Дырэктар школы з участка, дзе перамагла Ціханоўская, звольнілася

«Я працую сумленна, дзе б я ні працавала». Дырэктар брэсцкай школы-сада №10 Алена Буглаева напісала заяву на звальненне. У бацькоўскіх чатах сталі пісаць, што яе вымусілі звольніцца за сумленны падлік галасоў, піша «Еўрарадыё».
Фота пратакола галасавання на ўчастку №87 / belarus2020.org

Фота пратакола галасавання на ўчастку №87 / belarus2020.org

Еўрарадыё датэлефанавалася да Алены Буглаевай. Яна адмовілася раскрываць падрабязнасці, але пацвердзіла, што звальняецца. І дадала, што разам з ёй са школы-сада сыходзяць дзве яе намесніцы.

Намесніц звольніла я. Яны звальняюцца са мной з салідарнасці, — адказвае экс-дырэктар. — Прычына — мая грамадзянская пазіцыя. Я працую сумленна, дзе б я ні працавала. Вось мой адказ.

На прэзідэнцкіх выбарах Буглаева была старшынёй камісіі на ўчастку №87, які размяшчаўся якраз у школе-садзе №10. Мяркуючы па пратаколе, вывешаным у дзень галасавання, упэўненую перамогу тут атрымала кандыдатка ў прэзідэнты Святлана Ціханоўская. Яна набрала ў 2,3 раза больш галасоў, чым яе асноўны сапернік Аляксандр Лукашэнка — 1155 супраць 499.

 

— Па словах дырэктара, яе выклікалі на размову, пасля якой яна сама напісала заяву. Таксама больш няма ў нас намесніцы дырэктара па вучэбнай рабоце і намесніцы дырэктара па гаспадарчай частцы. Сёння яны з намі развіталіся, — расказала Еўрарадыё адна з супрацоўніц школы-сада.

Разам з дырэктарам школы таксама вырашылі звольніцца намесніца дырэктара па вучэбнай рабоце Людміла Марчук і намесніца дырэктара па гаспадарчай рабоце Жанна Залюбіч. Марчук на выбарах была сакратаром УВК на тым жа ўчастку, што і Алена Бугаева.

euroradio.pl


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: