Дзень Незалежнасці Беларусі адзначылі ў Нью-Ёрку

У беларускім цэнтры пра саборы Св. Кірылы Тураўскага ў Нью-Ёрку 28 ліпеня прайшла імпрэза, прысвечаная 29-ым угодкам прыняцця Дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце Беларусі.
Імпрэза была загранізавана Нью-Ёркскім аддзелам Беларуска-Амерыканскага Задзіночання (БАЗА).

Адкрыла імпрэзу прывітальнай прамовай старшыня Галоўнай управы БАЗА Наталля Федарэнка.
Асноўны даклад па тэме зрабіў Зянон Пазьняк. Спадар Зянон распавёў пра міжнародныя і ўнутрырэспубліканскія падзеі таго часу; умовы, пры якіх распрацоўвалася Дэкларацыя; а таксама палітычныя крокі, якія былі прынытыя з боку Апазіцыі, каб падштурхнуць камуністычную большасць Вярхоўнага Савета прагаласаваць за Дэкларацыю аб суверэнітэце БССР.


Зянон Пазьняк падкрэсліў, што прынятая Дэкларацыя, хоць і была значна скарочаная ў параўнанні з тым варыянтам, які падрыхтавала Апазіцыя, тым не менш з’яўлялася вельмі прагрэсіўным дакументам, які выразна канстатаваў жаданне і гатоўнасць беларускага народа да незалежнага і самастойнага жыцця.

Імпрэза была завершана праглядам відэа і здымкаў са святкаванняў Дня Незалежнасці Беларусі тых гадоў, калі 27 ліпеня было афіцыйным нацыянальным і дзяржаўным святам.


Фотаздымкі Віктара Дударава

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!