DW: экс-баец спецатрада МУС Беларусі прызнаўся ў забойствах апазіцыянераў

Баец беларускага «эскадрона смерці» распавёў DW, як удзельнічаў у выкраданні і забойстве апанентаў Лукашэнкі 20 гадоў таму. Тады ў Беларусі зніклі Захаранка, Ганчар і Красоўскі.

Юрый Гараўскі дэманструе копію аднаго з дакументаў, якія пацвярджаюць яго службу ў САХР МУС Беларусі

У рэдакцыю нямецкага выдання Deutsche Welle (DW) у верасні 2019 года звярнуўся былы баец САХР. Ён сцвярджае, што можа расказаць усё, што яму вядома пра знікненні беларускіх апазіцыйных палітыкаў 20 гадоў таму, пад прысягай у судзе. Пасля праверкі паведамленых ім фактаў — наколькі гэта было магчыма — і прымаючы пад увагу іх значнасць, DW вырашыла апублікаваць інтэрв'ю з ім. 

Юрый Гараўскі, які называе сябе былым байцом беларускага Спецыяльнага атраду хуткага рэагавання (САХР), у эксклюзіўным інтэрв'ю DW распавёў, як былі выкрадзеныя і забітыя апазіцыйныя палітыкі, якія дамагаліся адстаўкі прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі.

Вясной і восенню 1999 года ў Мінску зніклі экс-кіраўнік МУС Юрый Захаранка, экс-кіраўнік Цэнтрвыбаркама Беларусі Віктар Ганчар і бізнесовец Анатоль Красоўскі, які падтрымліваў апазіцыю. Гараўскі сцвярджае, што іх выкралі і забілі байцы спецыяльнага атрада хуткага рэагавання (САХР) унутраных войскаў МУС Беларусі. Сярод гэтых байцоў быў і сам Юры Гараўскі.

Паводле яго словаў, загад пра затрыманне байцам аддаваў стваральнік САХР падпалкоўнік Дзмітрый Паўлічэнка. Ён жа, як заяўляе Гараўскі, і застрэліў палітыкаў і бізнесоўца.

Былы баец САХР перакананы, што пра гэтыя забойствы ведалі вышэйшыя службовыя асобы Беларусі — тагачасныя кіраўнік МУС Юрый Сівакоў і сакратар Савета бяспекі Віктар Шэйман. Гараўскі лічыць, што пра гэта ведаў і кіраўнік Беларусі Аляксандр Лукашэнка, аднак сцвярджаць гэта дакладна не бярэцца. «Усе загады аддаваліся ў вуснай форме. Ніякіх пісьмовых пацверджанняў, відэазапісаў, пратаколаў — нічога такога няма», — кажа Гараўскі.

 


Урад Германіі і ЕС не маюць права спыняць патрабаваць патлумачэнняў ролі Лукашэнкі ў справе зніклых апазіцыянераў

 

DW адзначае, што прызнанні Юрыя Гараўскага супадаюць з высновамі спецдакладчыка Парламенцкай асамблеі Савета Еўропы (ПАСЕ) Хрыстаса Пургурыдэса, які ў 2004 годзе расследаваў знікненні беларускіх апазіцыянераў. САХР ён называе «эскадронам смерці пад кіраўніцтвам Паўлічэнкі». «Не можа быць, каб гэтыя выкраданні і забойствы адбыліся без згоды — мякка кажучы — вельмі-вельмі высокапастаўленых чыноўнікаў. Калі я гэта кажу, я думаю пра кіраўніка Беларусі», — падкрэсліў Пургурыдэс у інтэрв'ю DW.

Заявы былога байца САХР здольныя даць новы імпульс высвятленні абставінаў меркавана заказных забойстваў 20-гадовай даўніны, перакананае нямецкае выданне. У гэтым упэўненая нямецкі палітык з партыі «Саюз-90»/«зялёныя» Маргарэтэ Баўзе (Margarete Bause), сябар камітэта бундэстага па правах чалавека. «Нельга забываць, што сур'ёзныя абвінавачванні ў тым, што Лукашэнка асабіста быў уцягнуты ў гэтыя злачынствы, да гэтага часу не знятыя. Урад Германіі і ЕС не маюць права спыняць патрабаваць тлумачэнні. Яны павінны рабіць усё магчымае, каб прыцягнуць вінаватых да адказнасці», — заявіла Маргарэт Баўзе DW.

 

Гараўскі можа расказаць усё пад прысягай

 

Юрый Гараўскі збег з Беларусі ў кастрычніку 2018 года, баючыся пераследу. Зараз 41-гадовы беларус знаходзіцца ў адной з еўрапейскіх краін, дзе ён папрасіў прытулку. Цяпер яго хадайніцтва знаходзіцца на стадыі разгляду. У рускую рэдакцыю DW Гараўскі звярнуўся сам у верасні 2019 года. Ён сцвярджае, што можа расказаць усё, што яму вядома, пад прысягай у судзе.

Пры гэтым у адказах Гараўскага на некаторыя пытанні DW адчувалася недаказанасць. Так, не да канца зразумела, як менавіта яму ўдалося збегчы з Беларусі, чым ён займаўся пасля звальнення з САХР. Аднак DW адзначае, што Юрый Гараўкі прадаставіў ім арыгіналы і копіі дакументаў, якія пацвярджаюць яго асобу і гісторыю. Пасля праверкі паведамленых ім фактаў — наколькі гэта было магчыма, — і прымаючы пад увагу іх значнасць, DW вырашыла апублікаваць інтэрв'ю.

Паводле www.dw.com


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: