Дзе шукаць гілёў?

Снежная і марозная зіма прывабіла ў горад з лесу гілёў. Тыя, каму ўдалося пабачыць прыгожую птушку, дзеляцца ў сацсетках сваімі фота. Грамадская арганізацыя «Ахова птушак Бацькаўшчыны» (АПБ) расказвае, як заўважыць гілёў і чаму важна іх не спалохаць.

Гілі на кармушцы. Фота Паўла Аляксеева

Гілі на кармушцы. Фота Паўла Аляксеева

Звычайна гілі пужлівыя, але ў маразы могуць падпускаць блізка. Каб сагрэцца, гілі натапырваюць пёркі так, што нагадваюць шарыкі. Гілі стараюцца дарэмна не рухацца, каб не траціць энергію, і кормяцца на адной галінцы, пакуль не аб’ядуць усё насенне на ёй і навокал, куды дацягнуцца. Таму, фатаграфуючы птушак, трэба рабіць гэта максімальна асцярожна і хутка: калі залішняя ўвага іх патурбуе і прымусіць пераляцець некалькі разоў, то яны могуць патраціць больш энергіі, чым здабылі за кароткі зімовы дзень. Гэта можа нават прывесці да гібелі птушкі сцюдзёнай ноччу.

Спецыялістка АПБ па экалагічнай адукацыі Анастасія Пярко расказвае:

— Ідучы ў офіс АПБ па вуліцы Парніковай каля дома 11, я не адразу заўважыла чародку гілёў на дрэве. Але калі я на секунду падняла галаву, заўважыла некалькі чырвоных сілуэтаў. Некаторыя гілі карміліся насеннем, астатнія проста назіралі за наваколлем. Чародка была невялікая — каля пяці самцоў і толькі 2 самкі. Птушкі ніяк не рэагавалі ні на мяне — нават калі я праходзіла зусім побач з дрэвам, ні на іншых мінакоў. Нават сарока, якая падляцела да іх, ніяк іх не патурбавала. Цікава, што калі праз пару дзён я зноў праходзіла там, яны зноўку сядзелі на тым самым дрэве.

Самец гіля. Фота Паўла Аляксеева

Самец гіля. Фота Паўла Аляксеева

Не заўсёды лёгка можна заўважыць нават чырвоных самцоў гілёў. На фоне жоўтых крылатак ясеня, лісця ці гронак ягад нават яны могуць стаць нябачнымі. Запомніце пазыўку (не песню) гілёў, яны даволі часта ўзімку яе выкарыстоўваюць, яна гучыць як “трю-трю”. А тады ўжо глядзіце па баках і ўверх.

Узімку гілі харчуюцца насеннем пладоў каліны, абляпіхі, рабіны, ясеня, клёна, бэзу, таму асабліва ўважліва варта аглядаць гэтыя кусты і дрэвы. Калі пад рабінай або калінай усё чырвонае ад мякаці ягад, а пад ясенем ці клёнам на свежым снезе панакідана шмат крылатак, гэта знак, што проста цяпер тут харчуюцца або нядаўна харчаваліся гілі. Гілёў можна сустрэць і на палыне, ліянах хмелю.

Самка гіля. Фота Паўла Аляксеева

Самка гіля. Фота Паўла Аляксеева

Гілі могуць прыляцець і на кармушку. Галоўнае павесіць яе загадзя і так, каб яна не боўталася, а была трывала замацаваная, не рухалася. Сябра клуба АПБ “Рэдкая птушка” Ірына Груздзіловіч кармушку павесіла яшчэ з восені:

— У нас на кармушцы толькі семачкі сланечніка. Мінулай зімой мы бачылі гілёў толькі на рабіне, а ў гэтую зіму ў студзені яны ўпершыню пачалі да нас завітваць. Учора было пяць гілёў. А яшчэ да нас нядаўна прыляталі больш рэдкія зімнія птушкі: чачотка, берасцянка і чорны дрозд.

Гілі на кармушцы. Фота Ірыны Груздзіловіч

Гілі на кармушцы. Фота Ірыны Груздзіловіч

Калі пачне цяплець, гілі вернуцца ў яловыя лясы — менавіта там яны гняздуюць. Але пакуль стаяць маразы і ў птушак ёсць корм, у гараджан ёсць цудоўная магчымасць паназіраць за імі. Галоўнае не палохайце іх залішняй увагай і не забывайце папаўняць сваю кармушку несалёнымі нясмажанымі чорнымі семачкамі.
Атрымалася асцярожна сфатаграфаваць гіля? Падзяліцеся прыгажосцю — адзначайце на фота і відэа сваіх гілёў акаўнт “Аховы птушак Бацькаўшчыны” ў Інстаграм, яны трапяць у стужку гісторый арганізацыі.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: