«Для выкарыстання ў працы». Спіс, які ўзначальваюць Ціханоўская і Латушка, разаслалі па агенцтвах нерухомасці

У Беларусі ім забаронена здымаць і купляць кватэры, а таксама — браць іх на працу рыэлтарамі.


Агенцтвы нерухомасці атрымалі з Мінюста дзіўны дакумент. У ім інфармуецца пра даныя, што паступілі з КДБ адносна асоб, якія маюць дачыненне да тэрарыстычнай дзейнасці. У спісе 18 прозвішчаў, і ўзначальвае іх Святлана Ціханоўская. Характэрна, што дакумент накіраваны ў агенцтвы — «для выкарыстання ў працы», піша «Салідарнасць».

Справядлівасці дзеля адзначым, што Мінюст не першы раз рассылае падобныя спісы «тэрарыстаў». Праўда, у агенцтвах кажуць, раней у іх былі запар прозвішчы нейкіх баевікоў, накшталт Бен-Ладэна. Па задумцы Мінюста, як толькі чальцы «Аль-Каіды» або ІДІЛ захочуць ўладкавацца працаваць у сферы нерухомасці або, чаго добрага, задумаюць набыць сабе кватэру дзе-небудзь у Новай Баравой, работнікі агенцтва павінны будуць занесці гэтую сумнеўную здзелку ў спецыяльны фармуляр і затым паведаміць пра гэта куды належыць.

Дарэчы, спецыяльны фармуляр для такіх здзелак у агенцтвах таксама маецца. Гэта абавязковы дакумент, і яго адсутнасць пагражае сур’ёзнымі штрафнымі санкцыямі.

Зрэшты, цяпер тыя самыя баевікі могуць выдыхнуць. У «тэрарыстаў» 2021 года, на думку КДБ і Мінюста — спрэс славянскі твар.


Сярод тых, каму не «свеціць» праца ў агенцтве нерухомасці і дачны домік пад Заслаўем, 18 чалавек. Узначальвае спіс Святлана Ціханоўская. Яшчэ пяцёра чалавек за ёй ідуць па-за алфавітнай чаргой — відавочна, па ступені сур’ёзнасці іх «тэрарыстычнай» дзейнасці:

  • Латушка Павел Паўлавіч (экс-амбасадар, кіраўнік НАУ);
  • Матолька Антон Гадзімовіч (блогер);
  • Макар Ігар Пятровіч (экс-кіраўнік спецпадраздзялення «Алмаз»);
  • Астаповіч Андрэй Ігаравіч (былы следчы, адзін з заснавальнікаў ByPol);
  • Лупаносаў Станіслаў Аляксандравіч (былы афіцэр ГУБАЗіКа, якога ўлады лічаць інфарматарам ByPol).

Астатнія «тэрарысты» размешчаныя па алфавіце. Усе яны — былыя сілавікі, некаторыя маюць дачыненне да ByPol.

Характэрна, што замыкае ўвесь спіс Вячаслаў Маляйчук — экскаватаршчык, які, паводле сцвярджэння МУС, заклаў выбуховае прыстасаванне ў смеццевым баку ля дзіцячай пляцоўкі ў сталіцы і меў падобныя планы на ваенны гарадок у Печах.

Апошні раз Малейчука бачылі ў сюжэце БТ у якасці затрыманага, калі ён, моцна збіты, распавядаў пра свае гнюсныя планы для «выказвання грамадзянскай пазіцыі». Пра жаданне зняць кватэру ці ўладкавацца рыэлтарам Малейчук не згадваў, хаця, напэўна, хацеў бы цяпер палепшыць свае жыллёвыя ўмовы і статус.

У дакуменце пазначана, што дадзеныя грамадзяне займаюць нумары ў табліцы тэрарыстаў 747-764.

Што ж, можна толькі здзіўляцца кемлівасці Мінюста. Дзякуючы яго пільнасці агенцтвы нерухомасці цяпер змогуць супрацьстаяць падступным планам тэрарыстаў і не дадуць ім займець свой утульны куток у самай экстрэмісцкай краіне свету.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: