Дзе ў Беларусі больш за ўсё выпадкаў адзёру і навошта ад яго прышчапляюць перад II Еўрагульнямі

У гэтым годзе ў Беларусі зарэгістравана 106 лабараторна пацверджаных выпадкаў адзёру. З іх 35 выпадкаў — завозныя, астатнія — звязаныя з імі. У гэтым годзе нашмат менш выпадкаў адзёру, чым за справаздачны перыяд мінулага.
Выпадкі адзёру зарэгістраваныя ва ўсіх рэгіёнах краіны: у Мінску — 22 выпадкі, у Гомельскай вобласці — 21 выпадак, у Гродзенскай і Брэсцкай абласцях — па 17 выпадкаў, у тым ліку ў Гродне — 15 выпадкаў, у Віцебскай і Мінскай абласцях — па 13 выпадкаў, у Магілёўскай вобласці — тры выпадкі.

Міністэрства аховы здароўя інфармуе, што з улікам сітуацыі па захворваннях на адзёр у Еўропе, II Еўрапейскія гульні ў Беларусі, а таксама актыўны выезд беларусаў за мяжу на адпачынак, колькасць завозаў віруса адзёру можа ў бліжэйшы перыяд павялічыцца.

Па дадзеных СААЗ, са студзеня 2018 году ў 47 з 53 краін еўрапейскага рэгіёну было зарэгістравана больш за 100 тысяч выпадкаў адзёру і больш за 90 выпадкаў смерці, звязаных з адзёрам. За студзень-сакавік 2019 года зарэгістравана больш 51,2 тысячы выпадкаў адзёру. Найбольшая колькасць — ва Украіне: больш 34,1 тысячы выпадкаў. У Казахстане — больш за 5,3 тысячы выпадкаў, Грузіі — больш за 2,9 тысячы, Кыргызстане — больш за 1,5 тысячы, Расіі — больш за 1,07 тысячы, Польшчы — больш за 500, а таксама ў Францыі, Ізраілі, Румыніі, Паўночнай Македоніі.

Зараз арганізавана вакцынацыя супраць адзёру тых, хто задзейнічаны ў правядзенні II Еўрапейскіх гульняў. Такія прышчэпкі павінны зрабіць людзі ва ўзросце ад 18 да 55 гадоў уключна, якія не маюць у медыцынскай дакументацыі звестак пра вакцынацыю супраць адру, аб перанесеным адзёры, аб выніках сералагічнага даследавання крыві, які пацвярджае наяўнасць ахоўных узроўняў IgG антыцелаў да віруса адзёру або якія маюць дакументальныя звесткі пра адну прышчэпку супраць адзёру.

Адзёр — гэта аэразольная інфекцыя: каб захварэць, досыць пабыць у адным памяшканні з тым, хто ўжо хворы. Інкубацыйны перыяд (ад моманту заражэння да з'яўлення сімптомаў) — 10-18 дзён, максімальны — 21 дзень.

У чалавека, якому рабілі прышчэпкі ад адзёру, мізэрная верагоднасць захварэць. Нават калі такі чалавек захварэе, прышчэпка дапаможа выключыць смяротны зыход, ускладненні і хвароба будзе працякаць у больш лёгкай форме.

Нацыянальны каляндар прадугледжвае прафілактычныя прышчэпкі ад адзёру ў 1 год і ў 6 гадоў. Абарону забяспечваюць менавіта дзве прышчэпкі. Медыкі раяць, калі звестак аб прышчэпках няма або вядома толькі пра адну прышчэпку ад адзёру, ці вы не хварэлі на адзёр раней, зрабіць прышчэпку нават даросламу не пазней як за месяц да паездкі ў іншую краіну, дзе зараз неспрыяльная эпідэміялагічная сітуацыя. Напрыклад, ва Украіну і краіны ЕС.

Калі ў вас павысілася тэмпература, з'явіліся сып, боль у горле, кашаль, запаленне слізістай вачэй, трэба неадкладна звяртацца да ўрача. І калі вы да гэтага былі ў краінах ЕС або Украіне, пра гэта таксама трэба распавесці доктару.

Перад II Еўрапейскімі гульнямі ў красавіку-маі 2019 года таксама імунізацыю супраць віруснага гепатыту А прайшлі работнікі прадпрыемстваў грамадскага харчавання, якія будуць рыхтаваць ежу для ўдзельнікаў і гасцей спаборніцтваў. Каб знізіць рызыку распаўсюджвання кішачных інфекцый, правялі лабараторнае абследаванне работнікаў прадпрыемстваў грамадскага харчавання і гандлю, якія прымаюць непасрэдны ўдзел у падрыхтоўцы і раздачы ежы. У месцах знаходжання спартсменаў і членаў каманд-удзельніц адабралі пробы матэрыялу з навакольнага асяроддзя, каб не дапусціць распаўсюджванне легіянэлёзнай інфекцыі.

Паводле news.tut.by

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: