Дык ці быў пералом у Кулакова? Заключэнні медыкаў і судмедэкспертаў разыходзяцца

Днямі суд другі раз адмовіў актывісту ва ўзбуджэнні крымінальнай справы супраць Златы Савоставай, якая летам наехала на яго каля рэстарана «Поедем, поедим» і з’ехала з месца здарэння. Тады Кулакову дыягнаставалі пералом рукі. Адметна, што судмедэксперты абвяргаюць дыягназ, а медыкі працягваюць настойваць на ім.

Леанід Кулакоў з гіпсам на Курапацкай варце. Фота «Нашай Нівы»

«На словах суддзя сказала, што, калі я не згодны з пастановай, магу звяртацца ў вышэйшыя інстанцыі. Але ў пастанове напісала, што рашэнне канчатковае і абскарджванню не падлягае», — распавядае пра акалічнасці працэсу актывіст.

Па словах Леаніда Кулакова, суддзя адхіліла яго хадайніцтвы аб выкліку на працэс дактароў і судмедэксперта, якія ставілі яму супярэчлівыя дыягназы, а таксама сведак наезду.

«Суддзя не адказала ні на адно маё пытанне, напрыклад, ці мае права кіроўца наязджаць на людзей і пакідаць месца ДТЗ, а таксама ці была ўсё ж у мяне траўма», — звяртае ўвагу абаронца Курапатаў.

«На судзе я сказаў, што прабачыў бы наезд і не меў бы ніякіх прэтэнзій, калі б зачынілі рэстаран ля Курапатаў. На гэта суддзя ўсміхнулася», — кажа Кулакоў.

Як ужо пісаў «Новы Час», 27 чэрвеня падчас Курапацкай варты на актывіста «Еўрапейскай Беларусі» Леаніда Кулакова наехала машына (за рулём была Злата Савостава, якая з’ехала з месца здарэння). Пасля гэтага Кулакова забралі ў шостую гарадскую клінічную лякарню, дзе дыягнаставалі пералом рукі з абломкамі косткі.

Актывісту наклалі гіпс, з якім ён прахадзіў два месяцы. Аднак пазней судмедэксперты абвергнулі дыягназ, пастаўлены Кулакову лекарамі шостай клінічнай лякарні і пацверджаны праз месяц у паліклініцы па месцы жыхарства.

Актывіст напісаў скаргу ў камітэт па ахове здароўя Мінгарвыканкама на дзеянні лекараў, якія паставілі яму няправільны (як сведчыць заключэнне судмедэксперта) дыягназ. Адказ не прымусіў сябе чакаць.

«Дыягназ “закрыты пералом галоўкі левай лучавой косткі з задавальняючым станам абломкаў” вам пастаўлены слушна», — гаворыцца ў ім.

«У такім выпадку я буду падаваць пазоў у суд на дактароў, і няхай Мінздароўя і судмедэксперты разбіраюцца паміж сабой, хто з іх мае рацыю», — кажа Кулакоў.

Па яго словах, адказ з камітэта па ахове здароўя расставіў кропкі над «і»: гэта палітызаваная замова. Яму неаднаразова давалі зразумець, што дзяўчына, якая на яго наехала, пазбегне пакарання.

«Як можна верыць гэтай уладзе, якая прымае бок вялікага кашалька?» — задаецца пытаннем актывіст.

Дарэчы, нягледзячы на «абвержаны» дыягназ, рука пасля траўмы ўсё яшчэ не працуе, хоць прайшло ўжо амаль паўгода пасля здарэння. Заўтра абаронца Курапатаў кладзецца ў шпіталь на рэабілітацыю. Адметна, што на гэты ж дзень прызначаны чарговы суд над ім — за акцыю «Ланцуг памяці» ля прыступак КДБ 29 кастрычніка.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!