Дырэктар Еўрапейскага бюро СААЗ: Гэты вірус з намі надоўга

Рызыкі другой хвалі эпідэміі каронавіруса велізарныя, лічыць дырэктар Еўрапейскага рэгіянальнага бюро СААЗ Ханс Клюге.

Фота: Вольга Шукайла, TUT.BY

«Гэты вірус застанецца з намі надоўга. Як мінімум да таго часу, пакуль не з'явіцца бяспечная вакцына і метады лячэння», — перакананы эксперт.

У сераду Еўрапейскае бюро СААЗ арганізавала анлайн прэс-канферэнцыю. Па словах дырэктара рэгіянальнага бюро Ханса Клюге, у Еўропе на дадзены момант зафіксавана больш за 2,2 мільёна выпадкаў каронавіруснай інфекцыі, больш за 181 тысячы чалавек памерлі.

— Нашы справы ідуць не лепш, чым гэта было ў пачатку года. У нас па-ранейшаму няма ні вакцыны, ні спецыфічнага лячэння.

Ханс Клюге адзначае, што ў некаторых краінах Усходняй Еўропы назіраецца стабілізацыя сітуацыі. У якасці станоўчага прыкладу ён назваў Расію і Украіну. Пра Беларусь у яго выступленні гаворкі не ішло.

— Роля СААЗ не зводзіцца да таго, каб даваць ацэнку дзеянням краін, — кажа прадстаўнік СААЗ. — Цяпер многія дзяржавы выходзяць з самаізаляцыі, і гэты выхад павінен быць заснаваны на прынцыпах аховы насельніцтва. Галоўнае — пераход з асцярогай. Другая хваля эпідэміі не з'яўляецца непазбежнай, але рызыкі велізарныя. Тым не менш усё большая колькасць краін здымае абмежаванні. І ёсць відавочная пагроза паўторнага ўсплёску.

Пры гэтым Ханс Клюге перакананы: калі паўстане новы ўсплёск, краіны будуць больш падрыхтаваныя да эпідэміі, чым гэта было некалькі месяцаў таму.

— Цяпер мы лепш разумеем вірус. Мы таксама разумеем, як супрацоўнічаць і выконваць прынцып уключэння ўсяго грамадства [у барацьбу з эпідэміяй].

На дадзены момант, лічыць доктар Клюге, важна адсочваць здароўе ўсіх кантактаў, своечасова аказваць дапамогу тым, хто ў ёй мае патрэбу, і быць гатовымі да ўвядзення некаторых абмежаванняў.

Калі з'явіцца бяспечная вакцына? Усё яшчэ няма канкрэтнага тэрміну распрацоўкі, кажа дырэктар Еўрапейскага рэгіянальнага бюро. Да гэтага працэсу цяпер падлучаныя лепшыя сусветныя навукоўцы і фармкампаніі.

— У час, пакуль мы чакаем вакцыну, ідзе праца над метадамі лячэння хворых. Калі яна з'явіцца, яна павінна быць размеркавана на справядлівай аснове, — лічыць Ханс Клюге.

Паводле tut.bу

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: