Два з паловай гады «хіміі» — за эмацыйныя каментары на адрас інспектара ДПС

Мужчына прызнаў віну, з усім пагадзіўся і выбачыўся перад міліцыянтам. Але на жорсткасць прысуду гэта не паўплывала — 2,5 гады абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову, а таксама 1500 рублёў маральнай шкоды.


Жыхара Светлагорска Валерыя Лозу абвінавачвалі ў абразе прадстаўніка ўлады ў сувязі з выкананнем ім сваіх абавязкаў (арт. 369 Крымінальнага кодэкса), паведамдляе "Палесская Вясна".  Лоза пісаў у сацыяльнай сетцы «Аднакласнікі» пад пастом аб дзеяннях інспектара ДПС Андрэя Баграёнка падчас жнівеньскіх пратэстаў каментары, у якіх эмацыйна выказваўся пра героя паста.  

Андрэй Баграёнак паведаміў, што быў моцна абражаны, пераймаўся з нагоды таго, што пра яго думаюць жыхары горада. Свае маральныя пакуты ён ацаніў у 3000 рублёў, падаўшы пазоў аб спагнанні гэтай сумы з Лозы. Апошні прызнаў гэтае патрабаванне часткова, пагадзіўшыся дабраахвотна выплаціць міліцыянту 1500 рублёў.

Падчас першага судовага паседжання дзяржаўны абвінаваўца Дзяніс Раманчыкаў двойчы хадайнічаў аб абвяшчэнні перапынкаў у паседжанні, каб падрыхтавацца да спрэчак. Урэшце, спрэчкі адбыліся амаль праз тыдзень пасля судовага следства. Выступ Дзяніса Раманчыкава заняў каля 4 хвілін. Падчас выступу абвінаваўца запытаў для Валерыя Лозы пакаранне ў выглядзе абмежавання волі тэрмінам на 2 гады 6 месцаў з накіраваннем яго ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу, а таксама спагнаць з яго на карысць Андрэя Баграёнка 1500 рублёў маральнай шкоды. Паколькі ў Лозы не было абаронцы, спрэчак фактычна не адбылося.

Суддзя Галіна Гулевіч пагадзілася з запытаным абвінаваўцам пакараннем і прызначыла Валерыю Лозу 2,5 гады абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову, а таксама пастанавіла спагнаць з яго 1500 рублёў маральнай шкоды на карысць Баграёнка.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: