Дробязяў не бывае. Найважнейшае за 21 верасня

Нават адзінкавая акцыя супраціву можа прывесці да глабальных наступстваў. Дробязяў у такіх справах не бывае. І таму найважнейшай падзеяй 21 верасня я б лічыў учынак шахцёра Алега Кудзелка.


Работнік рудніка 4РУ «Беларуськалія» пасля начной змены адмовіўся падымацца на паверхню. Алег Кудзелка перадаў запіску, што застанецца ў шахце, пакуль не будуць выкананыя яго патрабаванні. Сярод іх: «спыненне бязмежжа сілавікоў, запалохвання, затрымання і збіцця мірнага насельніцтва краіны», а таксама адстаўка гендырэктара «Беларуськалій».

Яго паднялі на паверхню прымусова, а тых, хто сабраўся каля рудаўпраўлення для падтрымкі Алега Кудзелкі, затрымалі.

Чаму гэта важна? Таму што літаральна ў пятніцу, 18 верасня на «Беларуськалій» прыязджалі прадстаўнікі найбуйнейшага кліента прадпрыемства — нарвежскага пакупніка беларускага калію, кампаніі Yara. Нарвежцам склалі графік так, што яны не здолелі сустрэцца са страйкамам, але страйкамаўцы ўсё ж здолелі перадаць дакументы, што сведчаць пра ціск на працоўных. Як пішуць тэлеграм-каналы, падчас гэтай хвіліннай сустрэчы нарвежцы задалі толькі адно пытанне: «Ці хочаце вы, каб мы спынілі супрацоўніцтва з прадпрыемствам проста цяпер?». Страйкамаўцы, як адказныя людзі, адказалі, што не хочуць. Але, калі сітуацыя будзе ўскладняцца… Карацей,, як зазвычай кажуць на судовых працэсах: «На меркаванне суда».


Нарвежцы паабяцалі думаць, і з’ехалі. А цяпер — новы факт ціску і рэпрэсій на прадпрыемстве, пра які ў кампаніі Yara, безумоўна, дазнаюцца. «Беларуськалій» — на мяжы страты найбуйнейшага пакупніка, і вінаватыя ў гэтым якраз не страйкамаўцы, а адміністрацыя прадпрыемства і сілавікі, што затрымалі салідарных працоўных.

Гэтую салідарнасць, я думаю, варта распаўсюджваць і падтрымліваць. Напрыклад, міністры замежных спраў 27 краін Еўразвяза не змаглі на пасяджэнні ў панядзелак узгадніць спіс афіцыйных асоб Беларусі, супраць якіх Брусэль мае намер увесці санкцыі за фальсіфікацыю вынікаў выбараў, а таксама прымяненне гвалту і парушэнняў правоў чалавека. Рашэнне па-ранейшаму блакуе Кіпр, які патрабуе санкцый супраць Турцыі з-за яе дзеянняў у Міжземным моры.

Што можа зрабіць ў гэтай сітуацыі беларуская супольнасць? Нягледзячы на тое, што Кіпр з уступленнем у Еўрасаюз больш не з’яўляецца афшорнай зонай, багата нашых ІТ-кампаній па традыцыі ўсё яшчэ зарэгістраваныя там. Дастаткова сказаць, што там базуецца кампанія Wargaming, і самы паспяховы венчурны інвестар беларускага паходжання Юрый Гурскі (прадаў сваю долю ў стартапе MSQRD карпарацыі Facebook, у AIMatter — пошукаваму гіганту Google). Варта перарэгістраваць фірмы ў сапраўдны «афшор».

Беларусы могуць адмовіцца ад адпачынку на Кіпры і правесці яго, напрыклад, у Грэцыі. Гэта таксама не праблема.


Яшчэ з цікавага — як спрацавала патрабаванне Лукашэнкі «закрыць мяжу». Аказваецца, гэта быў стрэл у саюзніка. Тэрміны зрыву пастаўкі еўрапейскіх грузаў у Расію праз Беларусь пасля рашэння аб узмацненні кантролю ўжо даходзяць да пяці дзён, напісаў расійскі «КоммерсантЪ» са спасылкай на апытаных удзельнікаў рынка.

А ўводу ў эксплуатацыю АЭС, пра што з запалам паведамлялі прапагандысты, аказваецца, не будзе. Лукашэнка не адкрые яе 7 лістапада. Міністр энергетыкі Беларусі Віктар Каранкевіч паведаміў, што першы энергаблок БелАЭС плануецца ўвесці ў эксплуатацыю толькі ў першым квартале 2021 года.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: