Для адказнасці каранцін не патрэбны?

Істэрыя каронавіруса ўсё ж ахапіла ўвесь свет, і Беларусь таксама. Пры гэтым нам нават не давялося закрываць свае межы — гэта за нас зрабілі ўсе нашы суседзі. Паніка — яна ірацыянальная.

Ілюстрацыя "Радыё Свабода"


Дарэчы, СААЗ лічыць, што ўвядзенне абмежаванняў на перамяшчэнне людзей і тавараў у перыяды надзвычайных сітуацый у галіне аховы здароўя «ў большасці выпадкаў не з’яўляецца эфектыўнай мерай і можа адцягваць рэсурсы ад іншых мерапрыемстваў». Больш за тое, абмежаванні могуць прыводзіць да збояў пры дастаўцы неабходнай дапамогі, парушаць дзейнасць гаспадарчых суб’ектаў і мець негатыўныя сацыяльна-эканамічныя наступствы для закранутых імі краін.

«Увядзенне значных абмежаванняў на міжнародныя перавозкі можа быць апраўдана ў пачатку ўспышкі, паколькі можа даць краінам неабходны час для аператыўнага прыняцця эфектыўных мераў па забеспячэнні гатоўнасці. Такія абмежаванні павінны ўводзіцца толькі на падставе дакладнай ацэнкі рызыкі, быць суразмернымі рызыцы для здароўя насельніцтва, дзейнічаць непрацяглы час і рэгулярна пераглядацца па меры развіцця сітуацыі, — адзначаецца ў заяве СААЗ. — Актыўнае тэставанне, выяўленне выпадкаў і адсочванне кантактаў у сукупнасці з мерамі сацыяльнага дыстанцыявання, мабілізацыі мясцовых супольнасцяў і ўмацавання сістэм аховы здароўя, могуць прадухіліць перадачу інфекцыі і выратаваць чалавечыя жыцці».

А тым часам у інтэрнэце гуляюць петыцыі за ўвядзенне каранціну. І вось ужо Ганна Канапацкая, якая, нібыта, не пагаджалася з тым, што трэба адстойваць вынікі прэзідэнцкіх выбарах на вулічных акцыях (маўляў, ёсць іншыя законныя сродкі апратэставання вынікаў у выпадку фальсіфікацый), сама выходзіць на тую ж самую вулічную акцыю. Яна правяла адзіночны пікет ля Дома ўрада з патрабаваннем увесці каранцін. Прычым, які каранцін — Канапацкая нават не паведаміла. Толькі ў ВНУ? У навучальных установах? У месцах масавага збору людзей? Агулам па краіне?

І ніхто з падпісантаў гэтых петыцый не задумаўся, што стане з эканомікай нашай краіны, калі каранцін будзе ўведзены напоўніцу. Як думаеце, ці доўга чакаць дэвальвацыі? Адкуль возьмуцца грошы на заробкі тых, хто не будзе вымушана выходзіць на працу, і тых, хто якраз вымушана будзе працаваць больш? Што будзе з нашымі бізнесоўцамі, і за чый кошт яны захочуць кампенсаваць выдаткі? Ці будуць своечасова выплочвацца пенсіі і заробкі бюджэтнікам? Наколькі вырастуць кошты?

А што здарыцца, калі ў Беларусі будзе ўведзены каранцін? Людзі перастануць выходзіць з дому? Будуць сядзець дома ў чатырох сценах ды глядзець хронікі каронавіруса ў інтэрнэце і па тэлебачанні? Цікава, што замінае без каранціну не наведваць шматлюдныя месцы?

Журналістка Любоў Лунёва на прэс-канферэнцыі з нагоды Кангрэсу за незалежнасць распавядала калегам, як яна рабіла апытанку сярод студэнтаў, якім цяпер абмяжоўваюць заняткі ці пераводзяць на дыстанцыйнае навучанне. Маладзёны скардзіліся, маўляў, іх жа ніхто не папярэдзіў, што, прыходзячы з вуліцы, трэба мыць рукі і твар! Таму каронавірус распаўзаецца па ВНУ.

Дажыўшы да ВНУ, людзі не навучыліся выконваць правілы персанальнай гігіены? Напэўна, сапраўды патрэбны загад Лукашэнкі ці ўраду, каб пачаць мыць рукі перад ежай ці добра мыць садавіну і гародніну перад спажываннем?

Ёсць такое добрае слова, якое паўсюль цяпер ужываюць у свеце, — «самаізаляцыя». Акцёр Том Хэнкс з жонкай, у якіх выявілі каронавірус, спынілі ўдзел у здымках фільму, прайшлі курс лекавання, але ўсё роўна самаізаляваліся ў той самы каранцін. І цяпер посцяць забаўныя фотачкі ў інстаграм. Сын міністра замежных спраў Уладзіміра Макея распавёў у сацсетках, што знаходзіцца на «хатнім» каранціне, бо некаторыя навучэнцы яго школы нядаўна пабывалі ў Італіі.

Дарэчы, Міністэрства адукацыі дазволіла бацькам забіраць дзяцей са школы і пераводзіць на хатняе навучанне. Таму для таго, каб вашы дзеці не хадзілі ў школу, зусім не абавязкова абвяшчаць каранцін. Вы самі можаце прыняць такое рашэнне. Гэтак жа, як можаце ўзяць адпачынак (чарговы ці за свой кошт). Таксама абсалютна без абвяшчэння каранціну вы можаце не наведваць шматлюдныя месцы, не ездзіць у небяспечныя краіны (ці наогул нікуды не ездзіць), не карыстацца грамадскім транспартам, не хадзіць без пільнай патрэбы ў крамы.

Кожны сам можа рабіць ці не рабіць усё тое, што будзе, калі каранцін абвесцяць афіцыйна. Для таго, каб быць адказным за сваё здароўе і здароўе тых, хто побач, не абавязкова рашэнне Лукашэнкі. Таму нагадваем: мыйце часцей рукі, не дакранайцеся да твару, без патрэбы не наведвайце шматлюдныя месцы, умацоўвайце свой імунітэт, не забывайце пра свежае паветра, абмяжуйце кантакты, трымайце дыстанцыю ад іншых людзей у грамадскіх месцах не менш за метр. І, нарэшце, не скупляйце ўсё ў крамах: падумайце пра тых, хто не мае запасаў грошай і харчавання.

Для даведкі: па стане на 21 сакавіка ў Беларусі зафіксавана 76 выпадкаў каронавіруса. Па даных Міністэрства аховы здароўя, 15 пацыентаў ужо выпісаныя з медыцынскіх устаноў, яшчэ 61 знаходзіцца ў бальніцах.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: