Добрае пра 7 лістапада і рэвалюцыю

Аптымізм, ідэалізм, скіраванасць у будучыню і прага да пабудовы справядлівага і сумленнага грамадства, рашучасць у зрынанні несправядлівых парадкаў — усяго гэтага моцна бракуе нам, што жывуць праз амаль сто гадоў пасля 1917 года.



Улётка беларускіх камуністаў наконт таго, што «Без Кастрычніцкай рэвалюцыі не было б БНР», канечне, тонкі тролінг і не абавязаная быць цалкам акуратнаю (бо хто ведае, што б там было ва ўмовах дэмакратычнай федэратыўнай «лютаўскай» Расіі), але ж штосці за гэтымі тэзісамі бясспрэчна ёсць.
 
 
 
 
 
Сучасныя расійскія імперскія шавіністы і кансерватыўныя камуністы любяць савецкі рэжым за тое, што гэта быў рэпрэсіўны таталітарны і кансерватыўны рэжым, якога ўсе баяліся, які імкнуўся да ўзброенай экспансіі, тэрарызаваў людзей паводле іх сацыяльнага і этнічнага паходжання, падаўляў наватарскія праявы ў эканоміцы, культуры і мастацтве. Але ж ёсць рэчы ў раннім савецкім рэжыме, якія тыповым сучасным «савецкім патрыётам» рашуча не могуць падабацца  і як раз яны пералічаныя ў той улётцы.
 
 
Бальшавікі прыйшлі да ўлады на хвалі адмаўлення старой Расіі  грамадства, чые супярэчнасці, сацыяльную і нацыянальную несправядлівасць трэба было вырашаць іншымі метадамі, чым як гэта спрабавалі (або рабілі выгляд, што спрабуюць) камуністы. Але адмаўляць наяўнасць гэтых супярэчнасцяў і праблемаў можа толькі Нікіта Міхалкоў, які ў сваіх найноўшых інтэрвію чамусь сцьвярджае, што дарэвалюцыйную Расію загубілі ліберальныя інтэлігенты, а не, напрыклад, рэпрэсіўны і адсталы палітычны рэжым на чале з некампетэнтным царом.
 
 
Ужо ў канцы 1920-х гадоў бальшавіцкая парадыгма змянілася, на змену фанатыкам-ідэалістам да кіраўніцтва прыйшла, кажучы простымі словамі, кансерватыўная чэрнь, якой прывілеі і доступ да кармушкі былі важнейшыя за марксісцкія ўтапічныя ідэалы. Прыкладна тады ж скончылася і хвалёная савецкая «беларусізацыя» ў БССР.
 
 
З гэтае чэрні вырасла застойная брэжнеўская наменклатура, гэтая ж чэрнь сваім цынізмам спарадзіла цынізм ва ўсім савецкім грамадзтве, якое на словах клялася ў вернасьці адарваным ад рэчаіснасьці сацыялістычным ідэалам, а ў душы было наскрозь нігілістычным і пазбаўленым інтарэсаў, якія былі б вышэйшымі за карыта з харчом.
 
 
Дакладна як для цяперашняга кіраўніцтва Расіі, для якога галоўную ролю адыгрывае тая ж самая кармушка і для якіх сённяшні праваслаўны нацыяналізм і імперыялізм  збольшага «панты», вынік празмерна раздзьмутага на нафтагазавых грошах пачуцця ўласнай значнасці і беспакаранасці. Пачуцця, ад якога па меры падзення цаны на нафту і па меры рэалізацыі эфекта ад міжнародных санкцый расіяне ўжо хутка могуць пачаць цверазець.
 
 
Хваля рэпрэсій 1937 года  пік савецкага тэрора  была скіраваная ў найбольшай ступені менавіта супраць старых бальшавікоў, супраць занадта ідэйных камуністаў: людзей з ультрарадыкальнымі палітычнымі поглядамі, але з наяўнасцю гэтых самых поглядаў, а не проста лаяльных да Сталіна. Зрэлы і позні СССР  імперскі, шавіністычны, кансерватыўны  быў антаганістам духу ранняе савецкае ўлады  дынамічнай, утапічнай, вар'яцкай (і крывавай, зрэшты, таксама). Быў, зрэшты, антаганістам і карцінцы пра самога сябе, антаганістам камсамольска-касманаўцкаму энтузіязму, які выпраменьвала савецкая прапаганда.
 
 
Але ж няўжо савецкія энтузіязм, аптымізм, ідэалізм, скіраванасць у будучыню і (калі не паглыбляцца ў дэталі) прага да пабудовы проста справядлівага і сумленнага грамадства, рашучасць у зрынанні несправядлівых парадкаў  няўжо ўсё, абсалютна ўсё гэта было несапраўднае?
 
 
Няўжо ўсё гэта было хлуснёй? Усе гэтыя рэчы, якіх так не хапае нам з вамі, сучасным?
 
 
Алесь Чайчыц, nn.by

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: