Праваслаўныя і грамадcкія дзеячы пра прапанову каталікоў зрабіць выходным 1 лістапада

Каталіцкія біскупы Беларусі звярнуліся да Аляксандра Лукашэнкі з прапановай зрабіць 1 лістапада выходны дзень для ўшанавання памяці памерлых. Свабода пацікавілася, што пра гэта думаюць прадстаўнікі праваслаўнай царквы і грамадcкія дзеячы Беларусі.

Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, мітрапаліт Мінска-Магілёўскі

Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, мітрапаліт Мінска-Магілёўскі

Паводле кіраўніка каталіцкай царквы ў Беларусі мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча, наданне дню ўшанавання памяці памерлых статусу выходнага «прывядзе да балянсу з праваслаўнай царквой, дзе вернікі маюць выходны дзень — Радаўніцу».

Гісторык жа Анатоль Сідарэвіч пабачыў у ініцыятыве рыма-каталіцкіх біскупаў намер «зламаць народную традыцыю» адзначэння Дзядоў 2 лістапада, а таксама «жаданне не наступіць на мазоль Лукашэнку».

«Маўляў, мы не патрабуем паўторнага надання Дзядам статусу выходнага дня, мы хочам, каб выходным быў дзень 1 лістапада», — напісаў у блогу на Свабодзе Сідарэвіч.

«Будуць афіцыйныя прапановы на наш адрас, будзем размаўляць»



Сергій Лепін, протаярэй, старшыня сbнадальнага інфармацыйнага аддзелу Беларускай праваслаўнай царквы:

— Мы не атрымлівалі ніякіх прапаноў на гэты конт. Будуць афіцыйныя прапановы на наш адрас, будзем размаўляць. У нашым календары ёсць асаблівыя дні памінання памерлых — гэта бацькоўскія суботы. Калі нейкую з іх зробяць выходным, то чаму не. Будзе выдатна.

«Ненармальна, што і 25 снежня выходны»

Ілюстрацыйнае фота. Шэсце на Дзяды

Ілюстрацыйнае фота. Шэсце на Дзяды



Сергій Гардун, праваслаўны протаярэй:

​— Да гэтай ініцыятывы стаўлюся адмоўна. Бо 1 ці 2 лістапада — гэта дзень памінання памерлых толькі для каталікоў. У нас каталікі ў меншасці. У ніводнай краіне дзень, які не належыць нацыянальнай ці рэлігійнай большасці, ня можа быць выходным. У нас ненармальна, што і 25 снежня выходны, бо гэта свята для рэлігійнай меншасці. Няма такой народнай традыцыі для праваслаўных. Ніводзін чалавек у нашым сяле 1 лістапада не хадзіў на могілкі.

«Царкоўныя ўлады ўлазяць не ў сваю юрысдыкцыю»



Наталля Васілевіч​, тэолаг, дырэктар цэнтру «Экумена»: ​

— У Беларусі Радуніцу і Дзяды адзначаюць і каталікі, і праваслаўныя. Для людзей у справе памінання продкаў няма асаблівага канфесійнага разыходжання. Фактычна гэты культ продкаў больш старажытны, чым хрысціянства на нашых землях.

Спроба царкоўных уладаў неяк рэгуляваць гэты працэс, у тым ліку праз усталяванне святаў, азначае, што царкоўныя ўлады ўлазяць не ў сваю юрысдыкцыю, ідуць са сваім статутам у чужы манастыр.

У першую чаргу трэба было б вярнуць велікодныя панядзелкі ў якасці сьвяточных. Таксама вялікую пятніцу перад Вялікаднем зрабіць выходным днём».

«Гэта будзе адзін з пунктаў апоры для нацыянальнай свядомасці»



Павал Севярынец, сустаршыня Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі​:

— Выходны дзень 1 лістапада не перашкодзіў бы. У нас і так на Радаўніцу мільёны беларусаў едуць у свае вёскі прыбіраць могілкі. Таму альбо бліжэйшая субота, альбо штосьці такое. Вясновыя Дзяды і восеньскія Дзяды. Таму я «за». Проста будзе фіксаваны выходны дзень.

Гэта фіксаванне на дзяржаўным узроўні таго ментальнага зрэзу, які робіць беларусаў адметнымі. Гэта будзе адзін з пунктаў апоры для нацыянальнай свядомасці».

«Гэтае свята не дзялілася па канфесіях»



Алесь Бяляцкі, старшыня праваабарончага цэнтру «Вясна»​:

— Я «за» дзвюма рукамі. Гэта прыпадае на перыяд Дзядоў. Некалі гэты дзень і быў выходны. Дзяды святкуюцца ў нас і ў змешаных сем’ях, ня толькі каталікамі, але і багата дзе праваслаўнымі. Па запісах этнографаў, у 19 стагоддзі гэтае свята адзначалася па ўсёй Беларусі, не дзялілася па канфесіях, а мела такое ж значэнне, як і Радаўніца вясной. Гэта мае глыбокі сімвалічны сэнс — не забывацца, адкуль мы, хто мы. Таму гэта было б вельмі правільным.

Лукашэнка адмяніў выходны на Дзяды


Выходны на Дзяды 2 лістапада і ў другі дзень пасля Вялікадня адмяніў Аляксандар Лукашэнка сваім указам у 1998 годзе.

У кастрычніку на сайце zvarot.by з'явілася петыцыя з просьбай зрабіць 1 ці 2 лістапада выходным днём. Паводле аўтараў петыцыі, выходны патрэбны дзеля таго, каб наведаць могілкі на Дзяды. На момант здачы матэрыялу зварот падпісалі больш за 1788 чалавек.

У каляндар дзяржаўных святаў Вялікдзень, другі дзень пасля Вялікадня, дзень памінання продкаў (Дзяды) былі ўнесеныя ў 1991 годзе. Адпаведны закон «Аб святочных днях» быў прыняты Вярхоўным Саветам пад кіраўніцтвам Станіслава Шушкевіча. Гэтыя дні былі выходнымі да ўказу Аляксандра Лукашэнкі, прынятага ў 1998 годзе. Указ выклікаў хвалю крытыкі ў грамадстве.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Абмеркаванне:

  • Ihar
  • 2017-12-02 18:53:31
Не нармальна, што праваслаўная царква па старым календары жыве. "Няма такой народнай традыцыі для праваслаўных" - смешна ўвогуле, што поп маскоўскі ведае пра народную традыцыю. А выходны 25-га снежня - быў і няхай застаецца.
  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: