Дольшчыкі Тамбаза выйшлі на несанкцыянаваны пікет ля Мінгарвыканкаму

Людзі, якія мусілі жыць у жылым комплексе "Аркадзія" ў Савецкім раёне Мінска, але не атрымалі сваіх кватэр, зараз адмаўляюцца атрымоўваць кампенсацыю.

Аб гэтай сітуацыі Новы Час ужо пісаў. Большасць дольшчыкаў поўнасцю аплацілі кватэры па аблігацыях, аднак засталіся ні з чым. На забудоўшчыка завялі крымінальную справу, а новыя гаспадары даўгабуду зноў патрабуюць грошы.

З тых часоў нічога істотна не змянілася. Дабудоўваць аб'ект па указе кіраўніка краіны ўзялася УКБ Савецкага раёна. Праўда, людзям, магчыма, прыйдзецца даплаціць яшчэ па 30-50% ад унесеных сумаў — вядома, рабіць гэтага яны не хочуць, таму і выйшлі на пікет.

Па меркаванні дольшчыкаў, УКБ Савецкага раёну не намераны выконваць указ Лукашэнкі ў той частцы, дзе сказана, што крыніцамі фінансавання завяршэння будаўніцтва мусіць з'яўляцца, у тым ліку, грошы з прыбытку заказчыка, атрыманага ад рэалізацыі камерцыйных пляцовак, якія якраз і былі пабудаваныя за кошт уладальнікаў жыллёвых аблігацый.

"Загад прэзідэнта гарадскім уладам не загад — кажуць яны, — адміністрацыя Савецкага раёна і Мінгарвыканкам плануюць зрабіць усё, каб сродкі ад продажу камерцыйных пляцовак Тамбаза паступілі ў бюджэт, альбо былі прададзеныя без прыбытку".

Дольшчыкі лічаць, што чыноўнікі хочуць "адабраць пабудаваныя за грошы людзей пляцоўкі, дабудаваць за палову іх сабекошту і прадаць "патрэбным" асобам па кошце, які складае 30% ад рэальнага рынкавага. Пры гэтым патрабаваць ад грамадзян поўнай даплаты за свае кватэры."

З ініцыятыўнай групай сустрэўся Анатоль Сівак і распавёў, што для абмеркавання праблемаў мусіць быць наяўнай праектна-сметная дакументацыя, якая прайшла дзяржаўную экспертызу, а зараз такая дакументацыя яшчэ толькі ў стадыі распрацоўкі. Таксама ён паабяцаў, што дамы будуць пабудаваныя ў любым выпадку.

Паводле the-village.me

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: