Дзень Швецыі 2019: процьма мерапрыемстваў у Мінску

1 чэрвеня 2019 года ў Верхнім горадзе каля Ратушы пройдзе Дзень Швецыі, арганізаваны Амбасадай Швецыі супольна з Мінскім гарадскім выканаўчым камітэтам і пры ўдзеле інфапартала аб Швецыі ru.sweden.se.


Хэдлайнерам свята стане шведская музычная зорка, перможца “Еўрабачання 2012” Ларын (Loreen), якая выступіць у вечаровай праграме. Падарункам для гасцей Дня Швецыі будзе таксама канцэрт вядомага беларускага гурта J:Морс.

Сёлета ў дзённай праграме галоўнай сцэны Дня Швецыі будзе шмат музыкі. Інфапартал аб Швецыі ru.sweden.se ўпершыню прывязе ў Беларусь папулярнага выканаўцу рамантычных баладаў Енса Лекмана. Перад мінчанамі і гасцямі сталіцы выступіць шведскі хор “Svart på vitt” супольна з ансамблем салістаў “Вытокі”. Кавэр-бэнд Пятра Клюева выканае сусветна вядомыя хіты Roxette, Ace of Base, ABBA, Secret Service. На галоўнай сцэне вас таксама чакаюць цікавыя сустрэчы са шведскімі фуд-блогерамі, дэгустацыі, разнастайныя прэзентацыі, вясёлыя конкурсы і віктарыны. Кульмінацыяй стане абвяшчэнне пераможца інстаграм-конкурсу #Швецыяпобач, які атрымае сертыфікат на тур у Швецыю на дзве персоны ад турыстычнай кампаніі “Трэвел”.

Паколькі ў гэтым годзе наша свята пройдзе ў Міжнародны дзень абароны дзяцей, не толькі дзіцячая пляцоўка, але і ўся тэрыторыя свята запрацуе ў  інклюзіўным фармаце.

Пасольства Швецыі супольна з партнёрамі падрыхтавала сёлета для гасцей свята сапраўдныя навінкі. Упершыню будзе арганізаваная экалагічная зона, дзе вы даведаецеся, што такое эка-фіка, наведаеце майстар-клас па сартаванні смецця і нават убачыце прадстаўленне эка-тэатра. Акрамя таго, на пляцоўцы Дня Швецыі ўпершыню ў Мінску пройдуць Міжнародныя спаборніцтвы Клуба аператараў дарожна-будаўнічай тэхнікі Volvo. У Верхнім горадзе таксама будзе арганізаваны захапляльны квэст, а аматараў здаровага ладу жыцця будзе чакаць сапраўдны швітнес-фітнес, або фітнес на шведскай мове!
На свяце цягам дня будуць працаваць новыя пляцоўкі, а таксама тыя, што так палюбіліся гасцям у мінулыя гады.

На культурна-адукацыйнай пляцоўцы “Спазнай Швецыю” (арт-тэраса канцэртнай залы “Верхні горад”, 12.00 – 18.00) адбудзецца прэзентацыя навучальных праграм Шведскага Інстытута. Любы жадаючы зможа наведаць майстар-клас па традыцыях святкавання Сярэдзіны лета ў Швецыі з гульнямі і песнямі, а таксама размаляваць драўляныя фігуркі лася або даларнскага коніка. Можна будзе таксама патрапіць на ўрок шведскай мовы, паслухаць прэзентацыю пра тое, чаму шведская музыка такая вядомая ў свеце, паспытаць шчасця ў віктарыне “Пазнай мелодыю” і напрацягу ўсяго дня прыняць удзел у віктарыне “Спазнай Швецыю”. Галоўным пунктам праграмы стане публічная дыскусія “Бацькаў дзень-кожны дзень”, у якой прадстаўнікі “Клуба львоў” распавядуць пра ролю бацькі ў сям’і, раскажуць, як ствараліся беларускія тата-школы і падзеляцца сваім досведам працы з беларускімі бацькамі. Таксама да ўвагі наведнікаў будзе прадстаўлен праект шведскага фотамастака Юхана Бэўмана — фотавыстава “Шведскія таты”.
 
На дзіцячай пляцоўцы ІКЕА (уваход у задні дворык гатэля “Манастырскі” з вуліцы Герцэна, 12.30 – 20.00) маленькіх наведнікаў будзе чакаць сапраўдны шведскі Цырк-пырк. Стакгольмскія і беларускія бальнічныя клоуны пакажуць шоу мыльных бурбалак, падрэсіруюць жывёлаў, арганізуюць аркестр “Абычаго”, навучаць дарожнай бяспецы і зладзяць сапраўдны клоунскі парад. На пляцоўцы таксама адбудуцца тэатралізаваныя чытанні “Суперкнігі пра Біла з Болаю” Гунілы Бэргстрэм, спектакль “Дарожныя прыгоды Віты”, мюзікл “Пэтсан і Фіндус” і неверагодны канцэрт, арганізаваны Чалавекам Бумбурум-аркестрам. Кожны жадаючы зможа ўзяць удзел у шматлікіх музычных і малявальных майстар-класах. А для падлеткаў і дарослых арганізацыя “Домік інклюзіўны” правядзе майстар-клас “Адчуй сябе асаблівым”. А калі госці пляцоўкі стомяцца ад разнастайных актыўнасцяў, то змогуць адпачыць у спецыяльным рэлакс-кутку, сфатаграфавацца з персанажамі шведскіх казак, а таксама ператварыцца ў казачных герояў пры дапамозе аквагрыма ад кампаніі Oriflame.

У Экадворыку (унутраны дворык кавярнi «Ферзь», 12.30-18.30) будзе прадстаўлена праграма па экасяброўскім ладзе жыцця, канцэпцыі “нуль адкідаў” (zero waste) і ўстойлівым развіцці: выступы экспертаў Цэнтра экалагічных рашэнняў, эколага-краязнаўчага грамадскага аб'яднання «Неруш», таварыства «Зялёная сетка» і групы кампаній «Экалогія горада». Наведнікі таксама змогуць даведацца, што ж такое eco-fika. На працягу ўсяго дня кавярня «Ферзь» прапануе гасцям паспрабаваць Швецыю на смак: бар з ліманадамі і кактэйлямі, шведская кава “Löfbergs Lila”, хатнія міні-булачкі з карыцай, рыбныя сэты. Таксама запрацуе экамаркет, дзе кожны жадаючы зможа набыць фермерскую прадукцыю і выпечку. Для маленькіх гасцей будзе паказаны экалагічны спектакль ”Немусорная история” (выступы а 12.30 i 15.00), а затым героі спектакля дапамогуць дзеткам распісаць экаторбу, якую тыя забяруць з сабой, каб больш не браць пластыкавыя пакеты ў крамах. А дарослыя ў той самы час даведаюцца, як жа правільна сартаваць смецце ў Беларусі і які ў гэтым сэнс.

На аўтамабiльнай пляцоўцы, што размесціцца на паркінгу па Свабоды 4, 11.00-20.00, кампаніi Scania, Volvo Trucks і Volvo Car Мiнск прадэманструюць гасцям свята апошнія мадэлі грузавікоў і легкавых аўтамабіляў. А на суседнім паркінгу з агляднай пляцоўкай цягам цэлага дня будуць праходзіць спаборнiцтвы Клуба аператараў Volvo Construction Equipment, а іх пераможцы выйдуць у еўрапейскі фінал і ў далейшым будуць мець магчымасць пазмагацца за чэмпіёнскі тытул.

На індустрыяльнай пляцоўцы Husqvarna (з боку вуліцы Леніна, 12.00-20.00) кампанія прадэманструе працу навейшага робата-газонакасілкі, а таксама арганізуе фотазону з матацыкламi брэнда. На пляцоўцы таксама можна будзе зрабiць фота на iнстапрынтары, якi будзе працаваць з 12.00 да 18.00.

На паркiнгу каля бара “Чардак” (уваход з вуліцы Герцэна) ва ўласным гастранамічным тэатры флагмана шведскай бытавой тэхнікі Electrolux шэф-кухары з Беларусi i Расii цягам дня (12.00 – 21.30) будуць праводзiць майстар-класы па прыгатаванні ежы на абсталяванні кампаніі з дэгустацыяй.  
Зону прыгажосці створыць кампанія Oriflame (каля Ратушы насупраць сцэны, 12.00-18.00), якая пазнаёміць гасцей з новай касметычнай прадукцыяй і дасць магчымасць прымераць новы ”look” на сябе. Побач размесцiцца крэатыўная фотазона кампанii.

Запрашаем усіх аматараў актыўных гульняў на спартовую пляцоўку (перад рэстаранам “Рэнесанс”, 12.00 – 18.00) паўдзельнічаць у майстар-класе па флорболе, узяць удзел у адкрытым чэмпіянаце па настольным хакеі, футболе і тэнісе, а таксама пазаймацца надзвычай папулярнай сёння скандынаўскай хадой.
А вы ведаеце, як трапіць у Швецыю? Наведайце турыстычную пляцоўку ад кампаніі “Трэвел” (побач з Iнфапунктам, 12.00-18.00) і атрымайце інфармацыю пра туры ў Швецыю, а таксама зрабіце фота з гусаком Марцінам, на якім вандраваў Нільс па ўсёй Швецыі.

На Iнфапункце (каля галоўнай сцэны) можна будзе атрымаць карту мерапрыемства, а таксама праграмы пляцовак. З 14 да 17 гадзiн для самых актыўных i цiкаўных будзе праводзіцца квэст “Швецыя знаёмая і незнаёмая”. Не забудзьцеся зарэгістраваць сваю каманду! Побач размесціцца палатка шведскай IT-кампаніі DGTCH7, дзе можна будзе парашаць сапраўдныя IQ-задачкі і атрымаць прыз.

Уладальнікаў сабак абавязкова зацікавіць пляцоўка кампаніі Magnusson Petfood (каля рэстарана «У Ратушы», 12.00-18.00) – шведскi корм для сабак, выраблены па ўнікальнай тэхналогіі. Тут вы зможаце дазнацца, што больш пасуе вашым хатнім гадаванцам i якiя існуюць экалагiчныя матерыялы для прыборкі за iмi.
Паміж гарадскімі вагамі і фантанам “Спадчына” раскінецца ўлюбёная гульнявая пляцоўка фабрыкі цацак “Палессе”, дзе самыя маленькія знойдуць сабе занятак па душы.  
Пляцоўка віртуальнай рэальнасці раскінецца каля Ратушы збоку вуліцы Леніна, 12.00-20.00. Цягам дня пры дапамозе акуляраў віртуальнай рэальнасці можна будзе пазнаёміцца са Стакгольмам з вышыні птушынага палёту, прыняць удзел у віктарыне і атрымаць прыз.
Цягам свята на плошчы Свабоды будзе працаваць фудкорт са шведскімі традыцыйнымі стравамі. Зробім наша свята больш экалагічным, сартыруючы смецце і нават харчовыя адкіды ў спецыяльныя кантэйнеры ад групы кампаній “Экалогія горада”. А для зніжэння колькасці пластыку можна будзе атрымаць на фудкорце напоі ва ўласныя кубкі. Не забудзьцеся прынесцi свой! Той, хто возьме ўдзел у конкурсах на нашых пляцоўках, зможа выйграць кубачкі шведскага дызайну шматразовага выкарыстання.

Падчас Дня Швецыі для ўсіх зацікаўленых будзе арганізаваны конкурс “На Дзень Швецыі надзень Швецыю”. За галоўны прыз паспаборнічаюць госці свята, якія прыйдуць у шведскіх касцюмах або ў шведскіх колерах і выкладуць свае фота ў Facebook, Вконтакте і/або Instagram пад хэштэгам #надзеньШвецыю. Пераможцы конкурса будуць запрошаныя ў госці да Пасла Швецыі.

#ДзеньШвецыі2019
#ДзеньШвецыі
#SwedenDayMinsk2019

Паводле прэс-рэлізу

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!