«Дзе ты быў, калі рабілася злачынства?». Варце абароны Курапатаў — два гады

Супрацьстаянню абаронцаў Курапатаў з уласнікамі рэстарана «Поедем поедим», пабудаванага з парушэннем заканадаўства ў зонах аховы мемарыяла, першага чэрвеня спаўняецца два гады. За гэты час дзякуючы штодзённай Варце аматараў паесці побач з чалавечым могільнікам паменела. Але і сама Варта стала слабейшай. Які плён прынёс гэты пратэст і якія ў яго перспектывы, распавядаюць тыя, хто ад пачатку і да сёння працягвае выходзіць на Варту абароны Курапатаў.

Гадавіна Курапацкай варты 1 чэрвеня 2019 года. Фота Дзіяны Серадзюк

«Варта паказвае, што беларусы будуць стаяць за Беларусь»

Па словах сустаршыні аргкамітэта па стварэнні партыі Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя Паўла Севярынца, на Варце цяпер звычайна ад аднаго да некалькіх чалавек штодня. Цяжэй было зімой і ў пачатку вясны, цяпер сітуацыя палепшылася.

«На варце БХД у сераду апошні месяц бывала да 5-6 чалавек. Бывае, і адзін стаіш. Людзі стаяць са сцягамі, раздаюць буклеты, аглядаюць Курапаты. Наведнікаў, вядома, менш, пару дзясяткаў машынаў у дзень, пандэмія, але “зборкі ў Зайдэса”, як мы іх называем, працягваюцца штосерады: робяць планёркі, запрашаюць патэнцыйных кліентаў. Але з гледзішча бізнесу "аб'ект" прагарае, вылятае ў трубу. Праз два гады канчаткова робіцца ясна, што мэта — зусім не бізнес».

Чытайце таксама: Гадавіна Курапацкай варты: агрэсіўныя наведвальнікі, пабітыя лампады і нязломныя абаронцы (фота, відэа)


Павел Севярынец адзначае, што Варта, хоць не такая шматлікая, як напачатку, але працягвае стаяць, і будзе стаяць, пакуль сюды будуць прыходзіць людзі.

«Беспрэцэдэнтная, самая працяглая штодзённая акцыя пратэсту ў гісторыі Беларусі доўжыцца, і сімвалічна, што яна праходзіць менавіта ў Курапатах. Цікавасць да Курапатаў не знікае, а зацяняецца пандэміяй, "выбарамі", іншымі падзеямі. Беларусі як краіне і беларусам як нацыі наканавана вяртацца да курапацкага крыжа як сістэмы каардынатаў».

Шэраг партый і рухаў, напачатку актыўных у абароне Курапатаў, паступова адкалоліся. У БХД, па словах суразмоўцы, – поўнае адзінства што да падтрымкі Курапацкай варты, хоць не ва ўсіх атрымліваецца прыязджаць і стаяць. Палітык пералічвае: за мінулыя два гады сюды прыязджалі цэлыя дэлегацыі БХД з Віцебска, Гродна, Магілёва, Брэста, Баранавічаў, Слоніма, Оршы, Маладзечна, Полацка, Мёраў, Мінскага раёна, мінчукі. Цяпер пра каронавірус цяжка дабірацца здалёк, таму часцей прыязджаюць некалькі чалавек з Мінска. Сярод іх — штосераду на Варце сам Павел Севярынец.

«Ёсць такое слова — "трэба". Курапацкая варта — гэта своеасаблівы чуйнік, які паказвае грамадству і Крамлю, што беларусы будуць стаяць за Беларусь. У сцюжу, у дождж, перад ашалелымі наведнікамі, у пандэмію — стаяць».

Павел Севярынец у Курапатах. Фота Дзіяны Серадзюк

Павел Севярынец у Курапатах. Фота Дзіяны Серадзюк

Галоўным вынікам двухгадовага супрацьстаяння Павел Севярынец уважае тое, што людзі не едуць у «Поедем поедим». Хтосьці лічыць амаральным ехаць у рэстаран, хтосьці баіцца Варты альбо «засвечвання» ў стваронай абаронцамі базе даных, хтосьці завітаў першы і апошні раз, атрымаўшы буклет і вусную інфармацыю пра гэтае месца.

«Мала таго, супраць кабака ў Курапатах дасягнутая практычна поўная нацыянальная згода: гэта ганьба. Сотні вядомых людзей выказаліся пра "Бульбаш-хол"», — зазначае палітык.

Дзякуючы Варце абароны Курапатаў колькасць публікацыяў пра мемарыял стала вымярацца ў тысячах, а іх ахоп — у сотнях тысячаў чытачоў, гледачоў і слухачоў.

«Думаю, Госпад дапусціў гэтую сітуацыю з "Бульбаш-холам" якраз да 30-годдзя адкрыцця Курапатаў дзеля таго, каб беларусы яшчэ раз згадалі страшную праўду пра масавыя забойствы камуністычных часоў. І зноў падымаецца хваля праўды пра бясконцыя беларускія галгофы: Хайсы, Шчакатоўскі лес, Кабыляцкую гару, Трасцянец, Парк Чалюскінцаў, Лошыцу... Дзякуй журналістам, навукоўцам, аўтарам расследванняў. Без памяці, без пакаяння – няма адраджэння. Такога розгаласу не было б, калі не было б Курапацкай варты».

На думку Паўла Севярынца, памятны знак з шыльдай пра палітычныя рэпрэсіі 1930-40-х гадоў, нягледзячы на няўдалае размяшчэнне, — усё ж прызнанне факту масавых савецкіх рэпрэсій з боку ўлады.

Крыжалом у красавіку мінулага года палітык называе «тэстам на Курапаты», які Лукашэнка не прайшоў. Але гэта дазволіла многім расплюшчыць вочы і ўбачыць сутнасць рэжыму.

А яшчэ Курапаты — адно з нямногіх месцаў Беларусі, дзе можна спакойна разгарнуць бел-чырвона-белы сцяг і стаяць з ім хоць цэлы дзень, хоць цэлы год запар.

Варта 13 траўня 2020 года. Фота з Фэйсбука Паўла Севярынца

Варта 13 траўня 2020 года. Фота з Фэйсбука Паўла Севярынца

«На Курапацкую варту прыйшло цэлае пакаленне маладых патрыётаў. Мы пазнаёміліся шмат з кім. Ведаеце, гэта добры тэст — "стаялі разам на Варце". Братэрства. І такіх людзей сотні — ім вялікая падзяка. Варту зрабілі людзі».

«Курапацкая варта — моцная школа выжывання»

Для грамадскай актывісткі Ганны Шапуцькі Курапацкая варта стала галоўнай падзеяй гэтых двух гадоў, якія прайшлі вельмі хутка. Гэта былі два гады адкрытага супрацьстаяння з «варварамі»  — чыноўнікамі ўсіх ведамстваў і рангаў, што пакрываюць парушэнні заканадаўства на тэрыторыі мемарыяла і ў зонах яго аховы, а таксама наведвальнікамі «Бульбаш-хола».

«Я не аддзяляю “рэстарацыю смерці” (назва народная) ад Курапатаў. Рэстарацыя знаходзіцца ў зонах аховы мемарыяла Курапаты, усяго ў 50 метрах ад мяжы вялізарнага чалавечага могільніка. Варта — гэта голас ахвяраў, знішчаных у Курапатах, напамін аб страшных часах дзяржтэрора, якія могуць паўтарыццая, калі большасць заплюшчыць вочы на курапацкія крыжы і замест ушанавання памяці будзе адпачываць у рэстарацыі з відам на месца забойства», — мяркуе Ганна Шапуцька.

Ганна Шапуцька (злева) і настаўніца з Талькі Наталля Іллініч падчас гадавіны Купарацкай варты 1 чэрвеня 2019 года. Фота Алены Ляшкевіч

Ганна Шапуцька (злева) і настаўніца з Талькі Наталля Іллініч падчас гадавіны Купарацкай варты 1 чэрвеня 2019 года. Фота Алены Ляшкевіч

Галоўным дасягненнем Курапацкай варты і агульнай перамогай актывістка лічыць байкот беларусамі рэстарацыі (яна стаіць фактычна пустая), інфармацыйны розгалас пра Курапаты, захаванне ў памяці беларусаў злачынстваў НКУС, асэнсаванне ролі сучаснай дзяржавы, якая, лёгка вырваўшы курапацкія крыжы, можа знайсці апраўданні забойствам тысяч людзей.

Па словах Ганны Шапуцькі, Варта будзе працягвацца і далей, але, магчыма, у іншым фармаце, які ўжо крыху змяніўся.  

«Падчас пандэміі стала вельмі небяспечна прыходзіць на Варту вялікімі групамі. Некаторыя абаронцы, напрыклад, Рух Салідарнасці “Разам”, прыпынілі свой удзел на час пандэміі. Некаторыя захварэлі ці вымушаныя былі сыйсці на каранцін. У той жа час каронавірус звёў да мінімуму і так не вялікую колькасць наведвальнікаў рэстарана, фактычна, няма каму раздаваць улёткі. Таму новы фармат Курапацкай варты — серада, пятніца, субота, нядзеля з 16.00 да 20.00».

Ганна Шапуцька перакананая, што Курапацкая варта стала сімвалам духоўнага змагання, непахіснасці, непамяркоўнасці. Яе неад’емнай часткай павінна заставацца малітва за ахвяраў рэпрэсій і за Беларусь. Варта павінна трываць, пакуль у Беларусь не прыдуць перамены і пакуль не міне пагроза знішчэння мемарыяла Курапаты.

Варта 27 сакавіка 2020 года. Фота з Фэйсбука Ганны Шапуцькі

Варта 27 сакавіка 2020 года. Фота з Фэйсбука Ганны Шапуцькі

Улады працягваюць пільна сачыць за абаронцамі і мемарыялам, хаця праз каронавірус з рэстарацыі зніклі «іхтамнеты» — супрацоўнікі міліцыі ў цывільным, якія назіралі за ўдзельнікамі Варты і здымалі іх на відэа.

«Курапацкая варта — гэта выпрабаванне, як фізічнае, так і духоўнае. Няпроста стаяць у спёку і мароз, але яшчэ цяжэй размаўляць з варварамі-наведвальнікамі, выслухоўвываць іх абразы, пагрозы. Курапацкая варта, насамрэч, — моцная школа выжывання. Мне здаецца, што я стала больш цярплівай, больш разважлівай, больш абароненай і моцнай. Важна, што побач з табой — людзі, блізкія па духу, людзі-цвікі, нязломныя і непераможныя. Вялікі дзякуй усім абаронцам мемарыяла, што гэтыя два гады былі побач. Нас сапраўды шмат. Не ўсё можна хутка змяніць, магчыма, і не трэба, бо Бог наканаваў нам, беларусам, прайсці свой шлях да пераменаў, да перамогі. Я веру, што ўздымецца хваля беларускай салідарнасці, беларусы пазбавяцца духу камунізма, атрымаюць доўгачаканую свабоду, а душы курапацкіх ахвяраў — спакой. Трымаемся. Жыве Беларусь!».

«Нам хочацца адразу пажаць, хоць яшчэ зерне не дакранулася да зямлі»

Разважаючы пра дасягненні двухгадовага супрацьстаяння ля рэстарацыі «Поедем поедим», грамадскі дзеяч Зміцер Дашкевіч зазначае, што выходзіў на Варту не дзеля таго, каб нечага дасягнуць.

«Я задаваў сабе пытанне: “Што правільна цяпер зрабіць?”, як і ў 2017 годзе. Тады была перамога з Неба — па-чалавечы гэтага нельга было зрабіць, і на трэці дзень мы маліліся, каб нас проста пасадзілі і каб не давялося з ганьбай самім сыходзіць».

Зміцер Дашкевіч падчас абароны Курапатаў у 2017 годзе. Фота Уладзіслава Рубанава

Зміцер Дашкевіч падчас абароны Курапатаў у 2017 годзе. Фота Уладзіслава Рубанава

Узгадваючы, як згарнулася будоўля ля Курапатаў у 2017 годзе, Зміцер Дашкевіч спадзяваўся, што ў гаспадароў рэстарана хопіць розуму не распачынаць сваю дзейнасць у 2018-м.

«Але розуму ў іх не хапіла, і мне адразу стала зразумела, што гэта — доўгатэрміновы пратэст. Ганна Шапуцька ўзгадвала, як я сказаў, што пройдзе тры гады — здам свае валёнкі і пакіну абарону, калі не закрыюць рэстаран, — жартуе Зміцер Дашкевіч. — Калі людзі хочуць бачных кароткатэрміновых вынікаў, а іх няма, то яны расчароўваюцца. Таму тыя, хто тут быў напачатку і казаў, што ўсё спыніць, сыйшлі».

Суразмоўца прызнаецца, што стаіць у Курапатах для сябе: прыйдзе дзень, калі Бог ці гісторыя спытаюць: «Дзе ты быў, калі рабілася злачынства?».

Вяртаючыся да параўнання цяперашняй Курапацкай варты і абароны Курапатаў у 2017 годзе, актывіст гаворыць, што гэта дзве розныя сітуацыі: калі ў мінулы раз усё адбывалася на драйве барацьбы і супрацьстаяння, то цяпер гэта — доўгая карпатлівая праца. Менавіта таму ў 2017 годзе было адчуванне, што грамадзянская супольнасць аб’ядналася і здолела нешта зрабіць.

«Калі я ў сваіх допісах заахвочваю людзей размаўляць на роднай мове, я разумею, што большую колькасць людзей магу загітаваць пайсці браць штурмам рэзідэнцыю, чым проста пачаць размаўляць па-беларуску».

Змітру Дашкевічу дзіўна чуць ад людзей, якія ўважаюць сябе патрыётамі, што стаянне на Варце ў Курапатах — бессэнсоўнае.

«Калі мы не разумеем, што азначаюць для Беларусі Курапаты, наўрад ці нешта зменіцца ў гэтай краіне. Было б значна горш, калі б рэстарацыя працавала, і тут нікога не было. А так — адзін, два, тры вар’яты прыходзяць. Хоць для мяне відавочна: прыйдзе дзень, калі не будзе гэтага рэстарана».

Дасюль не вядомы лёс усталяваных Дашкевічам і паплечнікамі крыжоў з заходняга боку мемарыяла, якія брутальна выдралі падчас мінулагодняга крыжалому. Але гэтая падзея застанецца ў гісторыі лукашэнкаўскай эпохі на ўзроўні з рэферэндумам 1995 года, калі на прэзідэнцкай адміністрацыі дралі бел-чырвона-белы сцяг, перакананы былы лідар «Маладога Фронту».

«Паламаўшы гэтыя крыжы, улады вырашылі духоўна паламаць нас. Але Стась Карпаў мяне суцяшаў: “Не плач, Зміцер, стаяць твае крыжы, яны яшчэ вышэйшыя”».

Ён прызнаецца, што сіл выходзіць штотыдзень на Варту ў Курапаты нестае, і часам даводзіцца рабіць гэта аўтаматычна. Але натхняюць рэчы, якіх часам і не бачна.

«Часам думаеш — ну што я такога зрабіў? А ёсць людзі, якія за гэтым сочаць. Адно з такіх сведчанняў прачытаў у дзяўчыны ў Фэйсбуку. Яна піша, што ўжо сабрала рэчы, дзіця і збіралася з’язджаць. Але паглядзела, што людзі стаяць у Курапатах, ставяць крыжы і сказала сабе: “Не, я застаюся і буду размаўляць па-беларуску са сваім дзіцем”. Дзеля аднаго такога сведчання варта было стаяць два гады. А я маю нагласць думаць, што яно не адно. Усё дае свой плод. Мы можам і не бачыць, але мы тут сеем. Нам хочацца адразу пажаць, хоць яшчэ зерне не дакранулася да зямлі».

Самога Змітра Курапацкая варта перамяніла настолькі, што ён сам здаецца сабе іншым чалавекам. Галоўнае, што ён зразумеў, — гэта неабходнасць шчыра ацэньваць сілы, якія ёсць. Праблема палітычнага руху Беларусі ў тым, што мы ўсе ўяўляем, быццам маем сілу. Партыі гавораць пра тысячы сваіх актывістаў, абаронцы Курапатаў — пра тое, што беларускі народ стане і памрэ за мемарыял. А насамрэч сілы вельмі малыя.

Курапацкая варта 29 траўня 2020 года. Фота Дзіяны Серадзюк

Курапацкая варта 29 траўня 2020 года. Фота Дзіяны Серадзюк

У сераду, 3 чэрвеня, на гадавіну публікацыі артыкула Зянона Пазьняка і Яўгена Шмыгалёва «Курапаты – дарога смерці», а 18.00 абаронцы Курапатаў з розных дзён разам збяруцца на Варце. Удзельнікі абароны запрашаюць далучацца тых, каму не абыякавы лёс мемарыяла і краіны.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: