Эфект палення, пра які ніхто не думае

Добрых ракаў не бывае: добрую хваробу злаякаснай не назавуць. Але з гледзішча якасці жыцця злаякасныя пухліны — вельмі розныя.

Рак яечка — амаль што ўдача: і лечыцца някепска, і наступствы ў штанах хаваюцца. Не тое — рак кішкі, калі даводзіцца выводзіць калавыя масы праз каланастому — дзірку ў баку. Але і тут пры ўдалым збегу абставін можна прыхаваць праблему хаця б ад дальняга атачэння. А вось наступствы хірургічнага лячэння ракаў на твары ці ў роце схаваць можна толькі разам з пацыентам.

Аднойчы да мяне звярнуўся мужчына, які хацеў выдаліць зуб. Мужчына як мужчына, зуб як зуб, такім інтэрна-хірурга не здзівіш. Здзівіла іншае: двухсантыметровая язва паміж сківіцай ды языком. Па маім меркаванні, менавіта гэтая штука мусіла турбаваць пацыента, а зусім не сто гадоў як мёртвы пянёк ад ніжняй шасцёркі. «Даўно ў вас ГЭТА?» — спыталася я. «Што — гэта?» — лыпнуў вачыма пацыент. «Вось гэтая язва пад языком», — удакладніла я, асцярожна дакранаючыся да пакрытага шэрым налётам кратара са шчыльнымі берагамі. Пацыенту, відавочна, не балела, і гэта мне дужа не спадабалася: рана ў роце мусяць балець, гэта вельмі адчувальная зона. «Язва? Пад языком?» — здзівіўся мужчына. — «Не ведаў. А што там?»

Праз тры тыдні прыйшоў адказ на ягонае пытанне. Мой настаўнік, хірург з трыццацігадовым стажам, які па маёй просьбе (здаецца, нават без анестэзіі) адшчыкнуў тады кавалачак з краю язвы дзеля біяпсіі, паклікаў мяне з кабінета. «Памятаеце таго пацыента?» — і назваў прозвішча. — «Там рак. Я накіраваў яго да анколага».

Удумайцеся: язва 2 сантыметры пад самым актыўным і неспакойным органам чалавечага цела. Яна расла доўгія месяцы і ніяк сябе не праяўляла. Выпадковая знаходка, па самых сціплых ацэнках, цягнула адразу на трэцюю стадыю.

Анколагі нездарма прыдумалі вылучаць розныя стадыі рака. Улічваецца распаўсюд углыб і ўшыркі, паражэнне лімфатычных вузлоў, наяўнасць метастазаў — другасных пухлін у іншых органах. З усяго гэтага складаецца прагноз на жыццё і магчымасць перамагчы хваробу. На твары і ў роце ўсё вельмі складана пераплеценае, па суседству размешчаныя скура ды слізістая, клятчатка і цягліцы, нават залозы, безліч лімфатычных вузлоў, густыя сеткі нерваў ды сасудаў. Калі пухліна прарасла некалькі слаёў розных тканак ці выйшла за межы адной анатамічнай вобласці — гэта вельмі кепска. Таму што радыкальнасць выдалення пухліны залежыць ад таго, ці можна выразаць яе разам з навакольнымі здаровымі тканкамі.

Прыкладам, каб радыкальна выдаліць са спіны меланому (злаякасную радзімку) памерам з гарошыну, даволі часта даводзіцца выразаць кавалак скуры з палову мужчынскай далоні. А цяпер уявіце сабе падобную радзімку на шчацэ.

Згадваю прыклад, які запомніўся са студэнцкіх гадоў. Пацыент, мужчына каля 50, лічыў сябе здаровым чалавекам. Адно што паліў. У месцы звыклага прыліпання цыгарэты да ніжняй губы ўтварылася нейкая штучка. Язвачка — не язвачка, ранка — не ранка. Некалькі месяцаў не зажывала: пацыент не мог ствараць шэдэўры без цыгарэты і па трыццаць разоў на дзень «падпякаў» тую штучку.

Мы бачылі яго на кантрольным аглядзе праз месяц пасля аперацыі. Калі анколагі выразалі правыя паловы вуснаў і кут рота, яны адразу ж правялі пластычную аперацыю: зрэзалі скуру з ілба, склалі ўдвая і замясцілі дэфект. Ювелірная праца прыжылася. Пацыент нават налаўчыўся так заліваць у рот суп, каб цякло ў глотку, а не па барадзе. Толькі паліць болей не атрымліваецца: каб новыя «вусны» самкнуліся, спатрэбіцца некалькі дадатковых аперацый. Аднаўляць функцыю — а, пагатоў, эстэтыку — такім пацыентам пачынаюць толькі тады, калі працяглы час не будзе метастазаў ды рэцыдываў.

Паленне не з’яўляецца абавязковым фактарам развіцця пухлін рота ці прыротавай вобласці. Гэта проста хранічная тэрмічная траўма плюс мікраапраменьванне. З адной цыгарэты рака не будзе. Не будзе і з адной пачкі. Але ніхто не ведае, калі сумарны эфект прывядзе да збою ў сістэме.

 А рэкамендацыі тым, хто лічыць сябе здаровым, простыя.

Рэгулярна наведвайце стаматолага: чым раней знойдзеная пухліна, тым лепшы прагноз.

Востры край зубоў, шкодныя звычкі — паленне, жаванне сумесяў, прыкусванне губ і шчок ці іншая хранічная траўма (механічная, тэрмічная, хімічная) — шлях зарабіць пухліну. Адпаведна, дагледжаны рот — рэальная прафілактыка рака.

Калі цягам двух тыдняў пасля пазбаўлення ад прычыны хранічнай траўмы вы не адчулі паляпшэння — язва ніяк не пачынае зажываць — звяртайцеся да анколага, незалежна ад таго, баліць вам ці не.

Калі на слізістай рота ў вас ёсць мінімальныя змены, тым больш — дабраякасныя пухліны, развітацца са шкоднай звычкай крытычна неабходна.

Не хварэйце!



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: