На афішы называюцца арганізатары свята ў Заслаўі. Мерапрыемства аплачваецца арганізацыямі па прасоўванні ідэалогіі, выгаднай суседняй дзяржаве: «Домам Масквы» і Россупрацоўніцтвам, у гэтай жа кагорце ідзе Дэпартамент міжнародных сувязяў Масквы. Сімвалічна, што нават на гэтай афішы ўласна Заслаўскі выканкам пазначаны ў самым канцы.
Як Заслаўе дайшло да такога жыцця, што праграма гарадскога свята вызначаецца расіянамі? Журналісты адрасавалі гэтае пытанне старшыні Заслаўскага гарвыканкама Святлане Карташовай.
Яна не здолела нічога сказаць па сутнасці, з прычыны «нарады» папрасіла патэлефанаваць пазней і паклала слухаўку. Больш на званкі Карташова не адказвала.
Святлана Карташова, фота млын.by
У прыёмнай жа патлумачылі, што ідэалагічную работу ў горадзе курыруюць у Мінскім райвыканкаме, а канкрэтна — начальнік аддзела ідэалогіі Сяргей Шаблыка.
У размове з «Нашай Нівай» Шаблыка паказаў поўную неабазнанасць у справах падначаленай тэрыторыі:
«Гэта рыхтуе выканкам сумесна з гарадскім Домам культуры. Гэта мерапрыемства раённага значэння, як я называю, звярніцеся ў горад», — парэкамендаваў ён па тэлефоне.
Адметна і іншае — мерапрыемства ў Заслаўі актыўна ўзяліся піярыць у інтэрнэце актывісты расійскай нацыяналістычнай арганізацыі «Румол», якая існуе ў Беларусі ў шчыльнай звязцы з «Россупрацоўніцтвам».
Кіруе «Румолам» неанацыст
Сяргей Лушч.
Мерапрыемства антысеміцкай паганскай секты «Схорон Еж Словен», праз якую прайшлі шэраг актывістаў «Румола» уключна з кіраўніком Сяргеем Лушчом
Спробамі прасунуць рэкламу гэтага «Дня горада» займаецца бліжэйшы паплечнік Лушча — Дзмітрый Перс.
Як паведамляюць «Нашай Ніве» крыніцы ў асяродку рэдактараў буйных суполак, учора гэты чалавек спрабаваў на біржы рэкламы «УКантакце» прасунуць анонс падзеі ў Заслаўі.
«Заслаўе — найвыбітны гісторыка-культурны цэнтр не толькі Белоруссіі, але і Расіі», — пісаў ён.
Але ніводная буйная мінская суполка рэкламу не ўзяла — гэта была пазіцыя рэдактараў.
Скрыншот з перапіскі рэдактараў буйных беларускіх паблікаў УКантакце
Рэклама з'явілася толькі ў
пабліку Заслаўя, дзе адразу ж выклікала неадназначную рэакцыю карыстальнікаў.
Скрыншот абмеркавання допіса ў суполцы «Тыповае Заслаўе»
Здавалася б, а пры чым тут «Румол»?
Як пазначана на сайце пасольства Расіі ў Беларусі, «Румол» яшчэ
летась засвяціўся як арганізатар нейкага мерапрыемства ў Заслаўі, але тады гэта прайшло незаўважна.
Відаць, сёлета гэтую адыёзную арганізацыю вырашылі публічна не рэкламаваць, але яе актывісты ўсё роўна абазначылі сябе ў спробах прасоўвання рэкламы.
«Гэта ўсё сумна, гэта падмена беларускай культуры і навязванне чужынскай, — мяркуе кіраўнік «Арт-сядзібы», арганізатар многіх культурніцкіх падзей
Павел Белавус. —
Праблема, што ад нашай беднасці той, хто дае грошы, замаўляе банкет. Чыноўнікі не думаюць пра ідэалагічныя аспекты і пра небяспечныя наступствы, якія гэта ўсё нясе. Як бы рабіў я? Мне вельмі падабаюцца такія фэсты як Viva Braslau, «Лід Бір», словам, падзеі, скіраваныя на папулярызацыю ўнутранага турызму. Заслаўе — гэта патэнцыял. Гэта брэнд горада з вялікім гістарычным бэкгаўндам. Якое казацтва? Яго там ніколі не было, ніякай сувязі між горадам і казацтвам няма. Трэба было б дадаць гістарычнасці, рыцарскай атмасферы, духу горада, які стаіць напачатку беларускай нацыі і свядомасці. «Тут пачыналася Беларусь», — такім пасланнем можна аб'яднаць Заслаўе і яшчэ шэраг нашых гарадоў. Я б развіваўся ў гэтым кірунку».Павел Белавус справа, у цэнтры прэм'ер-міністр Беларусі Сяргей Румас
«Хай запрашаюць Касю Камоцкую, Лявона Вольскага. Ім беларускіх гуртоў мала, трэба казакі? У нас ёсць каму выступаць, паверце, народу будзе ў тысячу разоў болей, чым гледачоў казацкай джыгітоўкі. Заслаўе трэба ператварыць у месца штогадовых рыцарскіх фэстаў, ніякіх казакаў нам не трэба», —
раіць былы кіраўнік Таварыства беларускай мовы Алег Трусаў.
Дарэчы, цягам падрыхтоўкі матэрыяла допіс з рэкламай мерапрыемства ў пабліку «Тыповае Заслаўе» знік — яго выдаліў адміністратар пасля скаргаў карыстальнікаў.
Арцём Гарбацэвіч, «Наша Ніва»
Абмеркаванне:
Тутэйшы.
Андрэй зь Віцебска
Галоўнае, каб мы, беларусы, разумелі гэта. Бо толькі ад нас залежыць, ці выжыве Беларусь як незалежная краіна і як нацыя. Улады ня зробяць нічога ў выпадку агрэсыі з боку Расеі. Усё будзе залежыць толькі ад нас!
фцф
Андрэй зь Віцебска