Двум віцебскім журналістам прысудзілі 1275 рублёў штрафаў

Судовы працэс над Аленай Шабуняй і Вячаславам Лазаравым праходзіў у Наваполацкім гарадскім судзе. Суддзя Зінаіда Балаболава прызнала абодвух журналістаў вінаватымі ў незаконным вырабе і распаўсюдзе прадукцыі СМІ на падставе артыкула 22.9 КаАП.
Падставай для судовага разбіральніцтва стаў відэасюжэт, паказаны ў перадачы “Кожны з нас” на тэлеканале “Белсат”. Там распавядалася пра аварыю на наваполацкім прадпрыемстве “Палімір” і ўчынак работніка Андрэя Швілпо, які выратаваў сваіх калег, але потым быў асуджаны за нанясенне шкоды вытворчасці. Ён прысутнічаў на судзе ў якасці сведкі, і лічыць, што журналістаў пакаралі незаслужана:

– Яны прыехалі і проста спыталіся ў мяне, якая была сітуацыя падчас аварыі. І чаму я не згодны з прысудам. І ўсё! А іх вінавацяць у нейкіх правапарушэннях, заабавязалі сплаціць грошы. За што? За тое, што яны мне дапамаглі? За тое, што данеслі праўдзівую інфармацыю? Гэта абсалютна незразумела.

З пастановай суду не згодныя і калегі-журналісты, якія прысутнічалі на працэсе, і самі аштрафаваныя. Караць трэба не іх, лічыць Алена Шабуня:

– Канешне, гэта дзікунскія штрафы, і, я лічу, проста ні за што! Так, мы размаўлялі з людзьмі. І людзі распавядалі нам пра праблемы, якія ёсць у нашай краіне. Як можна за гэта штрафаваць? Трэба штрафаваць тых, хто гэтыя праблемы стварыў і не хоча паляпшаць жыццё беларусаў. Вось іх трэба штрафаваць!

Віктар Стукаў, кіраўнік полацка-наваполацкай філіі ГА БАЖ:

– Тое, што рабілі гэтыя журналісты – гэта звычайная праца журналістаў. Больш за тое: згодна з нашай Канстытуцыяй, любы чалавек можа ствараць такія матэрыялы, бо ў кожнага ў кішэні тэлефон з камерай. І можа адпраўляць іх у сацыяльныя сеткі ці ў нейкі сродак масавай інфармацыі, беларускі ці замежны. Хіба гэта можна забараніць?

Аштрафаваныя журналісты і іх калегі заўважылі безліч парушэнняў і ў працы міліцыянтаў, якія рыхтавалі матэрыялы адміністрацыйных справаў, і ў дзеяннях суддзі падчас працэсу. Алена Шабуня і Вячаслаў Лазараў збіраюцца абскардзіць пастанову пра пакаранне штрафамі ў Віцебскім абласным судзе.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!