Дзень Ірыны Казулінай замест Дня абаронцаў айчыны

23 лютага спаўняецца 10 гадоў, як не стала Ірыны Казулінай. Ёй было толькі 48 гадоў, нагадвае "Радыё Свабода"

Інтэлігентная жанчына, якая магла б стаць першай лэдзі, якой ганарыліся б беларусы.

Мужная жанчына, якая адна з першых у Беларусі публічна заявіла пра сваю ракавую хваробу і дала прыклад змагання іншым.

Годная жанчына, якая з усмешкай прыходзіла ў студыю «Радыё Свабоды» на анлайн-канферэнцыю адразу ж пасля суду над Аляксандрам Казуліным. 

Усмешка Ірыны Казулінай

Верная жанчына, з якой у яе апошнія хвіліны, дні і месяцы не было мужа-палітвязня.

Разумная жанчына, якая лічыла нягодным адказваць на абражальныя закіды кіраўніка Беларусі наконт яе сям’і.

Каханая жанчына, якая дагэтуль у сэрцах яе родных.

Яна пайшла ад нас дзесяць гадоў таму, а боль, які застаўся, — гэта не толькі боль Аляксандра Казуліна, якога вызвалілі на тры дні, каб развітацца з жонкай. 

Гэта боль палітвязня Змітра Дашкевіча, якому далі толькі 30 хвілінаў, каб развітацца са сваёй маці Вольгай Дашкевіч у моргу. Ёй было толькі 54 гады.

Боль палітвязня Алеся Бяляцкага, які даведаўся пра смерць бацькі толькі ў дзень пахавання, і якога пад канвоем прывезлі развітацца.

Боль палітвязня Аляксандра Малчанава, якому адміністрацыя Жодзінскай калоніі не дазволіла развітацца з маці Галінай Малчанавай. Ёй было толькі 64 гады.

Боль і трывога, якія, перакананая, перапаўнялі за кратамі палітвязня экс-кандыдата на прэзідэнта Міколу Статкевіча за свайго бацьку, Віктара Статкевіча, як і Змітра Дашкевіча за ягонага бацьку, Вячаслава Дашкевіча.

 

Памятаю балючы крык маці палітвязня Фёдара Мірзаянава ў судзе, калі яе не пусцілі на абвяшчэнне прысуду сына. 

 Памятаю, як Ала Саннікава, ледзь стрымліваючы слёзы, чытала ліст свайго зняволенага сына Андрэя Саннікава з-за кратаў на прэзентацыі «свабодаўскай» кнігі «Адзін дзень палітвязня. 2009-2011». Усе такія сцэны не пералічыш, як немагчыма і вымераць боль усіх палітвязняў і іх блізкіх.

І ўсё ж мне чамусьці ўвесь час згадваецца той дзень 10 гадоў таму, калі я даведалася пра смерць Ірыны Казулінай. Гэта было 23 лютага, калі ў Беларусі частка грамадства святкуе так званы Дзень абаронцаў айчыны і ўзброеных сілаў Беларусі.

А чаму б не паспрабаваць пераламаць замшэлую савецкую традыцыю і абвесціць 23 лютага ў Беларусі Днём родных палітвязня ў гонар Ірыны Казулінай?

І ў гэты дзень падтрымаць усіх тых, чые родныя цяпер за кратамі.

 www.svaboda.org



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Грамадства: галоўнае

Больш цікавага на «Новым Часе»: