Дыктоўка, песні, інсцэніроўкі — дзень роднай мовы ў Слуцку

У Слуцкім ТБМ адзначылі Дзень роднай мовы дыктоўкай, песнямі і інсцэніроўкамі.


У параўнанні з мнагалюднымі імпрэзамі ў абласных гарадах, Дзень роднай мовы ў Слуцку прайшоў больш сціпла, але таксама цікава.

Актывісты ТБМ распачалі святкаваць яшчэ з самага ранку і скончылі мерапрыемствы позднім вечарам. Пасля ўручэння віншаванняў ад “Новага Часу” і ТБМ, гараджане прынялі ўдзел у святочнай імпрэзе, якую падрыхтавала Слуцкая гарадская бібліятэка.

Увечары случакі паслухалі патрыятычныя вершы і песні “Люблю мой край” у выкананні Таццяны Матафановай (у запісе) і 15 чалавек напісалі беларускую дыктоўку.

Паколькі ў асноўным у імпрэзе ўдзельнічалі людзі сталага веку, сябры ТБМ падрыхтавалі дыктоўку з цікавым і простым зместам. Дыктоўка пісалася паводле тэксту Янкі Скрыгана “Ведаць мову”, у якім аўтар распавёў кур’ёзную гісторыю — быліцу пра абвестку аб продажы шлюбнага шкла. Аўтар абвесткі быў упэўнены, што ён напісаў па-беларуску, паколькі ў слоўніку супраць рускага слова “брак” стаяла адно з азначэннем “шлюб”. Вось такім чынам і з’явілася абвестка, у якой паведамлялася, што замест бракаванага прадаецца шлюбнае шкло.

Апрача нетрадыцыйнага тэксту дыктоўкі, удзельнікі гуртка пенсіянераў пры ТБМ “Размаўляем па-беларуску” падрыхтавалі канцэрт мастацкай самадзейнасці, інсцэніроўкі з сучаснага жыцця беларусаў і развіццёвыя творчыя заданні.

У выкананні гуртка прагучалі песні “Лісоўшчыкам”, “Простыя словы”, “Не шукай ты мяне” і іншыя. Нягледзячы на нескладаны тэкст песні “Простыя словы” на словы Міхала Амнепадыстава, праспяваць яе так, як гэта ўдаецца Лявону Вольскаму, немагчыма. Тым не менш, удзельнікі гуртка і ўсе прысутныя з задавальненнем спявалі цудоўныя радкі. Сябра ТБМ Сяргей Кульбіцкі праспяваў пад акампанемент гітары песні з рэпертуару Данчыка, Сяржука Сокалава-Воюша.

Усе прысутныя актыўна ўдзельнічалі ў выкананні развіццёвых творчых заданняў: рабілі пераклады сказаў з рускай мовы на беларускую, інсцэніравалі розныя жыццёвыя сітуацыі.

Асаблівую цікавасць выклікала інсцэніроўкі на тэму “Выхад у народ кіраўніка краіны” і “Бясплатна наш народ ездзіць у транспарце не прывык”, якія падрыхтавалі ўдзельнікі гуртка.




У апошняй сцэнцы распавядаецца пра тое, як пасажыры цягніка “Слуцк – Старыя Дарогі” спрабуюць заплаціць кантралёру за праезд прадукцыяй, якую яны атрымалі ў якасці заробка на сваіх прадпрыемствах.

Случчанка Тамара Мікалаеўна прыйшла на імпрэзу ТБМ упершыню. Яна засталася задаволенай усім, што ўбачыла і пачула.

— Было вельмі цікава, узнёсла і проста, сур’ёзна і смешна — у залежнасці ад тэмы, — сказала жанчына наконт святочнай праграмы. — Я вырашыла таксама стаць сябрам ТБМ і ўдзельнічаць у занятках гуртка “Размаўляем па-беларуску”.
 

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!