Доктар Камароўскі пра каранцін: «Я б зрабіў, як Лукашэнка»

Вядомы ўкраінскі лекар і тэлевядучы доктар Камароўскі падтрымаў неўвядзенне ў Беларусі каранціну з-за каронавіруса. Ніхто не ведае, ці правільна ўводзіць каранцін ці не, але, калі б ён быў прэзідэнтам, то пайшоў бы па шляху Лукашэнкі.

Яўген Камароўскі пракаментаваў сітуацыю з COVID-19 у Беларусі і заявіў, што цалкам падтрымлівае рашэнне не ўводзіць у краіне каранцін. Відэа каментара Камароўскага размешчанае ў тэлеграм-канале «Официальный Минздрав».

Паводле доктара Камароўскага, ніхто ў свеце пакуль не ведае, ці правільна ўводзіць каранцін, ці не. Аднак, калі б ён быў прэзідэнтам, то пайшоў бы па шляху Лукашэнкі.

Пры гэтым Яўген Камароўскі лічыць, што гэта было палітычнае рашэнне, аднак «ён амаль упэўнены», што беларускі кіраўнік прыслухаўся да парадаў лекараў, навукоўцаў і эпідэміёлагаў. «Побач з ім былі, значыць, нармальныя лекары, эпідэміёлагі, Акадэмія навук. І яны ведалі, калі яму давалі гэтыя парады, што ён з іх скуру спусціць, калі што не так. Але здолелі гэта ўзяць на сябе», — перакананы Камароўскі.

Украінскі лекар заявіў, што ўлады ўсіх тых краін, якія ўвялі каранцін, цяпер глядзяць на Беларусь. «Тыя, хто ўвёў каранцін, папросту мараць пра тое, каб заўтра ў Беларусі здарылася катастрофа». «Таму што для іх гэта будзе прыклад: «Вось бачыце, які там мор, а мы якія крытыя малайцы — у нас такога няма», — растлумачыў украінскі доктар.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: