«Дыскрэдытуе Беларусь»: на праціўніка завода АКБ напісалі заяву ў міліцыю

У заяве гаворыцца, што дзеянні Дзмітрыя Бекалюка могуць прычыніць Беларусі шкоду на суму $ 4,5 млрд.


«Нехта Вадзім Уладзіміравіч Макееў напісаў і адправіў па электроннай пошце заяву на імя начальніка УУС Брэсцкага аблвыканкама і копію начальніку ўпраўлення ідэалогіі аблвыканкама. У заяве гаворыцца, што я пачкамі пішу звароты ў органы ўлады, а таксама ў Расійскую Федэрацыю і Польшчу, і тым самым дыскрэдытую Рэспубліку Беларусь. Ён сцвярджае, што з-за маіх дзеянняў эканоміцы нашай краіны пагражае сур'ёзны ўрон: страты на экспарце могуць дасягнуць больш за 4,5 млрд долараў, а краіна не далічыцца сотняў тысяч працоўных месцаў», — распавёў «БГ» Зміцер Бекалюк.

Паводле яго слоў, адрас Макеева для карэспандэнцыі паказаны пінскі, але жыве гэты чалавек у Маскве.

«Ён сцвярджае, што я займаюся падрыўной дзейнасцю ўнутры Беларусі, і просіць міліцыю гэта праверыць. Да заявы прыкладзены скрыншоты перапіскі ў вайберы з нагоды травеньскай забароны Рассельгаснагляду на ўвоз малочнай прадукцыі з 37 прадпрыемстваў Беларусі», — растлумачыў Бекалюк.

Па словах актывіста, у нядзелю 26 траўня ён па позве хадзіў у міліцыю для апытання. Праводзіцца праверка ў рамках Крымінальна-працэсуальнага кодэкса. У міліцыі Дзмітрый Бекалюк напісаў сустрэчную заяву з просьбай праверыць у рамках ПВКаАП, ці няма ў заяве Макеева паклёпу.

Дзмітрый Бекалюк з'яўляецца адным з лідараў ініцыятыўнай групы, якая больш за год кажа пра шматлікія парушэнні на розных этапах рэалізацыі праекта па будаўніцтве акумулятарнага завода ў Брэсцкім раёне. За актыўную грамадзянскую пазіцыю не раз прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасці, быў аштрафаваны і ў якасці адміністрацыйна затрыманага сядзеў у ІЧУ.


Паводле b-g.by

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!