Дзеці з сіндромам Даўна запусцяць у неба жоўтыя шарыкі

У Міжнародны дзень абароны дзяцей, 1 чэрвеня, дзеці з сіндромам Дауна і іх блізкія збяруцца ў 18.00 у розных гарадах краіны, каб адначасова запусціць у неба жоўтыя паветраныя шары.

Акцыя пройдзе ў Менску (Цэнтральны дзіцячы парк ім. М. Горкага), а таксама ва ўсіх абласных і некаторых раённых цэнтрах Беларусі. Арганізатары мерапрыемства — супольнасць бацькоў дзяцей з сіндромам Даўна і сацыяльны праект «Рэспубліка Сонейка».

Асноўная мэта акцыі — нагадаць, што сіндром Даўна — самая распаўсюджаная ў свеце генетычная анамалія, і вельмі важна, каб людзі з лішняй храмасомай былі ўцягнутыя ў жыццё грамадства, прычым з ранніх гадоў.

«Мы хочам, каб у грамадстве фармавалася аб'ектыўнае ўяўленне аб гэтай генетычнай асаблівасці. На жаль, стэрэатыпы, якія склаліся, пра здольнасці дзяцей з сіндромам Даўна шмат у чым абмяжоўваюць іх магчымасці для самарэалізацыі, — распавядае арганізатар акцыі Кацярына Філанец. — Безумоўна, нашым дзецям цяжэй вучыцца, але гэта не значыць, што яны не могуць хадзіць у звычайны дзіцячы сад ці ў агульнаадукацыйную школу. Важна, каб у іх была такая магчымасць, бо зносіны і сацыяльныя кантакты для дзяцей з сіндромам Даўна не менш важныя, чым для любога дзіцяці».

Да акцыі можа далучыцца кожны жадаючы - інфармацыю пра месцы збору ўдзельнікаў у розных гарадах можна ўдакладніць у арганізатараў па тэлефоне +375 (29) 632-71-25, а таксама ў суполках праекта «Рэспубліка Сонейка» у сацсетках ВКонтакте і Facebook.

 Падтрымаць акцыю можна таксама ў сацыяльных сетках: распавесці пра яе сябрам і знаёмым, прымацаваўшы сваё фота з жоўтым паветраным шарыкам з хэштэгам #РэспублікаСонейка і #синдромДауна_инклюзия.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: