Дырэктар завода «Бульбашъ» абвінавачвае Зінаіду Цімошак у распальванні міжнацыянальнай варожасці

Як паведаміла жыхарка Слуцка Зінаіда Цімошак, у адказ на яе зварот аб знявазе беларусаў праз брэнд гарэлкі «Бульбашъ» дырэктар завода Міхаіл Лявончык перасцярог яе ад такога памылковага шляху, як распальванне міжнацыянальнай варожасці і прыніжэнне нацыянальнага гонару беларусаў.

Нагадаем, што хваля зваротаў, у тым ліку да ТАА «Завод Бульбашъ», узнікла пасля творчага адказу з Слуцкага хлебзавода пра назву гатунку хлеба «Бульбаш». Грамадзяне краіны прыгадалі, дзе яшчэ ўжываецца, на іх думку, ганебны назоў беларусаў.

У адказе на зварот датычна сваёй прадукцыі Міхаіл Лявончык напісаў, што таварны знак «Бульбашъ» зарэгістраваны ў адпаведнасці з нормамі беларускага і міжнароднага права, а «наданне» гэтаму слову Зінаідай Цімошак «адмоўнай нацыянальнай афарбоўкі скіравана на распальванне міжнацыянальнай варожасці, прыніжэнне нацыянальнага гонару і годнасці».


Застаецца толькі дзівіцца такому цынізму кіраўніка вытворчасці, які спрабуе перавярнуць усё дагары нагамі, — гаворыць жыхарка горада Слуцка. — Да таго ж у сваім адказе Міхаіл Лявончык сцвярджае, што ў сваёй дзейнасці ён кіруецца Канстытуцыяй Беларусі, дэкрэтамі і ўказамі кіраўніка дзяржавы. Прыйшлося даслаць яму новы ліст, дзе я выказала сумненне ў тым, што менавіта Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь і ўказы кіраўніка краіны падказалі яму ўжываць такі зняважлівы гарэлачны брэнд «Бульбашъ». Падаецца, што кіраўнік прадпрыемства робіць выгляд, што ён толькі што нарадзіўся на свет і лічыць, што менавіта я надаю гэтаму слову адмоўную нацыянальную афарбоўку.

Прыйшлося распавесці яму пра прыклад з жыццёвай практыкі аўтара ліста ў газету «Новы час» Алеся Сярожкіна і ўкласці гэты ліст у дадатак да новага звароту. Можа, калі пачытае, як хлапец з Воршы адстаяў годнасць беларусаў падчас працы ў Маскве, дык трохі святлей стане ў галаве чалавека?

Па словах жанчыны, некалькі случчан, якім яна дала пачытаць адказ кіраўніка завода, таксама падзівіліся пакручанасці дырэктарскіх думак.

«Як можа такі чалавек кіраваць заводам і рабіць выгляд, што ён не ведае таго, што ведае кожны беларус?» — дзівіцца жанчына, якая гандлюе на гарадскім кірмашы.

«Вельмі сумна, што кіраўнік завода не саромеецца прыкрывацца Асноўным законам краіны і пляваць у вочы суграмадзянам. Відавочна, што Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь для некаторых людзей толькі паперка, якой яны прыкрываюць свае прыкрыя ўчынкі», — гаворыць Аляксей, малады настаўнік.

Напрыканцы свайго ліста Зінаіда Цімошак напісала, што яна не жадае поспехаў у працы Міхаілу Лявончыку, бо хоча, каб беларусы не куплялі гарэлкі «Бульбашъ».

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Абмеркаванне:

  • Anatol Starkou
  • 2018-10-09 17:41:25
Во дае копаці мой Бульбаш! Далей буду размаўляць з б-ч-б дылетантамі.

(1) "Пры рэгістрацыі гандлёвага знака правяралася яго адпаведнасць артыкулу такому-та."
Гэта не справа дырэктара правяраць тую адпаведенасць, а справа Патэнтнага ведамства РБ, але й кожны грамадзянін можа ў той артыкул заглянуць. Буду казаць пра іншае, аб чым тут ужо казаў:
НА МАЮ ДУМКУ змагарам трэ звяртацца ў Патэнтнае ведамства, а не да дырэктара хлебзавода. Чаму? Ужо тлумачыў. Мяркую, што пасля спынення дзеяння майго патэнта Бульбаш НОВЫ патэнт БульбашЪ, выдадзены Ведамствам памылкова, бо такім чынам, бач ты, можна атрымаць патэнт й на марку МкДон...лдсЪ ці МАЗЪ. Але ці наўрад. То бок ні туды змагары звяртаюцца з сваімі пісулькамі.
(2) Калі перапіска прыватная, то ніякага РАЗЖИГАНИЯ няма. Але ж змагарам трэба бел-чырвона-белая пена ў грамадстве і піяр заадно, і калі падключаецца грамадства да абмеркавання праблемкі, то далей казаць не хачу,
(3) Я не лічу, што слова БУЛЬБАШ дрэннае ў бок да нас беларусаў.
  • Anatol Starkou
  • 2018-10-09 18:12:45
Мяркую, што пасля спынення дзеяння майго патэнта Бульбаш (яго фотакопія ёсць на фб старонцы НЧ у папярэдняй тэме) НОВЫ патэнт БульбашЪ, выдадзены Патэнтным ведамствам РБ памылкова таму, што не павінен быў прайсці патэнтны поіск па крытэрыю НОВИЗНА. І далей па тэксту аб знаку Ъ
  • Сяржук
  • 2018-10-11 08:28:17
У 2008 -2010 гадах мне давялося асвятляць гэтую праблему. І былі героі, і былі экспертызы, толькі гарэлачныя акцызы усё адно перамагаюць – бо надта хочацца грошай уладам.
Бульбашъ - сапраўдны гонар наш? https://spring96.org/be/news/26376
БульбашЪ – грамадзянін Рэспублікі Беларусь? https://spring96.org/be/news/32166
А суддзі хто? Таксама “бульбашы”! https://spring96.org/be/news/34738
  • Тутэйшы.
  • 2018-10-11 22:37:16
А чаму не выпусціціь брэнд "Маскаль"?Ці настойку "Кацап"?Альбо "Хахляцкую"?"Маскаль" бы меў поспех у усходней суседцы ці не?
Наогул,насельніцтва Палесся дало мянушку "бульбашы" антысавецкім партызанам Бульбы (Бараўца),атрады якого выбілі савецкія гарнізоны у тыле нямецкіх войскаў на Палессі у 1941 годзе.
  • Алена
  • 2018-10-18 21:41:11
Ці значыць гэта, што калі я, напрыклад скажу ў адрас Прэзідэнта "Аляксандр Рыгоравіч, Вы - бульбаш", то гэта абразай лічыцца не будзе, а будзе яму вельмі прыемна?

Больш цікавага на «Новым Часе»: