Дзеля Курапатаў ініцыяваныя чатыры судовыя справы

Грамадзянская ініцыятыва «Эксперты ў абарону Курапатаў» гатовая дайсці да Камітэту па правах чалавека ААН.


З-за ўвагі да Курапатаў у сувязі з адкрыццём каля ўрочышча рэстарацыі “Паедзем паядзім” нагадаем, што ў 2014–2015 гадах грамадзянская ініцыятыва “Эксперты ў абарону Курапатаў” ініцыявала чатыры судовыя справы ў абарону Нацыянальнага некропаля, разгляд якіх завяршыўся толькі леташняй вясною.

Прычым Вярхоўны суд Рэспублікі Беларусь адмовіў грамадскім актывістам у задавальненні ўсіх чатырох наглядных скаргаў па судовых справах у абарону Народнага мемарыялу.

Апошняй была не задаволеная наглядная скарга ў сувязі з тым, што 20 ліпеня 2015 года суддзя суду Фрунзенскага раёну горада Мінска Аляксандр Кузьміч не падтрымаў заяву грамадзянаў на неправамерныя дзеянні Мінскага райвыканкаму і ягонага старшыні Пятра Ярмаша, які не дазволіў заяўнікам правесці пікетаванні ў абарону Курапатаў, запланаваныя на 4 чэрвеня 2015 году ў Мінскім раёне.

Пазней судовая калегія па грамадзянскіх справах Мінгарсуду і ягоны старшыня Павел Каршуновіч пакінулі рашэнне суду Фрунзенскага раёна без зменаў, а касацыйную скаргу заяўнікаў без задавальнення.

Раней Вярхоўны суд не задаволіў наглядныя скаргі экспертаў па судовых пастановах наконт заяваў грамадзянаў на Генпракуратуру, Міністэрства культуры і начальніка ўпраўлення гэтага міністэрства па ахове гістарычна-культурнай спадчыны і рэстаўрацыі Ігара Чарняўскага. Названыя скаргі тычыліся незаконнага і самавольнага ўзвядзення ў ахоўнай зоне Курапатаў рэстаранна-забаўляльнага комплексу з былой назвай “Бульбаш-хол” і ўнармавання гэтага беззаконня чыноўнікамі Мінкультуры.

Апроч таго, Вярхоўны суд падтрымаў пазіцыю суддзі суду Цэнтральнага раёна горада Мінска Івана Майсейчыка, які 6 студзеня 2016 года адмовіў заяўнікам ва ўзбуджэнні грамадзянскай справы па скарзе на неправамерныя дзеянні (бяздзеянне) Генеральнай пракуратуры Рэспублікі Беларусь, якая адмовілася паведаміць выяўленыя супрацоўнікамі Генпракуратуры дадзеныя, у тым ліку імёны, імёны па бацьку і прозвішчы трох ахвяраў масавых палітычных рэпрэсій 1930-х гадоў, чые парэшткі былі ідэнтыфікаваныя па выніках дадатковага расследавання 1997–1999 гадоў пра трагедыю ў Курапатах у рамках крымінальнай справы, узбуджанай у 1988 годзе.

Паколькі Вярхоўны суд краіны не задаволіў усе наглядныя скаргі грамадскасці па судовых справах у абарону Курапатаў, эксперты будуць звяртацца ў Камітэт па правах чалавека ААН.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Каментаваць