Для беларусаў у Літве прадумваюць COVID-тэсты на мяжы і сертыфікаты

Магчыма, увосень узрасце колькасць захворванняў на каронавірус, сказаў кіраўнік літоўскага Цэнтра інфекцыйных захворванняў і СНІДу Саўлюс Чаплінскас. Нягледзячы на гэта трэба навучыцца жыць з вірусам — з цягам часу адкрыць межы, але пры гэтым знізіць рызыку заражэння грамадзян да мінімуму. Літве гэта дапамагла б зрабіць устаноўка на КПП — асабліва з Беларуссю і Расіяй — сучасных пунктаў праверкі.
s13.ru

s13.ru

Па словах прафесара, у Літвы ёсць важныя эканамічныя і чалавечыя сувязі ў Беларусі, таму рана ці позна адкрыць межы давядзецца.

«Чаму б не ўвесці пашпарт або сертыфікат COVID-19? Хочаш праехаць, праверся і пакажы.

Яшчэ адно пытанне — я думаю, што хутка надыдзе такі час, калі можна мець на мяжы спецыяльнае абсталяванне, з дапамогай якога на працягу 30 хвілін, прама на месцы, можна выканаць тэст. Так, гэта каштуе грошай, але, можа, сам чалавек быў бы зацікаўлены заплаціць»,
— мяркуе Саўлюс Чаплінскас.

Ён падкрэсліў, што такая праверка павінна тычыцца, у першую чаргу, грамадзян краін, якія не ўваходзяць у ЕС.

«Я магу канкрэтна сказаць: па маіх дадзеных, калі вельмі пастарацца, у Літве такое абсталяванне можа з'явіцца на працягу двух месяцаў. Але ведаеце, як кажа Трамп: America — first. У першую чаргу такой тэхналогіяй хочуць забяспечыць Амерыку. Ёсць і іншыя сучасныя спосабы, толькі не трэба баяцца іх прымяняць», — дадаў прафесар.

Адказваючы на пытанне, калі магчымая другая хваля віруса, эксперт не дае канкрэтны прагноз, але сцвярджае, што ўвосень рызыка вырасце. Гэта звязана, у тым ліку, з пахаладаннем і тым, што людзі пачнуць зачыняцца ў памяшканні.

Паводле дадзеных на сёння, 27 траўня, у Літве зарэгістравана 1639 выпадкаў каронавіруса, з іх 65 смяротных. Ачунялі 1165 чалавек, цяпер хварэюць 409.
 
Сёння ўрад Літвы мае намер зноў падоўжыць усеагульны каранцін да канца чэрвеня, аднак зрабіць чарговыя паслабленні. Адменяць кантроль на мяжы з Латвіяй, кавярням і начным клубам дазволяць працаваць на гадзіну больш — да 23 гадзін, дазволяць камандныя гульні і спартыўныя мерапрыемствы з гледачамі на адкрытым паветры.

З 1 чэрвеня ў закрытых памяшканнях можна будзе праводзіць мерапрыемствы з удзелам да 100 чалавек, а на адкрытым паветры—- з удзелам да 300 чалавек з захаваннем дыстанцыі ў два метры. Урад таксама мае намер адмяніць забарону збірацца ў грамадскіх месцах не больш чым пяці асобам, калі яны не з'яўляюцца членамі адной сям'і.

Усеагульны каранцін у Літве быў уведзены з 16 сакавіка.

Паводле delfi.lt

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: