Доктар: «Страшна ўявіць, што можа адбыцца з медыцынай»

Каля 5 тысяч беларускіх медыкаў падпісаліся пад зваротам да ўладаў. У выпадку невыканання патрабаванняў яны пагражаюць звольніцца. Адзін з падпісантаў ліста расказаў «Свабодзе», чаму гэта зрабіў.
Флэшмоб лекараў шпіталя хуткай дапамогі (зьлева) і журналістаў Tut.by

Флэшмоб лекараў шпіталя хуткай дапамогі (зьлева) і журналістаў Tut.by


Суразмоўца, які папрасіў пра ананімнасць, мае больш за 16 гадоў стажу. 12 гадоў адпрацаваў лекарам хуткай дапамогі ў Мінску, затым быў намеснікам галоўнага ўрача ў раённай бальніцы. У сувязі са жнівеньскімі падзеямі звольніўся. Цяпер зноў працуе лекарам на «хуткай», але ўжо напісаў новую заяву на звальненне.

«Не хацеў спрыяць хлусні адміністрацыі»

«Я пачаў гаварыць праўду і выконваць сваю працу так, як гэта неабходна рабіць, — расказвае лекар пра сваё жнівеньскае рашэнне аб звальненні з кіраўнічай пасады. — Гэта тычылася і статыстыкі па смяротнасці, і іншых рэчаў. Адміністрацыю гэта не задаволіла, нашы інтарэсы пайшлі ўразрэз. Але можна сказаць, што ўсё гэта пачалося яшчэ раней, з вясны. Калі афіцыйная статыстыка па каронавірусе пачала, скажам так, не адпавядаць рэчаіснасці».

Лекар кажа, што яшчэ ў красавіку смерці ад каронавіруса арганізавана спісваліся на спадарожную захворванню паталогію. Ён кажа, што гэта ўжо адпрацаваная ў Беларусі схема. Тое самае, напрыклад, тычыцца і смерцяў ад анкалогіі. Яны часта спісваюцца на захворванні сардэчна-сасудзістай сістэмы ды іншыя.
«Мне гэта было непрыемна, — кажа лекар. — Я як намеснік галоўнага ўрача нёс за гэта адказнасць. А летам усё пачало нарастаць. Я для сябе вырашыў, што больш не буду гэтага рабіць. Што не хачу спрыяць хлусні з боку адміністрацыі. Расказаў пра гэта сваім супрацоўнікам, яны мяне падтрымалі. Кантракт у мяне быў да канца года, мы дамовіліся разарваць яго па згодзе бакоў».

«Па дакументы для пацвярджэння дыпломаў прыходзяць 5–6 чалавек штодня»

Па словах суразмоўцы, у бліжэйшыя два месяцы ён павінен вырашыць, ці заставацца ўвогуле жыць у Беларусі. Працаваць у сферы медыцыны тут, калі ў краіне не адбудуцца важныя змены, яму будзе складана.
«Я пастаянна размаўляю з калегамі з майго патоку па ўніверсітэце, — кажа лекар. — Шмат хто з іх не мае намеру заставацца тут. У Беларусі цяпер няма ўмоваў для таго, каб працаваць. Шмат хто з медыкаў таксама непакоіцца пра сваю бяспеку і пра бяспеку сваёй сям’і. Бо калі выкрадаюць урача проста з працоўнага месца, гэта як разумець? І я не перабольшваю, гэта гісторыя доктаркі з мінскага абласнога шпіталя, якая пайшла на прыём да пацыенткі і не вярнулася дадому. Альбо калі побач са шпіталямі затрымліваюць лекараў? Пра якую бяспеку можна гаварыць?»

Урач кажа, што лекары не бачаць у Беларусі будучыні ні для сябе, ні для сваіх сем’яў. Прычым гэта ўжо не толькі размовы, але і канкрэтныя дзеянні.

«Нядаўна я быў ва ўніверсітэце, мне ў вучэбным аддзеле сказалі, што 5–6 чалавек штодзень прыходзяць па дакументы, неабходныя для пацвярджэння дыпломаў за мяжой, — расказвае суразмоўца. — Гэтыя дакументы патрэбныя для эміграцыі. Выпіска з адзнакамі, планы вучобы і інтэрнатуры. Гэта ўсё разглядаецца ў еўрапейскіх краінах. Недастаткова проста пацвердзіць дыплом, неабходна яшчэ пацвердзіць гадзіны вывучэння пэўных дысцыплін. Калі іх не хапае, то прызначаецца дадатковае навучанне. І вось шмат хто цяпер акурат гэтым усім займаецца».

Па словах лекара, у прыярытэце сярод ягоных калегаў цяпер Польшча, бо гэтая краіна спрасціла працэдуру пераезду для лекараў з краін, якія не ўваходзяць у ЕС. Гэтаму спрыяе і падабенства моваў. Не кожны наважыцца ў сталым веку пераязджаць у нямецка- або франкамоўную краіну, дзе ведаць дзяржаўную мову на высокім узроўні — абавязковая ўмова, каб працаваць па прафесіі.

Лекар кажа, што гульні са статыстыкай у беларускай медыцыне пачаліся не з каронавіруса. Па словах суразмоўцы, гэта звычайная справа.

«Прыклады простыя, — кажа ён. — Чалавек хварэе на анкалогію. 3–4 стадыя, за 70 гадоў. Яго кладуць у стацыянар. Там чалавек памірае. Прычына смерці — сардэчна-сасудзістая. Зразумела, што памёр ён ад раку. А галоўны ўрач кажа, што не, што прычына смерці — сэрца, хаваць яго трэба з адпаведнай пазнакай. Калі ўпісаць анкалогію, гэта будзе негатыўна адбівацца на галоўным урачы. Гэта ўсё адбываецца ў любым стацыянары краіны, усе пра гэта ведаюць. Тое самае тычыцца і смяротнасці ад інфарктаў. Усё хаваецца, каб смяротнасць ад інфарктаў не перавышала пэўных значэнняў».

«Прыйшоў міліцыянт у бальніцу і патрабаваў прыняць яго без чаргі»

Па словах суразмоўцы, асаблівая сітуацыя склалася з каронавірусам. Пасля веснавой хвалі ў медыкаў былі надзеі, што ўлады адумаюцца і падыдуць да праблемы больш сур’ёзна. Але гэтага не адбылося.
«Мінздароўя працягвае нахабна хлусіць, — кажа лекар. — Можна параўнаць статыстыку смяротнасці за суткі, вясной і цяпер. У еўрапейскіх краінах за суткі памірае 600–700 чалавек. А ў нас 5–6. Апошнім часам пачалі 7 пісаць. У адной ЦРБ па Мінску за суткі назбіраецца больш за 40 чалавек, якія памерлі ад каронавіруса. У Мінску 5–6 такіх шпіталяў. Статыстыка па ўсёй краіне заніжаная ў дзясяткі разоў».

Па словах суразмоўцы, такая хлусня прывяла да таго, што цяпер у Беларусі значна большая захворвальнасць на COVID-19, чым магла б быць. Людзі проста не адчувалі небяспекі і паводзілі сябе неадпаведна, не трымаліся рэжыму.

«Медыкаў абураюць таксама паводзіны супрацоўнікаў сілавых структураў, — дадае ён. — Нядаўна ў Брэсце прыйшоў міліцыянт у бальніцу і патрабаваў прыняць яго без чаргі. З якой нагоды? Людзі ўсе роўныя. Ты прыйшоў у паліклініку, ты звычайны пацыент. Чакай. Ніякіх перавагаў у яго няма, ніводзін сілавік у паліклініцы іх не мае. А яны ўжо гэтым нават абураюцца. Лекары таксама баяцца такой рэакцыі. Баяцца, што гэта можа адбіцца на іх працы».

«Нам ужо няма чаго губляць»

Па словах лекара, да таго, што медыкі сёння сталі фактычна асобнай шматлікай групай пратэстоўцаў, прывёў шэраг прычын.

«Усё наклалася, пачынаючы з каронавіруснай інфекцыі, — кажа суразмоўца. — З хлусні пра яе. Калі б Мінздароўя паказала праўдзівую статыстыку, то людзі б больш сур’ёзна паставіліся да гэтага. Заняткі ў школах можна было б адмяніць. Мы бачым, што з пачаткам навучальнага года ўсплёск чарговы.

Неапраўдана высокі ўзровень гвалту з боку праваахоўнікаў моцна паўплываў. І ў дачыненні да простых мірных грамадзян, і ў дачыненні да медыкаў таксама. Я цяпер насамрэч проста баюся ісці па вуліцы, мае родныя таксама. Гэта ўжо канец, мы не можам больш маўчаць.

Вось апошні выпадак, калі затрымалі нашага калегу са шпіталя хуткай медычнай дапамогі. За тое, што ён проста апублікаваў праўду (гаворка пра лекара, які расказаў пра нулявы ўзровень алкаголю ў крыві загінулага Рамана Бандарэнкі. — РС). А кіраўніцтва краіны працягвае хлусіць. Лекар мае права прадстаўляць інфармацыю аб стане пацыента альбо з яго згоды, альбо са згоды родных. Маці Рамана сама перадала журналістам усе даведкі аб аналізах. Каб усе зразумелі, хто хлусіць».

Лекар перакананы, што дзеянні медыкаў і надалей будуць салідарнымі. Яны збіраюцца заступацца за кожнага затрыманага калегу.

«Нам ужо няма чаго губляць, — кажа лекар. — Медыцыну давялі да такога стану, што ўжо ўсё, канец. Лекарам надакучыла быць рабамі. Любы цяпер можа прыйсці, паскардзіцца на ўрача, і ўрач будзе вінаваты. Адміністрацыя ў большасці выпадкаў займае пазіцыю “пацыент заўсёды мае рацыю”. Але гэта не заўсёды так. Мы за шчырасць выступаем, і мы салідарныя з народам цяпер. У маім калектыве вельмі шмат хто настроены негатыўна ў дачыненні да ўлады. Але звольніцца або адкрыта пратэставаць усе не могуць. У кагосьці жыллё, у некага крэдыты. Звольніцца, калі ты жывеш у малым горадзе, лекару складана. Дзе ён яшчэ знойдзе там працу? З’ехаць таксама далёка не кожны можа. Гэта дадатковыя выдаткі. Шмат хто за родных сваіх баіцца. Але настроі ва ўсіх ужо крытычныя. Звальненні — гэта наш апошні крок. Апошні спосаб звярнуць увагу на нашы праблемы».

«Страшна ўявіць, што можа адбыцца з медыцынай»

Па словах суразмоўцы, нікуды не падзеліся і праблемы з даплатамі за працу з каронавіруснымі хворымі. Ён кажа, што ўзнікаюць складанасці з тым, каб якасна даказаць гэта. Аналізы не заўсёды робяцца на неабходным узроўні. У выніку аплата ідзе, але далёка не ўсім медыкам, якія насамрэч працавалі з выпадкамі COVID-19.

Асобна можна ўздымаць пытанне ўрачоў-інтэрнаў, якіх змушаюць працаваць у каронавірусных зонах. Ім дадаткова ўвогуле не плацяць, бо яны не ўрачы, а ў адпаведным указе гаворка толькі пра даплаты для ўрачоў. У выніку інтэрны могуць атрымліваць дадатковыя аплаты толькі тады, калі адміністрацыя лякарняў знаходзіць спосаб неяк іх узнагародзіць. Гэта здараецца не заўсёды.

«Што павінна адбыцца, каб я не звольніўся? Гвалт трэба спыніць, — кажа лекар. — Павінна змяніцца сістэма ўлады. Усё тое, пра што мы пісалі ў сваім лісце, які падпісалі 5 тысяч медыкаў. Гэта адстаўка Лукашэнкі, прыцягненне ўсіх вінаватых да адказнасці. Каб людзі маглі нармальна хадзіць на працу, нармальна спаць. Каб не баяліся за сваіх дзяцей. Аплату працы лекараў неабходна зрабіць дастатковай. У суседніх краінах яна ў разы большая. А ў нас на сустрэчы з лекарамі Дзмітрый Піневіч (выканаўца абавязкаў міністра аховы здароўя. — РС) прызнае гэта, але як можна падвысіць заробкі, не кажа. Іх увогуле мала хвалюе ад’езд лекараў з Беларусі».

Па словах суразмоўцы, нават тыя медыкі, якія падпісалі зварот, у асноўнай масе не хацелі б звальняцца. Але могуць быць вымушаныя гэта зрабіць.

«Гэта будзе катастрофа, — разважае пра наступствы магчымага звальнення тысяч медыкаў суразмоўца. — Большасць лекараў і так працуе на 1,5–2 стаўкі. Спецыялістаў не хапае. Да таго ж шмат хто з урачоў цяпер — пенсіянеры. Калі яны сыдуць, а яны паступова сыходзяць, іх не будзе кім замяніць. Маладымі не атрымаецца, бо калі малады ўрач прыходзіць, ён яшчэ не спецыяліст, спецыялістамі становяцца гадамі. Доктар, які толькі пасля ўніверсітэту, шмат памыляецца. Ён павінен вучыцца ў дасведчаных лекараў. Калі будуць з’язджаць граматныя лекары, а з’язджаюць, як правіла, такія, то мне нават страшна ўявіць, што можа адбыцца з медыцынай».




Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: