Дзень Волі Беларусі адзначылі ў Львове

У цэнтры Львова, на плошчы Рынак, каля будынка гарадской рады 25 сакавіка адбылася традыцыйная супольная беларуска-ўкраінская акцыя «Дзень Волі Беларусі». 
 
Акцыя, ініцыяваная Рухам Салідарнасці «Разам» у 2013 годзе, стала штогадовай.

Распачаў мерапрыемства адзін з вядомых лідараў украінскіх нацыяналістаў горада Юрко Антаняк, які ад імя сваіх паплечнікаў выказаў словы салідарнасці беларускаму народу ў барацьбе за сапраўдную незалежнасць і абарону нацыянальнай саматоеснасці.

Каардынатар Руху Салідарнасці «Разам» ва Украіне і сябра Беларускага цэнтра «Сябры» Алег Аўчыннікаў у сваёй прамове яшчэ раз падкрэсліў, што абвяшчэнне незалежнасці БНР ёсць адной з найзначных падзеяў у найноўшай гісторыі Беларусі.

Цягам акцыі, да якой далучаліся не толькі прадстаўнікі беларускай дыяспары і гараджане, але таксама госці Львова, штораз гучалі поклічы «Жыве Беларусь!» і словы падтрымкі беларускаму народу.
Завершылася мерапрыемства канцэртам беларускага барда Змітра Захарэвіча, які падчас выступу выканаў свае патрыятычныя песні і вершы.

Паводле прэс-рэлізу


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!