75-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, паведамляе «Еўрарадыё».

Палата прадстаўнікоў / Зміцер Лукашук, Еўрарадыё

"За" прагаласавалі 104 дэпутаты, "супраць" — 0. Па словах кіраўніка МУС Юрыя Караева, які прадстаўляў праект закона, амністыя закране каля 6 тысяч зняволеных.

Сёлета амністыя расцягнецца на дзевяць месяцаў (мінулую паспелі правесці за шэсць). У ліку амніставаных будуць і асуджаныя па частках 1, 2 і 3 антынаркатычнага артыкула 328 Крымінальнага кодэкса. Пры ўмове станоўчых характарыстык па месцы заключэння і кампенсацыі шкоды ім скароцяць тэрмін на год, а непаўналетнім — на два гады.

Дэпутаты задалі міністру ўнутраных спраў толькі адно пытанне: ці прадугледжаныя нейкія выдаткі на вяртанне зняволеных у грамадства. Караеў адказаў, што ускосныя выдаткі (напрыклад, на афармленне дакументаў), вядома ж будуць. Але, напрыклад, на стварэнне працоўных месцаў для амніставаных дадатковых сродкаў выдучана не будзе.

"Адмыслова для іх працоўныя месцы стварацца не будуць. Імі будуць запаўняцца свабодныя вакансіі", — дадаў Юрый Караеў.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!