Дыскрымінацыя на рынку працы ў Беларусі: хто найбольш цярпіць і як змагацца?

Што рабіць, калі вас не бяруць на працу, бо вы — маладая жанчына? Ці калі вам засталося некалькі гадоў да пенсіі? Эксперткі арганізацыі «Гендарныя перспектывы» распавялі Белсату, як змагацца з працоўнаю дыскрымінацыяй у грамадстве.
29 студзеня ў Press Club Belarus адбылася першая з двух адкрытых дыскусіяў на тэму дыскрымінацыі на рынку працы. Спецыялісткі міжнароднай грамадскай арганізацыі «Гендэрныя перспектывы» Ірына Альхоўка, Алена Арцёменка і Вераніка Пацэпня прэзентавалі вынікі даследавання сітуацыі ў гэтай сферы і распавялі, з якімі праявамі дыскрымінацыі сутыкаюцца прадстаўнікі розных слаёў грамадства. Яны таксама патлумачылі, якім чынам можна абараніць свае правы ў зносінах з працадаўцам.

85 % беларусаў сутыкаліся з дыскрымінацыяй

Сацыялагічнае даследаванне праводзілася ў 2018 годзе шляхам онлайн-апытання сярод эканамічна актыўнага насельніцтва Беларусі. Усяго ўдзел у ім узялі 1298 рэспандэнтаў.

Пад групамі, якія найбольш падвергнутыя дыскрымінацыі, аўтары мелі на ўвазе замужніх і незамужніх жанчын да 35 гадоў без дзяцей, жанчын з маленькімі дзецьмі і ў дэкрэтным адпачынку, людзей перадпенсійнага ўзросту (50-58 гадоў) і жыхароў сельскай мясцовасці.

Эксперты прыйшлі да высновы, што дыскрымінацыя — вельмі распаўсюджаная з’ява на беларускім рынку працы. З ёй сутыкаліся 85 % грамадзянаў, пры гэтым жанчыны цярпелі праз гендарныя стэрэатыпы (роля жонкі і маці ў сям’і), а мужчыны — праз свой узрост. Як не дзіўна, але цяпер назіраецца тэндэнцыя да росту дыскрымінацыі людзей ва ўзросце 35-44 гадоў з вышэйшай адукацыяй.

«Праца — каб выгульваць сукенкі»

Найбольш дыскрымінаванай групай застаюцца маладыя жанчыны. Пры прыёме на працу ім задаюць недарэчныя пытанні пра сямейнае становішча, цікавяцца асабістым жыццём. 23 % жанчын-рэспандэнтаў скардзіліся на парушэнне сексуальнай недатыкальнасці, харасмэнт.

«Гэтая праблема часта ўспрымаецца несур’ёзна і непрасоўванне жанчыны па службе ў разе адказу ўспрымаецца як нармальнае. Адна з нашых рэспандэнтак кажа: «Я абуралася, а калегі смяяліся і гаварылі, што гэта нармальна, ён мужык». Альбо яшчэ пра рэакцыю калектыву на непадвышэнне заробку жанчыне: «Завядзі сабе мужчыну, няхай цябе забяспечвае, а ты можаш проста хадзіць на працу, каб выгульваць сукенкі», — распавядае Алена Арцёменка.

Праз занадта кансерватыўны ўклад у шэрагу арганізацыяў (збольшага, дзяржаўных), з паблажлівым стаўленнем да сябе сутыкаюцца і маладыя супрацоўнікі. Часта ім могуць навязваць працу, якая не ўваходзіць у іхныя абавязкі.

У прыватных жа кампаніях могуць прад’яўляць спецыфічныя патрабаванні да знешняга выгляду. Напрыклад, браць на пасаду сакратара толькі худых дагледжаных дзяўчат, бо гэта «твар кампаніі».

«У прыватных наймальнікаў папулярны пункт гледжання, што за свае грошы яны хочуць абіраць самі. Маўляў, калі я хачу даўганогую дзяўчыну, якая будзе сустракаць гасцей, то я так і напішу ў вакансіі», — кажа Ірына Альхоўка.

Паводле юрысткі МГА «Гендарныя перспектывы» Веранікі Пацэпні, беларускае заканадаўства забараняе пры пошуку працаўнікоў пазначаць у аб’явах пол, рост, вагу і г. д. — гэта прапісана ў Працоўным кодэксе.

«Калі вы лічыце, што вам адмовілі ў прыёме на працу на дыскрымінацыйнай падставе, звярніцеся пісьмова да наймальніка і ён цягам трох дзён павінен вам прадставіць адказ», — раіць Вераніка.

Пасля атрымання адказу трэба скласці пазоўную заяву і звярнуцца ў суд.

«Як правіла, такія справы разглядаюцца на грамадзянскіх працэсах. Узор заявы можна знайсці на сайтах судоў. Але гэта ўсяго толькі ўзор і далей пытанне ў тым, наколькі карэктна чалавек складзе сваю заяву. Кожная сітуацыя індывідуальная», — дадае юрыстка.

Звальненне — не выйсце?

Часта людзі нават не ўсведамляюць, што іхныя правы парушаюцца. 44,4 % апытаных хочуць прыняць меры дзеля абароны сябе, але рэальна іх прымаюць толькі 25,8 %. Менавіта таму для дзяржаўных устаноў важна ўсведамляць, што адсутнасць скаргаў не азначае адсутнасць парушэння правоў. Сутыкнуўшыся з дыскрымінацыяй, 30 % абіраюць звальненне як спосаб вырашэння праблемы, аднак канструктыўным назваць яго цяжка.

«Чаму людзі абіраюць звальненне? Усе разумеюць, што калі ты актыўна змагаешся з працадаўцам, напрыклад, судзішся з ім, вярнуць сабе месца працы вельмі складана. Таму ў краінах Еўразвязу прапаноўваецца трохмесячная кампенсацыя вашага згубленага заробку, і гэта добрае альтэрнатыўнае рашэнне, каб чалавек і скарыстаўся магчымасцю абараніць свае правы, і не знаходзіўся ў дыскамфортным становішчы», — адзначае Ірына Альхоўка.

На думку эксперткі, такая практыка была б карысная і на беларускім рынку працы.

Даследаванне таксама паказала, што скаргі насамрэч даходзяць да суду даволі рэдка. Вераніка Пацэпня звязвае гэта з нізкай прававой граматнасцю насельніцтва. Але ёсць яшчэ адзін важны чыннік.

«Важны бар’ер на шляху адстойвання сваіх правоў — адсутнасць салідарнасці ў калектыве. Рэспандэнты часта казалі, што не адчувалі падтрымкі з боку калег, нават калі прыгняталі іх саміх. Людзі не гатовыя былі дзейнічаць разам. Калі б у нашай працоўнай культуры было больш гатовасці да салідарнага дзеяння, то сітуацыі з адстойваннем правоў узнікалі б часцей», — рэзюмуе Алена Арцёменка.

Наступная дыскусія пры ўдзеле «Гендарных перспектыў» адбудзецца ў Прэс-клубе 12 лютага і будзе прысвечаная больш вузкаму пытанню — наколькі лёгка жанчынам (з дзецьмі і без дзяцей) на рынку працы ў Беларусі.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: