Два розных Светлагорска: жыхарам смярдзіць, дырэктару завода — не

Напрыканцы гэтага тыдня адміністрацыя Цэлюлозна-картоннага камбіната запрасіла ўсхваляваную грамадскасць ды журналістаў на экскурсію па заводзе беленай цэлюлозы, на які паступае дужа шмат скаргаў ад мясцовых жыхароў праз смурод і шум.

Акрамя акрэдытаваных незалежных журналістаў і ініцыятыўнай групы гараджан на экскурсію прыехаў цэлы дэсант з Гомеля, які хоць і першапачаткова не акрэдытоўваўся на экскурсію, але трапіў туды без праблем, хаця ў той жа самы час журналіста TUT.BY прапускаць на мерапрыемства не хацелі. І ў такой сітуацыі ў прынцыпе нічога дзіўнага, бо “гомельскі дэсант” быў прадстаўлены дзяржаўнымі газетамі ды тэлеканаламі на чале з начальніцай галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы Гомельскага аблвыканкама — Ірынай Даўгала.

Падчас экскурсіі адміністрацыя завода правяла слухачоў літаральна па ўсіх этапах працы завода: ад сховішчаў драўніны да цэха, дзе цэлюлозныя вырабы ўпакоўваюцца і адпраўляюцца на склад.

— Прадпрыемства знаходзіцца на балансе кампаніі САМСЭ. Але сёння там знаходзяцца нашы спецыялісты, якія навучаюцца ў працэсе пуска-наладачныя працы і пробнай вытворчасці. І адпаведна вядзецца выпуск таварнай прадукцыі. Немагчыма наладзіць абсталяванне без выпуску таварнай прадукцыі, — распавёў дырэктар цэлюлозна-картоннага камбінату Юры Крук.

Юры Крук — крайні справа

Напрацягу ўсёй экскурсіі Крук неаднаразова падкрэсліваў, што ў дадзены момант гэты завод у Беларусі адзіны. Да яго з’яўлення беларускія прадпрыемствы набывалі беленую цэлюлозу за мяжой. А ўвядзенне завода ў эксплуатацыю дазволіць цалкам забяспечыць айчынныя прадпрыемствы гэтай прадукцыяй.

Ужо на першых этапах пераапрацоўкі драўніны ў цэлюлозу слухачы пачалі задаваць свае пытанні:

— Мая кватэра знаходзіцца ў 300 метрах ад плота, — адзначыў жыхар вёскі Якімава Слабада. — Шум у кватэры такі ж, як і ў вас у цэху. Мінулай ноччу было ціха, а пазамінулай — нельга было спаць. Як нам жыць?

На гэтае пытанне Юрый Крук адказаў, што дадзены ўчастак не працуе ў начны час, разлічаны па праекце і працуе толькі ў дзве змены:

— Што тычыцца шуму — дадзеная вытворчасць цалкам упісваецца ў нарматывы ГДК (у дзённы час 55 дэцыбел, у начны — 45). На дадзеным участку ўзровень шуму складае 43 дэцыбелы. Як толькі вы пачуеце шум — я гатовы ў любы час прыехаць да вас і паслухаць.

Светлагарчанін Вадзім Болбас спытаў у адказ ці існуе магчымасць усталяваць шумаадбойнікі, каб знізіць узровень шуму ўчастка.

— Шумаадбойнікі будуць зробленыя калі ў нас будзе перавышэнне нарматываў па шуму, — патлумачыў Юрый Крук. — На сённяшні дзень паводле той праектнай дакументацыі, якая прайшла экспертызу, генеральным падрадчыкам выкананы ўсе работы ў адпаведнасці з праектам. Калі аб'ект будзе прыняты на баланс Светлагорскага ЦКК — мы з вамі зможам сустрэцца і знайсці кампраміснае рашэнне. Але на сённяшні дзень аб'ект знаходзіцца ў кіраванні генпадрадчыка, які выконвае работы згодна з праектнай дакументацыяй, якая прайшла ўсе экспертызы. І патрабаваць сёння ў генпадрадчыка нейкія дадатковыя функцыі, не маючы на ​​тое падставы — гэта павелічэнне капітальных выдаткаў і павелічэнне тэрміну акупаемасціі праекта, а значыць — зніжэнне эфектыўнасці праекта. Мы разумеем вашу заклапочанасць і мы гатовыя будзем весці дыялог і весці дадзеныя працы, калі прымем цэлюлозны завод на баланс.

Калі экскурсійны аўтобус праязджаў содарэгенерацыйны кацёл — стаў адчувальны той самы пах, які непакоіць светлагарчан і жыхароў Якімавай Слабады.

Па сканчэнні экскурсіі грамадскія актывісты не пайшлі на сустрэчу, якая планавалася на тэрыторыі завода.

Алена Маслюкова (грамадская актывістка са Светлагорску):

— Мы не проста так прынялі гэтае рашэнне, бо надоечы ў нас было абмеркаванне паміж дзвюма ініцыятыўнымі групамі Якімавай Слабады і Светлагорска. Справа ў тым, што калі ўлады нас запрасілі з’ездзіць на гэты завод і паглядзець што ён з сябе ўяўляе, паўдзельнічаць у абмеркаваннях — мы напісалі ім ліст, у якім канкрэтна пазначылі асобаў, якія будуць прысутнічаць, і выставілі дзве катэгарычныя ўмовы: 1) прысутнасць незалежных СМІ; 2) дыялог на свабодным полі, бо на заводзе прапускная сістэма і ўсе жадаючыя не могуць туды прайсці. Надоечы ў другой палове дня мы атрымалі адказ з выканкама, у якім нам было адмоўлена ў гэтым свабодным полі.

Справа — Алена Маслюкова

На наступны дзень у Светлагорску планавалася правядзенне флэшмобу за чыстае паветра. За некалькі гадзін да мерапрыемства Алена Маслюкова атрымала позву ў пракуратуру.




Нягледзячы ні на што — флэшмоб адбыўся, у ім прынялі ўдзел каля 200 чалавек, якія апранулі рэспіратары і процівагазы.




— Я разумею эканамічныя выгоды ад працы гэтага завода, але даражэй жыццё дзяцей і дарослых, якія дыхаюць смярдзючым паветрам, а пасля кашляюць, страчваюць праз гэта прытомнасць, хварэюць, — кажа Алена Маслюкова. — Мы не супраць таго, каб гэты завод зарабляў грошы, але ў яго ёсць маральныя і юрыдычныя абавязкі перад светлагорцамі. Справа ў тым, што сёння зранку я сама адчувала гэтыя смуродныя пахі. І калі дырэктар кажа, што няма смуроду, то я не магу яму верыць, бо я яго адчувала асабіста. На маё пытанне «колькі яшчэ будзе гэты смурод?» Юрый Крук адказаў, што пуска-наладкавыя працы будуць цягнуцца да канца 2019 года. Дык што мы будзем яшчэ год труціцца гэтымі газамі?



«Арыштуй нас! Нам усё роўна, дзе паміраць». Флэшмоб у Светлагорску


Актывісты аднеслі ў мясцовы выканкам ліст, у якім патрабуюць дазволіць правядзенне мітынгу 29 верасня:

— Мы не патрабуем зачыніць ці спыніць гэты завод. Мы людзі адэкватныя і адукаваныя і разумеем, што калі завод пабудаваны, то ён мусіць працаваць і прыносіць прыбытак. Але пры гэтым мы кажам, што гэты завод не мусіць нас атручваць. Хай зробяць так, каб у горадзе не было гэтага смуроднага паху, — кажуць жыхары Светлагорску. 





Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: