Дваровыя чаты як разбуральнікі аўтарытарызму

Адным з практычных вынікаў беларускага рэвалюцыйнага працэсу многія называюць пачатак утварэння гарадскіх міні-супольнасцяў. Двары, вуліцы, мікрараёны...

Спачатку мясцовыя жыхары стваралі тэлеграм-каналы для каардынацыі выхадаў на «ланцугі салідарнасці». Пасля — для супольных нядзельных выхадаў у цэнтр Менску на маршы. Людзі між сабой перазнаёміліся і пачалі рабіць штосьці для душы. Напрыклад, супольна з дзецьмі глядзець мультфільмы праз праектар ці запрашаць артыстаў з музычнымі выступамі. «Лукашэнка сыдзе, а лякальныя кам’юніці застануцца», — патлумачыў мне знаёмы ўрбаніст.

Калі Лукашэнка (то бок наагул рэпрэсіўная сыстэма) сыдзе, ніхто ня ведае. Але ўжо цяпер гучаць засцярогі, што з адкрытасці чатаў могуць скарыстацца прадстаўнікі рэпрэсіўнай сыстэмы. Кагосьці звінавацяць у закліках да масавых мерапрыемстваў, кагосьці проста адсочаць і перашкодзяць тым ці іншым супольным дзеянням грамадзянаў.

Падыход да камунікацыі ў лякальных каналах залежыць ад стаўлення да таго, што адбываецца ў Беларусі. Калі гаворка проста аб пратэстах, гэта адна справа. Калі пра рэвалюцыйны працэс, то тут ужо бяз рызыкі не абысціся. Дый мы ўсе бачым, што закону як такога ў Беларусі няма. Кожнага могуць схапіць на вуліцы і завезці куды заўгодна. Тады і асцерагацца, здаецца, няма чаго ў тых «тэлеграмах».

Але ёсць думка, якая мне падаецца аптымальнай. Наўрад ці ў шырокай грамадзкай дзейнасці можна на 100% засцерагчыся ад тайных агентаў «царскай ахранкі» Лукашэнкі. Тым ня менш, калі зрабіць чаты закрытымі, доступ да інфармацыі як мінімум ускладніцца. А толькі ў Менску падобных чатаў больш за 150. Паспрабуй прыдумаць сабе легенду, каб уцерціся ў давер да адміністратара каналу.

Мне здаецца, што дастаткова хутка мусіць адбыцца як мінімум псыхалягічны пералом у беларускім грамадзтве. Калі рэжым узмоцніць карныя дзеянні, то людзям будзе ўжо не да асцярогі агентаў у чатах. Ужо цяпер удзельнікі дваровых супольнасцяў абмяркоўваюць магчымасць стварэння дваровых дружын для абароны ад хоць якіх людзей у пагонах. І наадварот, калі Лукашэнка адчуе, што гвалт не прыносіць належнага плёну і пачне згортваць рэпрэсіі, то асцерагацца ня будзе вялікай патрэбы.

Незалежна ад таго, куды хіснецца ківач, мы проста цяпер назіраем, як беларусы з насельнікаў ператвараюцца ў грамадзянскую супольнасць. У тым ліку праз фармаванне гарадзкіх міні-супольнасцяў, якія разам канструююць падабенства вульля.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: