Дзень беларускага пісьменства ў Кобрыне — толькі пасля 2020 году

Святкаванне Дня беларускага пісьменства і друку ў Кобрыне можа адбыцца толькі ў наступным дзесяцігоддзі.

Такую выснову можна зрабіць па выніках разгляду прапановы больш за 500 кабрынчанаў правесці ў горадзе Дзень беларускага пісьменства 2020 года.

У лісце да старшыні Нацыянальнага аргкамітэту па падрыхтоўцы Дня беларускага пісьменства і друку, намесніка прэм’ер-міністра Васіля Жарко была адлюстраваная славутая мінуўшчына Кобрына і названыя імёны выбітных асобаў, чые лёсы непасрэдна звязаныя з гістарычнай Кобрыншчынай.

Сярод іх — этнограф Павел Шпілеўскі, браты Крашэўскія — пісьменнік, гісторык Юзаф і мастак і фатограф Люцыян, літаратар, мастак і музыка Напалеон Орда, брат Адама Міцкевіча, прафесар права Кіеўскага і Харкаўскага ўніверсітэтаў Аляксандр Міцкевіч, кіраўнікі і актыўныя ўдзельнікі нацыянальна-вызвольных паўстанняў 1794 і 1863-64 гадоў Тадэвуш Касцюшка, Рамуальд Траўгут, Густаў Радавіцкі, Фелікс Ягмін і Уладзіслаў Малахоўскі, адзін з айцоў-заснавальнікаў Беларускай Народнай Рэспублікі Пётра Крачэўскі, першы прэзідэнт Дзяржавы Ізраіль Хаім Вейцман і амерыканскі матэматык Оскар Зарыскі, а таксама ўкраінскі паэт Тарас Шаўчэнка, беларускія польскамоўныя пісьменніцы Эліза Ажэшка і Марыя Радзевіч, рускія літаратары Канстанцін Паўстоўскі і Аляксандр Твардоўскі.

Жыхары горада прасілі Васіля Жарко запланаваць менавіта ў Кобрыне правядзенне Дня беларускага пісьменства і друку 2020 года. Падпісанты ліста ўпэўнены, што прызначэнне Кобрына сталіцай гэтага рэспубліканскага свята, якое арганізуецца штогод у першую нядзелю верасня, будзе спрыяць духоўнаму адраджэнню кабрынчанаў і пашырэнню ўжывання сярод іх роднай мовы — мовы тытульнай нацыі Рэспублікі Беларусь.

У сваім адказе першы намеснік міністра інфармацыі Павел Лёгкі паведаміў, што па даручэнні ўраду Рэспублікі Беларусь Міністэрства інфармацыі разгледзела калектыўны зварот аб правядзенні Дня беларускага пісьменства 2020 году ў Кобрыні.

Рашэнне аб месцы правядзення Дня беларускага пісьменства прымаецца нацыянальным аргкамітэтам па падрыхтоўцы свята, а гарады-кандыдатуры вызначаюцца абласнымі выканаўчымі камітэтамі, гаворыцца ў адказе Паўла Лёгкага.

З ягонай просьбы ад імя 537 падпісантаў быў накіраваны ліст да старшыні Брэсцкага аблвыканкаму Анатоля Ліса.

У адказе за подпісам намесніка старшыні Брэсцкага аблвыканкама Вадзіма Альшэўскага зазначаецца, што нацыянальны аргкамітэт вызначае чарговасць абласцей, якія прымаюць Дзень беларускага пісьменства. Так, у гэтым годзе свята будзе прымаць Брэсцкая вобласць (горад Іванава), у наступным — Гродзенская (горад Слонім), у 2020-м — Мінская.

Разам з тым Вадзім Альшэўскі паведаміў, што прапанова кабрынчанаў «можа быць разгледжана», калі Нацыянальны аргкамітэт даручыць Брэсцкай вобласці прымаць Дзень беларускага пісьменства і друку.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!